АДДАЧА ПАВІННА БЫЦЬ БОЛЬШАЙ

У Маларыце прайшло пасяджэнне гаспадарчага актыву раёна з удзелам старшыні аблвыканкама Канстанціна Сумара
У час работы сходу былі дэталёва прааналізаваны вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Маларытчыны за мінулы год і намечаны задачы ў народнагаспадарчым комплексе, сацыяльнай сферы на 2012 год.
Летась, як адзначыў, выступаючы з дакладам, старшыня райвыканкама Казімір Лапіч, удалося прымножыць вытворчы патэнцыял. Рост прамысловай прадукцыі склаў 66%. Найбольшы ўклад у гэта ўнесла ААТ “Маларыцкі кансервавагародніна­сушыль­ны камбінат”. Летась пачаў выпускаць першую прадукцыю і “КварцМелПрам”, удзель­ная вага ў агульным аб’ёме прамысловай вытворчасці склала ўжо 17%, таму на гэтае прадпрыемства ўскладваюцца вялікія надзеі сёлета. Аднак другая важная галіна – сельская гаспадарка – спрацавала не з поўнай аддачай. Хаця ў цэлым вынікі ёсць нядрэнныя, напрыклад, удалося перасягнуць 5-тысячны рубеж па надою малака ад каровы, у сярэднім на 1 работніка атрымана прадукцыі на 52 мільёны рублёў, гэтыя і іншыя паказчыкі вельмі розныя, калі браць сельгаспрадпрыемствы паасобку. Сёння толькі за кошт некалькіх іх – СВК “Дарапеевічы”, сельскагаспадарчага вытворчага філіяла “Савушкіна” і некаторых іншых — закрываюцца сярэднераённыя паказчыкі. Астат­нія не выконваюць прагноз­ныя паказчыкі. Крытыцы на схо­дзе былі падвергнуты кіраў­нікі СВК “Макраны”, “Ля­хаўцы”, дзяржпрадпрыемства “Ра­дзежскае”, дзе значна зні­жана летась вытворчасць малака.
У сваім дакладзе Казімір Лапіч таксама гаварыў пра ўпушчэнні ў вытворчасці такой культуры, як бульба.
— Праведзена вялікая работа для вырошчвання гэтай культуры на значна большы вынік – дзяржава падставіла плячо. Аднак дапушчаны букет парушэнняў у тэхналогіі вырошчвання. Ураджайнасць склала 117 ц/га, значна ніжэй, чым сярэднеабласны паказчык. Сёлета такіх упушчэнняў мы не дапусцім. 8600 тон бульбы павінны вырасціць на 400 гектарах – з восені падабраны плошчы, на якіх праведзены падрыхтоўчыя работы.
Гаворачы пра прагнозы, кіраўнік раёна адзначыў, што паказчыкі намечаны напружаныя, але рэальныя. Раёну трэба будзе падвоіць вытворчасць зерня і давесці да 52 тон пры ўраджайнасці яго ў амбарнай вазе 32 цэнтнеры з гектара. Дасягнуць гэтага магчыма, гаварыў Казімір Лапіч, бо пасевы пайшлі ў зімоўку ў добрым стане. Бу­дзе перавыканана заданне па вытворчасці гародніны.
Сёння ў нашым раёне ёю выгадна займацца, бо ёсць свой перапрацоўшчык – кансервавагародніна­сушыль­ны камбінат, якому летась сельгаспрадпрыемствы адпра­вілі больш за 2 тысячы тон морквы, 238 тон гарбузоў, 202 тоны кабачкоў, 50 тон капусты цвятной і брокалі.
Валавая вытворчасць малака павінна скласці 58600 тон. Раён намеціў прадаць яго не менш чым 40% экстра-класам. Для гэтага будуюцца новыя фермы, запланавана рэканструкцыя 10 старых.
Нядрэнным быў мінулы год у будаўніцтве. Пабудавана больш за 12 тыс. кв. метраў жылля, 146 сямей палепшылі жыллёвыя ўмовы, з іх 17 – шматдзетныя. Сёлета 20 домікаў будзе зда­дзена на сяле, запланавана будаўніцтва 60-кватэрнага жылога дома для работнікаў “КварцМелПрама”. Рэнтабельнасць будаўнічых работ летась у ПМК-20 склала 7,4%, ПМК-8 – 8,6%, ДРБУ-179 – 5,7%. Падведзены прыродны газ у вёскі Дарапеевічы і Велікарыта.
У сваім дакладзе Казімір Лапіч не абмінуў ні адзін бок жыццядзейнасці раёна – гандаль, малы бізнес, медыцыну, культуру, спорт.
У прыватнасці, ён адзначыў, што для паляпшэння гандлёвага абслугоўвання маларытчан сёлета будуць пабудаваны ў горадзе супермаркет на 1000 кв. метраў і 2 гандлёвыя павільёны індывідуальных прадпрымальнікаў. Што датычыцца малога прадпры­мальніцтва, то ўдзельная вага ў агульным аб’ёме падатковых паступленняў у бюджэт раёна склала летась 16%. 7 аб’ектаў нерухомасці, плошчай больш за 2,5 тысячы кв. метраў, што знаходзяцца ў раённай камунальнай уласнасці, былі аддадзены ІП. Хаця праблема задзейнічання ў гаспадарчы абарот невыкарыстоўваемых аб’ектаў яшчэ поўнасцю не вырашана. Аднак, як адзначыў Казімір Лапіч, яна будзе на кантролі.
