Праверка на трапнасць

7 гадоў назад пры дзяржаўным прафесійным ліцэі сельскагаспадарчай вытворчасці з’явіўся мала­дзёжны атрад аховы правапарадку (МААП), які стаў надзейным памочнікам не толькі настаўнікаў і выхавальнікаў ліцэя, але і супрацоўнікаў раённага аддзела ўнутраных спраў. Штогод яго рады папаўняюць новыя навучэнцы – юніёры. Цяпер у атрадзе больш за 20 юнакоў, якія вучацца самаабароне, праводзяць патруляванне і ахоўваюць парадак на тэрыторыі ліцэя і вуліцах горада. Акрамя гэтага, яны імкнуцца данесці прававую інфармацыю да сваіх равеснікаў, вядуць прафілактычную работу з праблемнымі сем’ямі.
Каб умець абараніць сябе і іншых, трэба быць моцным, спрытным і … трапным. Праверыць сваю трапнасць прапанавалі юнакам з маладзёжнага атрада арганізатары спаборніцтваў па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі — Кобрынска-Маларыцкая арганізацыйная структура ДТСААФ і раённы камітэт ГА “БРСМ”. Спаборніцтвы, мэта якіх – папулярызацыя кулявой стральбы і выяўленне лепшых стралкоў сярод прадстаўнікоў маладзёжнага атрада, праводзіліся ў Дзень маладзёжных атрадаў аховы правапарадку ў рамках рэспубліканскай патрыятычнай акцыі “ДТСААФ – за бяспеку і высокую якасць жыцця грамадзян Беларусі!”
Даказаць, што ты самы трапны стралок, трэба сказаць, задача нялёгкая. З пяці выстралаў кожны ліцэіст павінен быў набраць максімальную колькасць балаў. Нехта падыходзіў да вінтоўкі ўпэўнена, нехта з асцярожнасцю, але ў цэлым усе былі зацікаўлены магчымасцю праверыць свае сілы.
Самых трапных на фінішы спаборніцтваў чакала ўзнагароджанне. Першае месца, набраўшы 18 балаў, заваяваў Багдан Юўко. Ён атрымаў падарунак ад МРАС ДТСААФ, дыпломы другой і трэцяй ступені атрымалі Уладзіслаў Семянюк і Дзмітрый Казанжы. Іх парадавалі памятныя прызы ад РК ГА“БРСМ”.
Няхай не ўсе змаглі праявіць трапнасць, затое у кожнага была магчымасць паспрабаваць сябе. І паколькі юнакі — будучыя абаронцы сваёй Айчыны, вопыт стральбы, набыты на спаборніцтвах, кожнаму абавязкова спатрэбіцца.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: юнакі з маладзёжнага атрада аховы правапарадку спаборнічаюць у стральбе.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий