Ад спартыўнай “зоркі” запальваюцца новыя “зоркі”

Як і ўсе хлопчыкі, Сяргей Астапук любіў спорт. Яму вельмі падабаліся ўрокі фізкультуры, якія вёў яго першы спартыўны настаўнік Уладзімір Дземянчук. Але школьных урокаў было хлопцу недастаткова і ён пачаў наведваць яшчэ і спартыўную школу. Менавіта тут яго спартыўныя здольнасці заўважыў трэнер Мікалай Сіпчук, які і прапанаваў Сяргею паехаць вучыцца ў Кобрынскі філіял вучылішча алімпійскага рэзерву. З лёгкаатлетычнага аддзялення гэтай установы і пачалася спартыўная біяграфія Сяргея Астапука. Праз год трэніровак, заняўшы першае месца ў спартакіядзе школьнікаў, юнак стаў чэмпіёнам рэспублікі ў спартыўнай хадзьбе. Затым былі чацвёртае месца на Кубку Еўропы, паспяховыя выступленні ў спаборніцтвах на Кубак свету, перамогі на спартыўных спаборніцтвах у Польшчы.
— Жыццё спартсмена прываблівае тым, што можна ўбачыць увесь свет, мець шмат сяброў і знаёмых. Выступаючы ў зборнай камандзе краіны, мне давялося пабываць у многіх краінах — праехаць амаль усю Расію, Украіну, пабываць у Польшчы, Германіі, Чэхіі.
Выступаючы ў скла­дзе зборнай, Сяргей паралельна вучыўся завочна на спартыўным факультэце ва ўніверсітэце, пасля заканчэння якога вырашыў вярнуцца дамоў, у Маларыту, і працаваць трэнерам у дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе. Свой вопыт спартыўнай хадзьбы настаўнік ужо шмат гадоў перадае сваім вучням. Прычым амаль кожны з яго юных спартсменаў, дзякуючы распрацаванай трэнерам праграме трэніровак, змог дабіцца сваіх немалых поспехаў. Так, Барыс Шаргар стаў чэмпіёнам рэспублікі сярод юнакоў, быў удзельнікам адборачных спаборніцтваў на Алімпійскія гульні ў Сінгапуры, з’яўляецца кандыдатам у майстры спорту, Сяргей Шаўчук і Мікалай Картавых — чэмпіёны рэспублікі, таксама кандыдаты ў майстры спорту, Аляксандр Каламіец – прызёр рэспубліканскіх спаборніцтваў, кандыдат у майстры спорту. Можна называць і многіх іншых юнакоў і дзяўчат, каму дапамог трэнер паверыць у сябе, загартаваць арганізм і дабівацца сваіх перамог.
— Мне вельмі прыемна, што вучні, якіх я трэніраваў, перасягнулі ўжо мае вынікі. Значыць, гады заняткаў не прайшлі дарэмна.
Сярод галоўных прынцыпаў трэнерскай дзейнасці Сяргея Астапука – не нагружаць вучня ўзмоцненымі трэніроўкамі, правільна размяркоўваць заняткі, паступова, не спяшаючыся, ісці да вынікаў.
Поспеху вучняў заўжды садзейнічала тое, што іх трэнер сам выконваў з імі спартыўныя практыкаванні. Сяргей і зараз актыўна зай­маецца спортам, наведвае трэнажорную залу, басейн, штодня праплывае не менш кіламетра. Ён – заўзяты прыхільнік здаровага ладу жыцця. Алкаголь і цыгарэты лічыць несумяшчальнымі са спортам. Затое без рухальнай актыўнасці сваё жыццё не ўяўляе. Яго спрытнасць і рашучасць, — якасці, якія з’яўляюцца неад’емнымі для любога спартсмена,дапамаглі мінулым летам выратаваць жыццё дзіцяці, якое ледзь не стала ахвярай вады.
У кожным з дзяцей, лічыць Сяргей Астапук, можна развіць спартыўныя здольнасці. Было б толькі жаданне займацца спортам. Сярод цяперашніх вучняў Сяргея ёсць новая спартыўная “зорачка”. Гэта Іван Лук’янчук, які прыязджае на заняткі да таленавітага трэнера з вёскі Гвозніца. Але яго першыя спартыўныя дасягненні – зусім іншая гісторыя ў адным з новых выпускаў “Шкатулкі талентаў”.
НА ЗДЫМКУ: Сяргей Астапук.

Добавить комментарий


косметический ремонт

oncesearch.com/search/Hentai/14
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!