Беларусбанк заўсёды побач

Алег Якубчык:
“У 2012 годзе мы разам з Вамі святкуем 90-годдзе з дня ўтварэння ААТ «ААБ Беларусбанк»”
Маларыцкая цэнтральная ашчадная каса № 6442 была арганізавана ў лістападзе 1939г. Перад пачаткам Вялікай Айчыннай вайны, акрамя Маларыты, такія касы былі ў вёсках Олтуш, Велікарыта і Макраны. Пасля вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, ашчадная каса была адноўлена і 17 кастрычніка 1944 г. пачала сваю дзейнасць. Яе загадчыкам назначаны Канстанцін Фаміч Саўчук, які быў забіты ўкраінскімі нацыяналістамі. Затым цэнтральную ашчадную касу ўзначальвалі: Рыгор Платошын, Іван Пархоменка, Іван Верамееў, Леанід Каласун, Павел Пода, Мікалай Наўрось, Валянціна Кароль. У 1987г. ашчадныя касы былі ператвораны ў ашчадныя банкі, пачалася выдача крэдытаў для спажывецкіх патрэб насельніцтву. У сваім цяперашнім статусе банк існуе з 1995г. пасля аб’яднання Ашчаднага банка РБ і акцыянернага камерцыйнага банка “Беларусбанк”.
Сёння ЦБП №120 ААТ “ААБ Беларусбанк” у г.Маларыта ўзначальвае Алег Якубчык. З ім сустрэўся карэспандэнт рэдакцыі і задаў некаторыя пытанні, звязаныя з жыццядзейнасцю ЦБП.
— Алег Пятровіч, Цэнтр банкаўскіх паслуг № 120 сёння – гэта…
— Гэта – 17 аддзяленняў, 3 аддзелы (рознічнага бізнесу, карпаратыўнага бізнесу, аперацыйны), 3 сектары (разлікаў, бяспекі, аўтаматызацыі), 2 службы (касавай работы, адміністрацыйна-гаспадарчая). Спісачная колькасць супрацоўнікаў – 79 чалавек. Штат у нас невялікі. Для параўнання, напрыклад, магу прывесці такія лічбы. Да 1966г. у штаце цэнтральнай ашчаднай касы налічвалася 8 чалавек, у 1978г. — 25 супрацоўнікаў. Аднак з году ў год павялічваюцца аб’ёмы работы. На 1 студзеня 1953г. колькасць рахункаў укладчыкаў налічвала 447, на 01.01 1966г. – 3793, на 01.01 1978г. – 15885, на 01.01 2012г. – 55759.
Асноўная наша задача – зрабіць рознічныя банкаўскія паслугі даступнымі для жыхароў як горада, так і вёскі. Мы імкнемся максімальна наблізіць банкаўскія паслугі да кліента і забяспечыць яго абслугоўванне на высокім і якасным узроўні. Гэта дасць магчымасць не толькі прыцягнуць грашовыя сродкі насельніцтва, але і выгадна іх размясціць. Кожны ўкладчык для нас вельмі важны. Мы даражым даверам, які нам аказваюць жыхары Маларытчыны.
— З якімі вынікамі вы завяршылі мінулы год?
— 2011 год быў для нас не з лёгкіх. Неабходна было хутка рэагаваць і адаптавацца ў сітуацыі, якая імкліва змянялася. Супрацоўнікі банка вельмі стараліся, каб паспяхова рэалізаваць мерапрыемствы, што прадугледжаны адпаведнымі нарматыўнымі дакументамі. Мы занялі 7 месца па выніках спаборніцтва сярод 17 падраздзяленняў філіяла № 100 Брэсцкага абласнога ўпраўлення (было 19 крытэрыяў). Чысты прыбытак за мінулы год склаў 2 мільярды 779 мільёнаў рублёў, у 2010г. ён налічваў 614 мільёнаў. За мінулы год рэсурсная база нашага ЦБП павялічылася і склала 38,2 мільярды рублёў. Асноўны ўклад – зберажэнні насельніцтва раёна. Сёння ў нас на абслугоўванні знаходзіцца 285 суб’ектаў гаспадарання, 123 індывідуальныя прадпрымальнікі, такія буйныя арганізацыі, як ААТ “Маларыцкі кансервавагароднінасушыльны камбінат”, КУШВП ЖКГ “Маларыцкая ЖКГ”, ДзЛГУ, ДРБУ-179…
Адной з самых танных крыніц прыцягнення інвестыцый з’яўляецца атрыманне знешніх крэдытаў, а менавіта крэдытаў замежных банкаў (Італіі, Германіі). За 2010-2011 гады было прыцягнута больш чым 1 мільён еўра ў рамках адкрыцця акрэдытываў для разлікаў з замежнымі кампаніямі за набытае абсталяванне. Гэтым скарысталіся такія прадпрыемствы, як ДзЛГУ “Маларыцкі лясгас” (набыты “Харвэстар”) і ААТ “Маларыцкі кансервавагароднінасушыльны камбінат” (набыты сепаратары для соку, лінія стэрылізацыі, абсталяванне для кацельнай).
— Алег Пятровіч, ці запатрабавана ў жыхароў раёна сістэма грашовых пераводаў “Стрыж”?
