“ДЗЯКУЙ ЗА ПОСПЕХІ”

8 лютага прайшоў справаздачны сход сельскагаспадарчага вытворчага філіяла “Савушкіна” ААТ “Савушкін прадукт”.
На сход сабраліся амаль ўсе працаўнікі CВК, акрамя занятых на працы. На сходзе прысутнічалі старшыня райвыканкама Казімір Лапіч і дырэктар ААТ “Савушкін прадукт” Аляксандр Саўчыц. Адкрыў сход дырэктар сельскагаспадарчага вытворчага філіяла “Савушкіна” Пётр Яцура. І ў першую чаргу ён адзначыў, што на сённяшні дзень у філіяле працуе 373 чалавекі. У сваім дакла­дзе Пётр Яцура падвёў вынікі працы філіяла за ўвесь 2011 год.
— Падводзячы вынікі працы гаспадаркі, патрэбна адзначыць, -гаварыў ён, што ўсе галіны спрацавалі добра. Рост вытворчасці валавой прадукцыі склаў 104 працэнты ў раслінаводстве і 106 працэнтаў у жывёлагадоўлі. Што датычыцца ўраджайнасці, былі і праблемы. З-за нядобрага надвор’я не ўрадзіў рапс, яго рэнтабельнасць склала мінус 1,3. Ураджайнасць кукурузы склала 253 цэнтнеры, рэнтабельнасць — 64 працэнты. Калі казаць пра жывёлагадоўлю, то тут таксама назіраецца пазітыўная дынаміка: пагалоўе буйной рагатай жывёлы павялічылася на 533 галавы і сёння ў нас усяго 5570 галоў буйной рагатай жывёлы. Валавая вытворчасць малака склала 110 працэнтаў, а ўдой ад кожнай каровы 6989 кілаграмаў. За мінулы год дзяржаве было прададзена 11687 тон малака. На фермах вынікі вытворчасці малака розныя. Напрыклад, на ферме ў вёсцы Дворышча рэнтабельнасць малака — 56 працэнтаў, а на ферме “Новая” – 66. Таксама на працягу года шмат увагі ўдзялялася ўзнаўленню статка.
Гаворачы пра плюсы і мінусы, Пётр Яцура закранаў усе галіны гас­падарання. Ён адзначыў, што матэрыяльныя затраты павялічыліся па ўсіх пунктах: закупка кармоў, медыкаменты і іншае. Але ўсё ж такі ў мінулым годзе павялічылася і заработная плата, сёння сярэдняя зарплата складае 1464 тысячы, а раней — 800 тысяч.
— Праблемы сёння, безумоўна,існуюць, -гаварыў Пётр Яцура. — Нашых даходаў, на жаль, не хапіла, каб пакрыць расходы, але над усім патрэбна працаваць. За ўсімі вынікамі, як станоўчымі, так і адмоўнымі, стаяць людзі. Таму і гаспадарка трымаецца на вас. Сёння ў нас не хапае аператараў машыннага даення, механізатараў, і гэта таксама праблема. Задачы перад намі стаяць сур’ёзныя, а асабліва звышзадача ў раслінаводстве – гэта атрымаць 9 тысяч тон зерня.
У канцы свайго выступлення Пётр Яцура падзякаваў працаўнікам за добрую працу, пасля чаго слова ўзяў галоўны аграном філіяла Сяргей Гусак. Ён адзначыў, што вытворчасць зерня, на жаль, аказалася стратнай, але ж яе ўсё роўна трэба павялічваць. І дасягнуць гэтай мэты немагчыма без добра падрыхтаванай глебы, таму патрэбна больш працаваць у гэтым плане.
Пасля выступлення галоўнага агранома слова было дадзена галоўнаму інжынеру Генадзю Крэню. Інжынер расказаў аб тэхніцы, аб тым, што гаспадарка атрымала новую кукурузную сеялку. Але не абышлося і без праблем. Напрыклад, праблемы існуюць з рамонтам імпартнай тэхнікі.
А галоўны ветурач Таццяна Хаванская ў сваім выступленні спынілася на пытаннях узнаўлення статка, адказала на пытанне старшыні райвыканкама Казіміра Лапіча наконт таго, чаму 31 працэнт кароў не дае прыплоду.
Выступілі ўчастковы інспектар Андрэй Алесік і дырэктар Олтушскай СШ Наталля Зезюкова. Затым да працаўнікоў сельскагаспадарчага вытворчага філіяла “Савушкіна” звярнуўся дырэктар ААТ “Савушкін прадукт” Аляксандр Саўчыц:
— Мы пражылі з вамі яшчэ адзін год. Асноўная наша вытворчая задача – гэта вытворчасць малака. Сёння мы гаворым, чаго не хапае, але патрэбна і больш працаваць. У цэлым я задаволены працай нашага прадпрыемства за 2011 год. Мы падцягнулі жывёлагадоўлю да адпаведнага ўзроўню, але на гэтым не павінны спыняцца. Нам абавязкова неабходна дабудаваць ферму, закончыць рэканструкцыю старых ферм, а для гэтага патрэбны грошы, таму неабходна іх зарабляць. Нам у 2012 годзе патрэбна надаіць ад кожнай каровы па 7 тысяч літраў малака. Таму жадаю поспехаў. Дзякуй вам за працу і за добрыя адносіны да яе. Здароўя вам і поспехаў.
Затым слова ўзяў старшыня райвыканкама Казімір Лапіч:
— Ваша гаспадарка перадавая, але ж па адным паказчыку ўсё ж адстаеце. У вас вытворчасць валавога прадукта на аднаго чалавека склала 67 мільёнаў рублёў, а ў Дарапеевічах — 69. Вы не павінны здаваць сваіх пазіцый, таму што на вас раўняюцца і цягнуцца да вас. Патрэбна развівацца і надалей, і асноўны рэсурс – зямля, а яе дастаткова ў раёне. Так, сёння перад намі нялёгкія задачы, але ўсё магчыма. Цяжка, але патрэбна. Мы і ўсіх астатніх падцягваем да новых тэхналогій. Увогуле, па ўдою малака мы пятыя ў вобласці і 28-ыя з 218-ці ў рэспубліцы. Нашы поспехі і наша жыццё залежаць ад нас саміх. Ад кожнага з нас залежыць агульны поспех. Дзякуй за працу і жадаю вам новых поспехаў.
Пасля выступлення Казіміра Лапіча Пётр Яцура яшчэ раз падзякаваў усім за працу і адзначыў, што задачы пастаўлены і неабходна іх выконваць. Патрэбна працаваць не горш, а толькі лепш, чым у мінулым годзе.
Затым лепшыя працаўнікі гаспадаркі былі заахвочаны Ганаровымі граматамі і прэміямі. Іх атрымаў 41 чалавек.
Пасля афіцыйнай часткі сходу працаўнікі сяла былі запрошаны на канцэрт , які для іх падрыхтавалі вучні Олтушскай школы.
Анастасія Максімук.
На здымку: у час сходу.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.