Заказалі заказнік

На тэрыторыі Маларыцкага раёна да нядаўняга часу існа­вала 3 біялагічныя заказнікі: “Лукава”, рэспубліканскага значэння (створаны ў 1994 г.), “Гусак” (1989 г.) і “Хмялёўка” (1995 г.), мясцовага значэння. У 2011 г. на карце Маларытчыны з’явіўся яшчэ адзін аб’ект, тэрыторыя, што асабліва ахоўваецца, – новы біялагічны заказнік мясцовага значэння раслін і жывёлін “Арэхаўскі”. Ён быў зацверджаны рашэннем райвыканкама і зарэгістраваны ў Нацыянальным рэестры прававых актаў РБ.
— “Арэхаўскі” мае агульную плошчу 1619,7 га, — гаворыць Віктар Заруба, вядучы спецыяліст раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. – Заказнік, работа над стварэннем якога вялася не адзін год, з’явіўся для таго, каб захаваць у натуральным стане ўнікальны водна-балотны комплекс з папуляцыямі рэдкіх відаў птушак, раслін і жывёл і тых, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення, а таксама ўключаны ў Чырвоную кнігу РБ, маюць міжнародны статус аховы.
— А як і хто гэта вызначаў?
— Было праведзена грунтоўнае комплекснае натуральнае даследаванне па падрыхтоўцы навуковага і тэхніка-эканамічнага абгрунтавання для надання тэрыторыі статуса заказніка. Яго праводзілі спецыялісты Нацыянальнай акадэміі навук з інстытутаў заалогіі і эксперыментальнай батанікі, ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. Вялікую дапамогу аказалі супрацоўнікі нашай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
У 1995 г. аблвыканкам зарэзерваваў адпаведную тэрыторыю для стварэння заказніка агульнай плошчай 3500 га. Падчас вывучэння ведамасных матэрыялаў, правядзення даследаванняў для падрыхтоўкі навуковага абгрунтавання для стварэння заказніка было рэкамендавана яго стварыць, але пры гэтым на трэць скараціўшы плошчу.
— Віктар Іосіфавіч, што каштоўнага ёсць на тэрыторыі заказніка?
— У “Арэхаўскім” растуць, напрыклад, расліны (альдраванда пузыркаватая, белы гарлачык), якія ахоўваюцца ў краіне. А альдраванда, акрамя таго, яшчэ мае і міжнародны статус аховы. 11 відаў раслін з’яўляюцца рэдкімі для Беларусі. З жывёл, якія тут жывуць, пад аховаю ў Беларусі знаходзяцца: 1 від млекакормячых, 1 – амфібій, 2 — рэптылій. Спіс можна працягваць і далей. 36 відаў птушак, што тут гняздуюцца, занесены ў Чырвоную кнігу РБ, 4 – маюць міжнародны ахоўны статус, 20 – еўрапейскі ахоўны статус. Лясы таксама маюць важнае водаахоўнае значэнне. У межах заказніка выдзелена 5 тыпаў асабліва каштоўных раслінных груповак. Да іх, напрыклад, адносяцца: дубовыя лясы, высокаўзроставыя (больш за 65 гадоў) карэнныя чорнаальховыя лясы на нізінных балотах… Між іншым, агульная плошча лясоў складае 880 га, з іх 780 га – лясная зямля.
Створаны заказнік упісваецца ў прырода­ахоўную сістэму. Яго можна разглядаць як адзін з ключавых элементаў эка­лагічнай сеткі агульна­еўрапейскага ўзроўню. Своечасова прынятыя меры дадуць магчымасць не толькі надалей захоўваць гэтае ўнікальнае месца ў натуральным стане, але і створаць своеасаблівую «зону пакою» для птушак, раслін. Па сваім складзе, разнастайнасці і каштоўнасці флоры і фаўны “Арэхаўскі” адпавядае крытэрыям, якія прад’яўляюцца да рэспубліканскіх заказнікаў.
— Віктар Іосіфавіч, заказнiк — гэта прыродная тэрыторыя, якая ахоўваецца асабліва. Якія работы там нельга праводзіць?
— Тут, напрыклад, забаронены высечкi драў­нiны асноўнага карыстання, здабыча торфу, выпас жывёлы, мелiярацыйныя работы, сур’ёзна абмежавана будаўнiцтва нейкiх аб’ектаў iнфра­структуры адпачынку, а таксама інжынерных камунікацый, нельга паліць траву, нарых­тоўваць лекавыя расліны ў вялікім аб’ёме, разводзіць кастры, разбіваць турыстычныя лагеры, паляваць вясной на вадаплаўных птушак… Распрацоўка месцараджэнняў карысных выкапняў адбываецца па ўзгадненні з тэрытарыяльнымі органамі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
— А калі нехта парушыць нормы?
— Юрыдычныя і фізічныя асобы, якія вінаватыя ў парушэнні рэжыму аховы і выкарыстання мясцовага біялагічнага заказніка, нясуць адказнасць у адпаведнасці з закана­даўствам РБ. Прадугледжаны шрафныя санкцыі: ад 4 да 30 базавых велічынь для грамадзян, да 50 базавых велічынь — для індывідуальных прадпрымальнікаў, да 500 – для юрыдычных асоб. Шкода, якая нанесена тэрыторыі, што асабліва ахоўваецца, кампенсуецца тымі, хто парушыў дзеючае заканадаўства.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Віктар Заруба, вядучы спецыяліст Маларыцкай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Фота аўтара.

Заказалі заказнік: 2 комментария

  • 15.02.2012 в 3:49 пп
    Permalink

    Поздравления! Наконец-то создали! На самом деле уникальная территория в районе! Я и сам начинал свой путь с изучения этих мест.

    Большой вклад в изучение орнитофауны заказника сделал Сергей Абрамчук, ныне покинувший наш мир молодой орнитолог из Олтуша.

  • 15.02.2012 в 3:56 пп
    Permalink

    Сапраўды, годная памяць Сяргею Абрамчуку.
    Вельмі добра, што між іншым нельга будзе вясной паляваць на водаплаўных птушак.

Добавить комментарий


читать далее на www.maxformer.com

www.best-products.reviews

agroxy.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!