Наша здароўе — у іх руках

Як тэатр пачынаецца з вешалкі, так і ўстанова аховы здароўя, напэўна, пачынаецца з клініка-дыягнастычнай лабараторыі. У будынку Маларыцкай цэнтральнай раённай бальніцы яна займае на 4 паверсе левае крыло. Пасля праведзенага рамонту змяніўся не толькі яе ўнутраны выгляд, значна палепшылася і матэрыяльная база.
— Купленае абсталяванне пашырыла і магчымасці ў правядзенні аналізаў, — гаворыць Іна Холад, загадчыца лабараторыі, якая на гэтай паса­дзе працуе сёмы год. – Клінічныя лабараторныя даследаванні – гэта комплекс метадаў, які выкарыстоўваецца для атрымання аб’ектыўных дадзеных пра стан функцыянальных сістэм арганізма чалавека. Та­кія дадзеныя неабходны ўрачу для ацэнкі фізіялагічных працэсаў, якія адбываюцца ў розных органах і сістэмах і выяўленні паталагічных змяненняў у іх. 100%-ная дакладнасць вынікаў даследавання – неабходная ўмова для правільнай пастаноўкі дыягназу. Раней пераважна была ручная праца, цяпер яна зведзена да мінімуму. На дапамогу прыйшоў навукова-тэхнічны прагрэс. Усе працэсы цалкам аўтаматызаваны і камп’ютарызаваны. Надзейнымі памочнікамі сталі, напрыклад, новы аўтаматычны біяхіміч­ны аналізатар (BS-300), аўтаматычны гемата­лагічны аналізатар (МЕК-6410К), іонаселекцыйны аналізатар электралітаў, аналізатар газаў кры­ві і электралітаў, імуна­храматаграфічны экс­прэс-аналізатар (рыдар), ёсць спектрафотаметры, 4-канальны гемакаагуламетр… У 2012 годзе плануецца пачаць даследаванні PSA для дыягностыкі рака прастаты, ферыцыну для дыферэнцыяльнай дыягностыкі анемій. Як бачым, лабараторыя абсталявана сучаснымі апаратамі, якія даюць магчымасць выконваць многа даследаванняў, а гэта пашырыла і магчымасці ў правядзенні аналізаў. На сённяшні дзень КДЛ аказвае дыягнастычную дапамогу ўрачам і пацыентам, абслугоўвае стацыянар на 161 ложак і паліклініку. Мы праводзім розныя даследаванні па наступных групах: агульна­клінічныя, гематала­гічныя, біяхімічныя і імуналагічныя. Якасць і высокая дакладнасць вынікаў дасле­даванняў гарантуецца выкарыстаннем адпаведных рэагентаў, шматузроўневага кант­ролю якасці і пра­­фесіяналізмам супра­цоўнікаў.
У лабараторыі сёння працуе 13 чалавек. Усе ўрачы і лабаранты маюць адпаведныя атэстацыйныя катэгорыі. З іх – 3 урачы І кваліфікацыйную катэгорыю (адзін – сумяшчальнік), тры фельчары-лабаранты маюць ІІ катэгорыю, тры – І катэгорыю, адзін чалавек, Ірына Котчанка, — вышэйшую.
Між іншым, усяго ў клініка-дыягнастычнай службе раёна працуе 19 чалавек. Біялагічны матэрыял на аналіз можна здаць сёння ў 6 установах аховы здароўя раёна. Гэта — участковыя бальніцы ў вёсках Олтуш і Велікарыта, амбулаторыі агульнай практыкі ў вёсках Ланская, Лукава, Ляхаўцы і Хаціслаў.
— У пералічаных установах ёсць абсталя­ванне, неабходнае для правядзення мінімаль­нага стандарту па агуль­наклінічных, гема­талагічных і біяла­гіч­ных даследаваннях, — падкрэслівае Іна Сцяпа­наўна. – Аднак праблема ў іншым. У нас адчуваецца недахоп кадраў. На вёсцы працуюць 6 чалавек, але трое з іх — сумяшчальнікі. Толькі ва ўстановах аховы здароўя вёсак Олтуш, Велікарыта і Ланская цалкам укамплектаваны штат работнікаў.
Аб’ём працы ў клініка-дыягнастычнай лабараторыі сапраўды вялікі. За дзень сюды дастаўляецца шмат біялагічнага матэрыялу: у сярэднім 200 проб крыві з вены, да 140 проб мачы, праводзіцца да 150 забораў капілярнай крыві. Трошкі менш “робяць аналізы” іншага біялагічнага матэрыялу. Не так даўно сталі праводзіць электралітны абмен: калій, натрый, хлары­д-іон, кальцый іанізаваны і агульны, магній. Таксама з’явіліся новыя тэсты дыягностыкі інфаркту міякарда: міяглабін, трапанін. Сталі вызначаць мікра­альбумінурыю, утрыманне D-дымераў, для цяжкіх рэанімацыйных пацыентаў даследуюць кіслотна-асноўны стан.
— У 2011 годзе ў нас ўведзены платныя паслугі для замежных грамадзян і на праф­агляды, — гаворыць Іна Холад. – Мы плануем павялічыць іх. Цяпер эканамісты разлічваюць плату за новыя віды даследаванняў. Аднак усё, што назначыць урач, будзе праводзіц­ца бясплатна. Без накіравання ўрача можна будзе абследавацца па жаданні, здаўшы біялагічныя матэрыялы, але на платнай аснове.
Без зладжанай работы калектыву вялікі аб’ём працы своечасова і якасна выканаць цяжка. Лабаранты прыём пачынаюць у 7.45. Кожны адказвае за свой участак, імкнецца зрабіць неабходны аб’ём работы і дапамагчы калезе. Акрамя таго, дзяжурнага лабаранта выклікаюць і ноччу да пацыентаў.
Калектыў клініка-дыягнастычнай лабара­торыі Маларыцкай цэнтральнай раённай бальніцы высокапрафе­сійны і кваліфі­каваны. Тут працуюць людзі адказныя, улюбёныя ў сваю справу. Усе заслугоўваюць шчырай падзякі. Заўжды добрым словам успамінаюць і тых, хто ў лабараторыі прапрацаваў не адзін дзясятак гадоў і ўжо на заслужаным адпачынку. Гэта – Любоў Максімаўна Наўрасюк, Ганна Аляксееўна Касцючык, Вольга Мар­каўна Дацык, Марына Арцёмаўна Сымонік і інш.
Маладому і адданаму сваёй справе калектыву многае па плячы. У Іны Холад многа задумак і планаў для паляпшэння якасці працы, яе эфектыўнасці. Бо менавіта ад намаганняў усіх членаў калектыву лабараторыі залежыць у многім і стан здароўя кожнага з нас.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымках: Людміла Максімук, фельчар-лабарант, за працай; Вольга Карпі, урач лабараторнай дыягностыкі, і Марына Ківачук, фельчар-лабарант, рыхтуюць аўтаматычны біяхімічны аналізатар да работы.
Фота аўтара.

Добавить комментарий


https://karter-kiev.net

http://best-cooler.reviews

https://best-cooler.reviews/category/ozark-trail/
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!