— Запатрабавана. Сістэма грашовых пераводаў “Стрыж” – хуткі спосаб перавесці грошы па тэрыторыі Беларусі для фізічных асоб, якія не звязаны з прадпрымальніцкай дзейнасцю. Электронныя тэхналогіі, якія сёння выкарыстоўваюцца ў ААТ “ААБ Беларусбанк”, даюць магчымасць перавесці грошы на любую адлегласць на працягу 10-15 хвілін. Гэтая сістэма з’яўляецца зручнай. Каб адправіць грошы, неабходна спецыялісту пункта прад’явіць дакумент, які засведчвае асобу, указаць прозвішча, імя, імя па бацьку атрымальніка, унесці суму пераводу і суму камісійнага ўзнагароджвання, атрымаць пацвярджэнне аб пераводзе грашовых сродкаў.
За 12 месяцаў мінулага года адпраўлены 1231 перавод на суму 347,3 мільёна рублёў, атрымана 406 пераводаў на суму 206,5 мільёна рублёў.
— Колькі пенсіянераў абслугоўваецца ў аддзяленнях ЦБП № 120?
— На пачатак студзеня гэтага года ў раёне і горадзе пражывала 7052 пенсіянеры. У аддзяленнях нашага ЦБП абслугоўваецца 2778 чалавек. За мінулы год у органах па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва на ўлік пастаўлена 374 пенсіянеры. З гэтай колькасці на ўлік на абслугоўванне ў нас пастаўлена 308 чалавек. Па пластыкавых картках пенсію ў аддзяленнях ЦБП атрымлівае 921 чалавек, з іх 222 – гэта тыя, хто пастаўлены на абслугоўванне ўпершыню.
— Алег Пятровіч, банкаўскія пластыкавыя карткі – універсальны плацёжны інструмент, які дае магчымасць свайму ўладальніку аплачваць тавары і паслугі ў розных гандлёвых і сервісных прадпрыемствах, атрымліваць наяўныя грошы… Ці актыўна выкарыстоўваюць маларытчане іх?
— Развіццё сістэмы безнаяўных разлікаў з выкарыстаннем банкаўскіх пластыкавых картак для нас — гэта важная частка развіцця рознічных банкаўскіх паслуг. На пачатак 2012г. выдадзена 11885 пластыкавых картак. У мінулым годзе адкрыта 1050 новых карт-рахункаў. Для развіцця безнаяўнай формы аплаты за тавары і паслугі ўстаноўлены 21 тэрмінал у 18 гандлёвых аб’ектах. Усяго ЦБП устаноўлена 73 тэрміналы для правядзення безнаяўных разлікаў. За мінулы год 76 кліентаў падключана да інтэрнэт-банкінга (цяпер іх усяго 241), 44 – да сістэмы М-банкінг.
— Ці працягвае ЦБП №120 ААТ “ААБ Беларусбанк” крэдытаванне насельніцтва?
— Мы актыўна працуем у гэтым накірунку. Сёння ў нас у рабоце 5861 крэдытны дагавор. У 2011г. выдадзена 873 новыя крэдыты, з іх 596 — за кошт рэсурсаў банка. Сярэдні крэдыт, які выдаваўся за кошт рэсурсаў банка, склаў 7,73 мільёна рублёў. Запазычанасць па крэдытных дагаворах на сённяшні дзень складае 104,6 мільярдаў рублёў.
— Чым сёння жыве Цэнтр банкаўскіх паслуг № 120?
— Мы ўступілі ў год, калі банку споўніцца 90 гадоў з дня заснавання. Юбілейная дата чырвонаю ніткаю пройдзе праз усё жыццё нашага калектыву. Усё, што робіцца ці будзе рабіцца, так ці інакш абавязкова будзе з гэтым звязана.
— Алег Пятровіч, аснова любога калектыву – людзі. Чые імёны Вы назвалі б у першую чаргу?
— Фотаздымкі перадавікоў вытворчасці ў нас занесены на Дошку пашаны ЦБП №120 ААТ “ААБ Беларусбанк”. Акрамя таго, па выніках работы за 2011г. адзначаны ўзнагародамі філіяла № 100 Брэсцкага абласнога ўпраўлення: Аляксей Дацык і Сяргей Тарасюк — Ганаровамі граматамі; Алена Гармаш, Галіна Струнец, Галіна Хамічук і Наталля Васільева – пісьмовымі падзякамі. А Таццяна Каткавец узнагароджана Ганаровай граматай ААТ “Ашчадны банк «Беларусбанк»”.
За мінулыя гады зроблена многае, але наперадзе – новыя мэты, над вырашэннем якіх мы ўжо працуем. Ад зладжанасці, старанняў кожнага члена калектыву ЦБП залежыць канчатковы вынік. Усе нашы супрацоўнікі гэта разумеюць, таму імкнуцца заўсёды і ўсюды падтрымліваць марку банка.
На здымках: будынак Цэнтра банкаўскіх паслуг № 120, які знаходзіцца на гарадской плошчы райцэнтра; Алег Якубчык, дырэктар ЦБП №120 ААТ “ААБ Беларусбанк”.

Добавить комментарий


www.plasticsurgery.com.ua

showroom-kiev.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!