“Шукайце мяне у маіх творах”

Калі сказаць, што Валянціна Струнец любіць вышываць, то ўсё роўна, што нічога не сказаць. Яна і сумуе, калі за дзень у рукі не атрымліваецца ўзяць іголку з ніткай.
…Валянціна Міка­лаеўна развесіла свае работы. Склалася ўражанне, што я апы­нуўся на незвычайнай персанальнай выставе. Убачанае адразу падкупіла самабытнасцю, непаўторнасцю. Вакол панавала атмасфера хараства, каларыту, дасканаласці, гармоніі, сапраўднай прыгажосці. Нават засумняваўся, што гэта ўсё – вынік працы рук маёй субяседніцы. Каб развеяць сумненні, жанчына і запрасіла мяне ў сваю творчую лабараторыю і прыадкрыла некаторыя сакрэты майстэрства.
За гэтыя 10 гадоў, што Валянціна Струнец працуе ў раённым Цэнтры народнай творчасці, яе намаганнямі створана больш чым 50 ручнікоў з маларыцкімі ўзорамі. Менавіта створана, бо ўсе ўзоры на ручнікі яна пераносіць з даўніх жаночых сарочак, фартухоў, платаў, спадніц… Калі глядзеў на работы, узнікла думка, што няма межаў магчымасцям гэтага чалавека, яе энтузіязму, энергіі, фантазіі.
— Папулярнасць руч­ніка нязменная, — расказвае Валянціна Мікалаеўна. –Ткуць і расшываюць ручнік і сёння, удасканальваючы прыгажосць, над якой працавала не адно папярэдняе пакаленне. Каб ручнік меў выгляд ручніка, патрэбна перадаць рытм чаргавання шырокіх і вузкіх палос, характары іх суадносін з масай белага фону, неабходна, каб было гарманічнае спалучэнне чырвонага, чорнага і белага колераў. Яшчэ трэба скампанаваць узор так, каб захаваць арнамент і традыцыйнасць маларыцкага рэгіёна.
Больш таго, майстру трэба ўкласці ў працу частачку сваёй душы і сэрца. Ручнікі ў Валянціны Струнец атрымліваюцца вельмі прыгожымі, яскравымі і заўсёды ствараюць уражанне кампазіцыйнай завершанасці, дзякуючы яе ідэйнай задумцы, мастацкаму густу і эмацыянальнаму складу натуры. Ручнікі на дзіва прыгожыя яшчэ і таму, што майстрыха прытрымліваецца існуючага канону, у рамках якога і праводзіць свае далейшыя творчыя пошукі.
Валянціна Мікалаеўна родам з в.Гарадзец Оўруцкага раёна Жы­томірскай вобласці Украіны.
— Наша вёска была адной з тых, дзе, заходзячы ў любую хату, адразу быццам бы трапляў ў міні-галерэю. Куды ні глянеш – усюды самабытная прыгажосць. Кветкі, кветкі… Прычым вышытыя сваімі рукамі. Сурвэткі, посцілкі, прасціны, абрусы, падушкі і нават цэлыя дываны. Расплюшчваеш раніцай пасля сну вочы, а вакол – рамонкі, званочкі, лугавыя васількі. Асабліва мне падабаліся дробненькія ярка-ліловыя гваздзікі, што, як іскрыначкі, былі параскіданы ў аксамітнай траве. Свой першы гваздзік я вышыла на кухонным ручніку. А трошкі пазней маці даверыла і больш складаныя ўзоры.
Пасля заканчэння школы Валянціна Струнец вучылася ў Чарнігаве, Углічы, а затым пераехала на Маларытчыну. Былі і гады, калі вышыўка адышла на другі план. І толькі калі нарадзілася дачка, Валянціна ўспомніла пра сваё захапленне маладосці. Усю яе вопратку ўпрыгожыла кветкамі і казачнымі героямі. Аднак па-сапраўднаму талент вышывальшчыцы раскрыўся тады, калі стала працаваць у аддзеле культуры.
