Cцежкай, пратаптанай удваіх

Прозвішча Якубчык добра вядома многім у Маларыце. Пётр Іванавіч і Соф’я Лаўрэнцьеўна не адзін год працавалі намеснікамі дырэктара СШ №1. Старэйшы іх сын, Ігар, таксама пайшоў па слядах бацькоў і выкладае фізіку ў гэтай жа ўстанове адукацыі, меншы, Алег, цяпер узначальвае калектыў ЦБП №120 ААТ “ААБ Беларусбанк”.
Якубчыкі не з тутэйшых. Аднак маларыцкая зямля для іх стала другім родным домам.
— Здаецца, што мы тут жывем з самага маленства, — прызнаецца Соф’я Лаўрэнцьеўна. – Таму што на Маларытчыне цудоўныя людзі, спагадлівыя, чулыя, шчырыя, з адкрытаю душой і добрым сэрцам. Ды і краявіды маляўнічыя і непаўторныя. Для ўсёй нашай сям’і Маларыта стала тым месцам, дзе мы трывала сталі на ногі. Дзякуй Богу, што мы апынуліся тут.
Якубчыкі ніколі і не думалі, што калісьці прыедуць у Маларыту, пакінуць наседжаныя і добра абжытыя мясціны. Усё ж там было, у Столінскім раёне, усё атрымлівалася ў Пятра Іванавіча і Соф’і Лаўрэнцьеўны. Любімая праца, уласная кватэра, павага калег і вяскоўцаў… Аднак часта жыццё непрадказальнае і зусім нечакана ўносіць свае карэктывы ў планы людзей. Так атрымалася і з Якубчыкамі.
Соф’я родам з в.Харомск Столінскага раёна. Яна выдатна закончыла гістарычны факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя М.Горкага. Дзяўчыну накіравалі на працу па месцы жыхарства. Аднак так атрымалася, што яна стала працаваць інструктарам райкама камсамола. Спачатку праца быццам бы і падабалася. Але потым трэба было ездзіць у камандзіроўкі па раёне. Транспарт хадзіў дрэнна. Згодна са службовымі абавязкамі, неабходна было прысутнічаць на сходах у аддаленых вёсках, якія найчасцей праводзіліся вечарам. Таму часта заставалася нанач там, дзе праводзіліся камсамольскія мерапрыемствы. Бывала, што вечарам забіраць Соню прыязджаў на матацыкле брат ці сусед. На гэтай пасадзе пратрымалася год.
— А далей ужо я не магла трываць, — прызнаецца Соф’я Лаўрэнцьеўна, — таму папрасілася на працу ў школу. Мяне накіравалі ва ўстанову адукацыі, якая знаходзілася за 70 кіламетраў ад райцэнтра. Дарогі да аддаленай вёскі тады нармальнай не было, транспарт, здаецца, зусім не хадзіў. У цёплую пару можна было дабрацца толькі на цеплаходзе з Пінска. У вёсцы не было нават электрычнасці.
Вёску Гальцы, каб там працаваць, Сонечка выбрала сама. Там дырэктарам школы працавала Галіна, старэйшая сястра, а яе муж быў там старшынёй калгаса.
У сярэдзіне жніўня на першае месца працы ў вёску накіраваўся і Пётр, які быў родам з в.Малоткавічы Пінскага раёна.
— У Гальцы я, малады настаўнік матэматыкі, прыплыў вечарам на цеплаходзе, — успамінае Пётр Іванавіч. – Вёска знаходзілася непадалёк ад прыстані. Аднак тым, хто тут быў упершыню, з’арыентавацца было цяжка. Ужо змяркалася. Куды ісці, не ведаў. Мясціны ж былі незнаёмыя. Непадалёк убачыў стог сена. Разважыўшы, вырашыў пераначаваць у ім. А ранкам распытаў, як прайсці да школы.
Пётр і Соня ўпершыню пазнаёміліся на педагагічным савеце перад пачаткам навучальнага года.
— Нас, маладых спецыялістаў, прадставіла дырэктар, — кажа Соф’я Лаўрэнцьеўна. –Так мы і даведаліся адзін пра аднаго. Сустракаліся кожны дзень. У сэрцы стала зараджацца першае пачуццё кахання. Але пакуль яно было нейкае палахлівае, нясмелае. У мяне быў выбар, бо, акрамя Пятра, у школе з’явіліся адразу яшчэ 3 маладыя хлопцы-настаўнікі. Мой выбар паў на Пятра. Ён выдзяляўся сярод іншых. Падкупіў уменнем расказваць незвычайныя гісторыі і зайздросным пачуццём гумару. Памятнай стала дата 2 кастрычніка.
У той дзень у школе праходзіў вечар, прымеркаваны да ІІІ з’езда камсамола. Пасля яго заканчэння настаўнікі абавязаны былі праводзіць дзяцей да тых вёсак, дзе яны жылі. На гэты раз чарга была Соні. Яе напарнікам стаў Пятро. На зваротным шляху разгаварыліся, пазнаёміліся бліжэй. Хлопец упершыню дзяўчыну правёў дадому. Той вечар і стаў іскрынкай, з якой паступова разгарэўся касцёр вялікага кахання. Вялікага і сапраўднага.