— Мінулы год быў няпросты, ён не раз выпрабоўваў нас на трываласць, — гаварыў Казімір Лапіч. – Можна многае спісаць на нялёгкую фінансавую сітуацыю, якая склалася летась у краіне, але трэба прызнаць, што толькі добрасумленная праца кожнага на сваім рабочым месцы можа зрабіць нас багацейшымі.
Трэба аддаць належнае, што кіраўнікі, якія выступалі, а гэта старшыня СВК “Макраны” Леанід Селех, дырэктар СП “Бізон” Валерый Антановіч, галоўны ўрач райбальніцы Пётр Селівонік, дырэктар сельскагаспадарчага вытворчага філіяла “Савушкіна” Пётр Яцура, дырэктар ААТ “Маларыцкі кансервавагародніна­сушыль­ны камбінат” Таццяна Камянчук, самакрытычна ацэньвалі сітуацыю ў сваіх калектывах, шмат цікавага і карыснага змаглі пачуць прысутныя ў зале пра іх вопыт работы. У прыватнасці, напрыклад, пра тое, як на адрамантаванай невялічкай ферме ў в. Лазіца СВК “Савушкіна” за 2-3 дні акупіліся сродкі, затрачаныя на яе рамонт. Расказваючы пра планы свайго прадпрыемства, Таццяна Камянчук падзялілася, на якія яшчэ нішы ў спажывецкім рынку іх камбінат можа разлічваць, напрыклад, на нішу грамадскага харчавання, калі сокі будуць разліваць не ў трохлітровыя слоікі, ад якіх усё часцей пачынае адмаўляцца расійскі спажывец, а ў двухлітровую бутэльку. Ёсць у планах, як падзялілася яна, і адкрыццё лініі па выпуску напояў, якія ўтрымліваюць сокі. Гэта прадукцыя больш падыдзе для моладзі. А таксама плануюць тут асвоіць выпуск напояў для спартсменаў. Гэтая прадукцыя будзе інавацыйнай і знойдзе свайго пакупніка.
Вопыт і ініцыятыву такіх кіраўнікоў трэба браць на ўзбраенне, гаварыў старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар. Сёння неабходна працаваць, закасаўшы рукавы, кожны дзень, каб мець канкрэтную работу і канкрэтныя вынікі. Бо самая галоўная прычына недахопаў, адзначыў кіраўнік вобласці, хаваецца ў нас саміх. Менавіта таму, што ў раёне на неналежным узроўні арганізавана вытворчасць, няма і належных вынікаў. Па інвестыцыях, імпарту тавараў раён займае 19-я месцы ў вобласці. Ніжэй чым абласны паказчык і тэмп росту валавой вытворчасці прадукцыі. Ён назваў недастатковай работу па вытворчасці таварнай прадукцыі сельскай гаспадаркі, прывёўшы пры гэтым у прыклад СВК “Дарапеевічы”, які па ўсіх паказчыках сёння развіваецца дынамічна. Канстанцін Сумар падкрэсліў, аналізуючы эканамічныя паказчыкі раёна, той факт, што калі б не дасягненні такіх моцных гаспадарак, як “Савушкіна” і “Дарапеевічы”, то сярэднераённыя вынікі былі б намнога горшымі. Таму ён паставіў задачу перад усімі сельгасарганізацыямі выйсці на прыбытковую работу па ўсіх асноўных паказчыках. Невыпадкова, што і сярэдняя зарплата ў 1 мільён 118 тысяч рублёў працаўнікоў сельскай гаспадаркі раёна вельмі нізкая. І гэта нездарма, бо яна проста так не даецца – яе трэба зарабіць у вытворчасці. А вытворчасць неабходна навёрстваць па выніках 2011 года.
— Калі ўсе кіраўнікі будуць кантраляваць работу кожны дзень, стымуляваць яе руб­лём, вынікі не прымусяць чакаць, — падагульніў размову Канстанцін Сумар, якая атрымалася патрабавальнай – каго пакрытыкавалі, каго пахвалілі. Але галоўнае, што прагучала на сходзе, — якасць жыцця залежыць ад нас саміх, ад таго, як мы працуем.
Завяршылася пасяджэнне гаспадарчага актыву на прыемнай ноце: кіраўні­кам ААТ “Маларыцкі кансервавага­роднінасу­шыльны камбінат” і раённага спажывецкага таварыства, якія перамаглі ў рэспубліканскім конкурсе “Лепшыя тавары Рэс­публікі Беларусь” 2011 г. у намінацыях “Прадуктовыя тавары” і “Навінка года”, Таццяне Камянчук і Алене Цімашэнка Канстанцін Сумар уручыў узнагароды.
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКУ: Канстанцін СУМАР уручае дыплом пераможцы конкурсу «Лепшыя тавары РБ» дырэктару ААТ «Маларыцкі кансервава­гароднінасушыльны камбінат» Таццяне КАМЯНЧУК.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


www.teplostar.kiev.ua

ここで読みます

velotime.com.ua