Нашы — на «Вiкторыi-2012»

У Мінскім Палацы культуры і спорту чыгуначнікаў прайшоў V традыцыйны адкрыты конкурс мастацтваў “Вікторыя-2012”. Яго арганізатарам высту­піла канцэртнае агенцтва “Арт-апетыт”. У конкурсе прынялі ўдзел і 2 калектывы УА “Маларыцкая дзяржаўная дзіцячая школа мастацтваў”.
Квартэт “Сon brio” пад кіраўніцтвам Вік­торыі Ляўчук у намі­нацыі “Вакал” (ансамб­лі) на суд журы прадставіў песню “Наш сусед” (словы і музыка Б.Пацёмкіна, з рэпертуару Эдзіты П’ехі). Іх выступленне адзначана кубкам і дыпломам лаўрэата ІІІ ступені.
Танцавальны дзіцячы калектыў “Цудоўная скарбонка” (кіраўнік Аляксандра Вашчынчук) выканаў танец “Вясёлыя паварчукі”. Гэты нумар з’яўляецца любімым у многіх маларытчан. Для “Цудоўнай скарбонкі” конкурс “Вікторыя-2012” – першае творчае выпрабаванне на рэспубліканскім узроўні. Яно атрымалася выніковым, бо выступленне ў намінацыі “Харэаграфія” (эстрадны танец) адзначана дыпломам.
— Згодна з умовамі конкурсу, які ставіў на мэце падтрымку і папулярызацыю творчасці таленавітых маладых выканаўцаў,- гаворыць Вікторыя Аляксандраўна, — кожны нумар на сцэне павінен быў працягвацца не больш 3 хвілін 40 секунд. Ацэньвалася выканаўчае майстэрства ўдзельнікаў, сцэнічная культура, вобраз, імідж. У склад журы ўваходзілі высокакваліфікаваныя спецыялісты ў галіне эстрады, вакальнага мастацтва і зоркі беларускай эстрады.
— Мы перад выступленнем вельмі хваляваліся, — прызнаецца Аляксандра Валер’еўна. – Усе мае 20 танцораў на сцэне выглядалі як сапраўдныя артысты. Нумар выканалі на высокім прафесійным узроўні. Аднак у нас пакуль што яшчэ малавата вопыту творчага спаборніцтва. На такіх конкурсах не толькі дэманструем тое, што ўмеем рабіць, але і вучымся, пераймаем лепшае, творча яго перапрацоўваем і выкарыстоўваем у сваіх пастаноўках. Любыя конкурсы спрыяюць павышэнню прафесійнага сцэнічнага майстэрства.
Мікалай
НАВУМЧЫК.
На здымку: Вікторыя Ляўчук і Аляксандра Вашчынчук з заслужанымі ўзнагародамі конкурсу “Вікторыя-2012”.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.