Падарункі для бяспекі і добрага настрою

З сацыяльных ролікаў па тэлевізары, ад бацькоў і прадстаўнікоў праваахоўных органаў дзеці амаль кожны дзень чуюць аб правілах бяспечнага руху на дарогах. Аб тым, што дарогу трэба пераходзіць толькі па “зебры”, добра ведаюць нават выхаванцы дзіцячых садкоў. Але згодна са статыстыкай кожны дзень у рэспубліцы шмат людзей трапляе ў дарожна-транспартныя аварыі. Таму пра мэта­згоднасць акцый, якія папярэджваюць здарэнні на дарогах, тлумачыць, напэўна, не трэба.
У рамках тыдня прававых ведаў у раённай гімназіі прайшла акцыя “Стань прыкметней”, якая стала маленькім святам для дзяцей. Школьнікі малодшых класаў атрымалі ў падарункі флікеры, паветраныя шары і флажкі. Вясёлым гуртам падбягалі хлопчыкі і дзяўчынкі да прадстаўнікоў аддзялення ААТ “Белаграпрамбанк”, якое стала спонсарам акцыі і закупіла для дзяцей больш за 150 флікераў. Разам з калектывам “Белаграпрамбанка” аб бяспецы вучняў паклапаціліся прадстаўнікі аддзела адукацыі райвыканкама, камісіі і інспекцыі па справах непаўналетніх, супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі.
— Перш за ўсё, мы хочам зрабіць жыццё дзяцей больш бяспечным, — адзначыў Генадзь Карпузовіч, прадстаўнік аддзялення ААТ “Белаграпрамбанк”. — Разам з тым, хацелася падарыць дзецям святочны настрой. У гэтым дапамаглі шарыкі і флажкі.
Вучні старэйшых классаў (з 7 па 11) таксама не засталіся без увагі. Праўда, іх чакала больш сур’ёзная праграма пад назвай “Ведаць правы – значыць мець рацыю” . Госці напомнілі вучням пра іх правы і абавязкі, а таксама распавялі пра адказнасць за распіццё алкагольных напояў, брыдкаслоўе, адміністрацыйныя парушэнні. І хоць, як заўважыла інспектар па справах непаўналетніх Надзея Півень, гімназісты — рэдкія госці яе кабінета, але ж “папярэджаны — значыць узброены”.
Актуальная праблема — школьнікі ў вячэрні час у культурна-забаўляльных установах. Згодна з заканадаўствам, пасля 22 гадзін дзеці могуць выходзіць на вуліцу толькі разам з бацькамі ці тымі людзьмі, хто іх замяняе.
— Адказнасць за тое, што пасля дазволенага часу падлеткі знаходзяцца на дыскатэках, у барах, нясе тая ўстанова, у якой яны знаходзяцца. Штраф ужо цяпер складае ад 350 тысяч рублёў. У красавіку ён павялічыцца ў 3 разы, — падзялілася з вучнямі інфармацыяй намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Іна Панасюк.
Цэлы тыдзень у раённай гімназіі праходзілі гульні, віктарыны, экскурсіі і класныя гадзіны. Мэта іх — узбагаціць прававыя веды вучняў. Падвёў вынік тыдня прававы красворд, які старшакласнікі разгадвалі разам.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: у час акцыі.
Фота аўтара.

Добавить комментарий


www.artma.net.ua

cialis-viagra.com.ua

https://bestseller-sales.com/best-sellers-books/vampire-romances/
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!