— Калі я ўпершыню ўбачыла касцюм Маларыцкага строю, — успамінае Валянціна Мікалаеўна, — то мяне ўразіла хараство і багацце вышытых узораў. Гледзячы на арнамент і ўзор, адчувала гонар за тых, хто змог не толькі ўбачыць, але і перадаць усе нюансы маларыцкага каларыту праз вышыўку. Менавіта гэта мяне натхніла на тое, што Маларыцкі строй адзення я стала грунтоўна і дэталёва вывучаць. А пасля стала пераносіць даўнія маларыцкія ўзоры на тканіну, надаўшы ім пэўныя сюжэтныя формы і завершанасць.
Валянціна Струнец “з адзнакай” закончыла Гродзенскае вучылішча мастацтваў, атрымаўшы спецыяльнасць “Рэжысёр масавых мерапрыемстваў”. Сёння яна – дырэктар раённага Цэнтра народнай творчасці. Па словах калег, Валянціна Мікалаеўна, калі нечым зацікавіцца, то не пакіне задуманага да таго часу, пакуль не дасягне свайго. Можа нават усю ноч над гэтым прасядзець.
— Наогул, многа часу ў мяне прысвечана роздуму, асэнсаванню нейкіх ідэй, карпатлівай працы над складаннем новага ўзору. Аснова гэтага – пошук гармоніі, патрэбнай кампазіцыі, арнаментальнага рытму, колеру і матэрыялу. Неабходна ўсё да драбніц прадумаць, узважыць, з мноства варыянтаў выбраць адзіны, правільны. У такія моманты я ўся ў рабоце, шукаць трэба мяне ў маіх творах, дзе я адпачываю душой, знаходжу радасць і заспакаенне ад жыццёвай мітусні. Здаецца, толькі вышывала б і вышывала.
У раённым клубе майстроў народнай творчасці “Скарб тален­таў”, які створаны і працуе на базе МРЦНТ, без Валянціны Струнец не абыходзіцца ніводнае мерапрыемства, пасяджэнне ці выстава. Сустрэчы з майстрам заўсёды рады прыхільнікі яе творчасці. Захапляліся работамі В.М.Струнец мінчане і госці сталіцы на “Траецкім кірмашы”, рэспубліканскім фестывалі рэгіянальнага фальклору “Палескі карагод” у Пінску, Тыдні міжнародных зносін у г.Эрфурт (Германія), Днях культуры Беларусі ў Славакіі. Заварожвалі наведвальнікаў сваёй дасканаласцю і вытанчанасцю ручнікі і сурвэткі Валянціны Мікалаеўны на абласных фестывалях-кірмашах “Дажынкі” ў Жабінцы, Маларыце і Бярозе, на Рэспубліканскім фестывалі-кірмашы “Дажынкі” ў Кобрыне, на рэспубліканскім свяце беларускага пісьменства ў г. Ганцавічы.
— Свае вырабы я люблю дарыць знаёмым і тым, хто таксама захапляецца творчасцю – сябрам, суседзям, — прызнаецца Валянціна Мікалаеўна. – Прыемна бачыць, як у чалавека загараюцца вочы, уздымаецца настрой.
Пасля сустрэчы з Валянцінай Струнец у яе творчай лабараторыі я, здаецца, здолеў разгадаць яе сакрэт. Ён, перакананы, заключаецца ў тым, што неабходна знайсці ў сабе нейкі талент і паспрабаваць яго раскрыць. І тады будзе ўсё: здароўе, любоў, сябры… Гэта якраз тое, чым кіруецца ў жыцці Валянціна Мікалаеўна.
* * *
Сёння Валянціна Струнец разам з народнай майстрыхай Сцепанідай Сцепанюк з в. Дарапеевічы не ся­дзяць склаўшы рукі. Жанчыны выконваюць заказ, які яны атрымалі ад заслужанага аматарскага калектыву “Радасць” (Брэсцкі гарадскі ДК). Ансамблю, які рыхтуецца да свайго 50-годдзя, патрэбны былі сцэнічныя касцюмы для пастаноўкі новых нумароў. Дапамагчы “Радасці” згадзіліся Валянціна Мікалаеўна і Сцепаніда Аляксееўна. Да 15 красавіка жанчынам неабходна выткаць 9 спадніц і 9 фартушкоў з узорам, які належыць Маларыцкаму строю адзення. Тры спадніцы і тры фартушкі ўжо радуюць вока.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Валянціна Струнец, дырэктар раённага Цэнтра народнай творчасці.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.