Фарбы жыцця Варвары Іванаўны

Калі ехалі да Варвары Іванаўны Марук, мы ведалі толькі назву вёскі – Высокае. Таму давялося звярнуцца за дапамогай па дакладны адрас да мясцовых жыхароў. Калі мы называлі імя Варвары Іванаўны, усе з задавальненнем падказвалі дарогу. Але дом жанчыны ўсё ж знайшлі не адразу. Людзі тлумачылі, што патрэбна шукаць амаль што пад самым лесам. Зразумеўшы, што далей не праедзем, пайшлі пешшу. І на самой справе, нібы ў дзіўнай казцы, амаль сярод лесу стаіць невялічкі, звычайны вясковы дом. Спачатку падумалася, што мажліва няма нікога дома, але пасля заўважылі, што з маленькага акенца з цікаўнасцю хтосьці выглядае. Зайшоўшы ў хату і прывітаўшыся, адразу ж здзівілася: гэтай жанчыне 85 год! Варвара Іванаўна і сама потым з усмешкай расказала: калі не так даўно ляжала ў бальніцы, людзі не верылі, што багаж яе жыцця – 85 гадоў.
85 – гэта шмат, нехта скажа, а вось Варвара Іванаўна прызнаецца, што для яе гэта нібы адзін дзень. Дзень, які напоўнены рознымі колерамі, дзень пад назвай жыццё. Нарадзілася і ўсё сваё жыццё жыве жанчына ў вёсцы Высокае. У сям’і, акрамя яе, было яшчэ 4 дзяцей, Варвара Іванаўна была другой. Калі дзяўчынка была яшчэ маленькай, памерла родная мама, і ў хату прыйшла мачаха. Безумоўна, як бы добра яна ні ставілася да дзяцей, але роднай маці ніхто не здольны замяніць. Таму ўжо з самага дзяцінства Варвара Іванаўна адчула боль страты. Але гэта быў толькі пачатак. Калі пачалася вайна, дзяўчынцы-падлетку было 15 год, таму яна добра ўсё ўжо разумела. Ды і ўвогуле, як гаворыць жанчына, у тыя часы дзеці хутка станавіліся дарослымі. Дзяўчына, чым магла, дапамагала мачасе па гаспадарцы, але неўзабаве да іх прыйшла страшная навіна – на фронце забілі бацьку:
-Так, я ў адзін момант зразумела, што стала сіратой. Было вельмі балюча ад гэтых думак, але патрэбна было жыць далей, — успамінае Варвара Іванаўна.
На жаль, як гавораць, бяда не ходзіць адна: цяжка захварэўшы, памерла і мачаха. Маладая дзяўчына засталася зусім адна, не было ўжо ні дарослых парад, ні бацькавага моцнага пляча, патрэбна было спадзявацца толькі на сябе. Застаўшыся адной у такім маладым узросце, ёй давялося адказваць не толькі за сябе, але і за малодшых дзяцей, а асабліва за зусім яшчэ маленькага брата, якому быў толькі годзік. Так яна стала яго і сястрой, і мамай.
— Мне было вельмі цяжка, але я не мела права здавацца, на руках было малое, — успамінае Варвара Іванаўна, — тады я працавала ўжо ў калгасе, і яго брала з сабою, бо не было з кім пакінуць. Памятаю, у руках серп, яшчэ нейкія прылады, а на плячах брат. Тады амаль усе так рабілі, бо выйсця іншага не было.
Калі выйшла замуж, клапатлівая сястра брата не пакінула, гадавала і далей. Яны і сёння застаюцца дастаткова блізкімі людзьмі. Малодшы брат не забывае сястру, наведвае, дапамагае.
Усё сваё жыццё Варвара Іванаўна працавала ў калгасе паляводам і вось што ўспамінае:
— Тады мы працавалі цяжка, часам нават не ведалі, за што, проста за працадні. Мы жалі, палолі, рвалі лён і рабілі шмат іншага, і ўсё гэта сваімі рукамі. А сёння гэта ўсё робіць тэхніка. Людзям стала лягчэй жыць, а яны ўсё роўна чымсьці не задаволены.
Сёння Варвара Іванаўна жыве адна. Пяць год таму памёр муж, адзіная дачка жыве ў Брэсце. Варвара Іванаўна мае 3 унукаў і 2 праўнукаў. Але, на жаль, прыязджаюць яны вельмі рэдка. Ды бабуля не крыўдуе. Яна ж усё разумее: у іх свае справы, клопаты, маладое жыццё, не хапае часу.
— Я рэдка куды хаджу, сілы ўжо не тыя, — гаворыць Варвара Іванаўна, — да мяне прыходзіць сацыяльны работнік, дапамагае па гаспадарцы, калі-нікалі да суседзяў выйду, часам прашу, каб нешта мне ў аўталаўцы купілі, вось і ўсе мае зносіны. А тэлевізар увогуле ўжо надакучыў, не прывыкла я яго глядзець.
Гаворачы гэта, Варвара Іванаўна, на імгненне засумавала, але хутка ўсміхнулася. Не прывыкла, напэўна, жаліцца. На пытанне, у чым сакрэт яе даўгалецця, жанчына толькі паціснула плячыма і ўсміхнулася. Тады ўжо і не патрэбны былі словы, пра ўсё сказала яе ўсмешка: быць аптымістам, рабіць дабро і не трымаць у душы крыўды.
Часам лёс прымушае чалавека прайсці праз пакуты, боль, цяжкасці. І бывае вельмі складана сапраўды годна ўсё прыняць і перанесці, так, каб потым не было сорамна. Варвара Іванаўна, на мой погляд, менавіта такі чалавек: яна не зламалася, змагла, пераадолела цяжкасці і за ўсё сваё жыццё так і не навучылася жаліцца на лёс, людзей. Гэта, напэўна, і ёсць сапраўдная мудрасць сапраўднай жанчыны з зусім няпростым лёсам.
Анастасія Максімук.
На здымку: Варвара Іванаўна Марук.
Фота Алега Крэмянеўскага.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


ремонт в новостройке

oncesearch.com/details/sexy-pattycake-showercam-lto-mp4-107257

У нашей организации авторитетный интернет-сайт с информацией про shtory.ua.