-Мы ўжо ўсюды пасля гэтага былі разам, — гаворыць Пётр Іванавіч. – Соф’я і я былі актыўнымі ўдзельнікамі мастацкай самадзейнасці. Частыя выступленні ў калгасах раёна нас яшчэ лепш збліжалі. Калі зразумелі, што па жыцці ўжо не зможам ісці адзін без аднаго, зарэгістравалі шлюб. Гэта было 2 мая 1966 года. 9 мая згулялі вяселле ў Харомску, а 21 мая – у Малоткавічах.
Маладыя засталіся ў в. Гальцы. Праз год нарадзіўся старэйшы сын Ігар, затым, праз 5 гадоў, – Алег. Якубчыкі атрымалі сваю 3-пакаёвую кватэру. Для сапраўднага шчасця было, здаецца, усё. А самае галоўнае – сапраўднае і шчырае каханне паміж Соф’яй і Пятром. Многія зайздросцілі ім у вёсцы. Да шчасця ў сваім каханні ішлі шляхам, які пратоптвалі разам, заўсёды рука ў руцэ. Асцярожна, але ўпэўнена. На чужых памылках не вучыліся, сваіх імкнуліся не дапускаць. Цяжка гэта, але магчыма.
Жыццё ішло сваім парадкам. У ім заўжды, пастаянна нешта адбываецца. Закранулі перамены сваім крылом і яе сястру Галіну. Разам з мужам яе пераводзяць на новае месца працы ў Маларыту. У сакавіку 1976г. яна прызначаецца на пасаду загадчыка аддзела адукацыі. Галіна Лаўрэнцьеўна, у рэшце рэшт, і пераманіла сястру ў Маларыту. Праз 7 гадоў сям’я Якубчыкаў усё ж такі адважылася на пераезд.
— Гальцы нам было цяжка пакідаць, — расказвае Соф’я Лаўрэнцьеўна. – Там мы глыбока пусцілі карані. Жыхары вёскі былі як свае, родныя. Я была дэпутатам сельсавета, але мне хацелася быць бліжэй да сястры.
Дзеці ў школе вельмі любілі Соф’ю Лаўрэнцьеўну. Яна заўсёды была побач з імі. Натура чуйная, яна з павагаю і сімпатыяй адносілася да ўсіх, каго вучыла. Соф’я Лаўрэнцьеўна для школьнікаў стала сваім, блізкім чалавекам. Яны са сваёй настаўніцай часта дзяліліся самым патаемным. Яна ўмела выслухаць, умела зразумець і даць карысныя і такія неабходныя парады. Другой роднай маці Соф’я Лаўрэнцьеўна стала для вучняў 8 класа, дзе была класным кіраўніком. Дзеці, прыйшоўшы на заняткі 1 верасня і не ўбачыўшы свайго настаўніка, увесь дзень праплакалі. У гэты дзень заняткі для іх так і не пачаліся.
-Плакала і я, дарэчы, не адзін дзень, — успамінае Соф’я Лаўрэнцьеўна. – Не магла нават уявіць, што больш не прыйду на ўрок да сваіх вучняў. 28 жніўня 1983 года – дзень нашага ад’езду з вёскі.
Колькі гадоў праляцела з таго моманту, а вучні не забылі сваю любімую настаўніцу. Яшчэ і цяпер дасылаюць паштоўкі, тэлефануюць.
-А колькі маіх былых вучняў запрашала на сваё вяселле,- усміхаецца мая субяседніца, — не злічыць. На многія з мужам ездзілі. Не маглі мы не паехаць. Для нас гэта заўсёды было радасцю і шчасцем, той крыніцай, што жывіла нас.
На новым месцы Пётр Іванавіч стаў працаваць парторгам у саўгасе “Маларыцкі”, а Соф’я Лаўрэнцьеўна – у СШ №1. Спачатку – намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце, а праз год – намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай. На гэтай пасадзе яна шчыравала да 2001 года. А пасля яшчэ 5 гадоў – у раённым вучэбна-метадычным кабінеце, дзе дзялілася сваім багатым вопытам з настаўнікамі Маларытчыны. Пётр Іванавіч з 1991 года таксама на пастаяннае месца працы перайшоў у СШ №1. Да 2009 года ён выкладаў матэматыку і быў адначасова намеснікам дырэктара па пачатковых класах.
— Любы перыяд нашага сумеснага жыцця – шчаслівыя імгненні, — сцвярджае Пётр Іванавіч.
* * *
Сёння Соф’я Лаўрэнцьеўна таксама не сядзіць без справы. Яна ўзначальвае пярвічную раённую арганізацыю педагогаў-ветэранаў, з’яўляецца намеснікам старшыні прэзідыума абласнога савета педагогаў-ветэранаў. Менавіта дзякуючы ёй, штогод у раёне праводзяцца сустрэчы настаўнікаў-пенсіянераў за святочным сталом, ла­дзяцца паездкі, экскурсіі па розных мясцінах Беларусі. Соф’я Лаўрэнцьеўна таксама выступіла ініцыятарам стварэння раённага летапісу ”Старонкі нашага жыцця”, дзе вядзецца ўлік таго, як жывуць настаўнікі, якія ўжо на заслужаным адпачынку, што яны робяць карыснага для пакалення, якое падрастае.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Пётр Іва­навіч і Соф’я Лаўрэнцьеўна Якубчыкі ідуць па жыцці шляхам, пратаптаным разам.
Фота аўтара.

Добавить комментарий


создать интернет магазин киев

best-cooler.reviews

多少钱代孕
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!