Пра ўраджай клапоцімся зімой

Хоць за акном яшчэ ляжыць снег і тэмпература са знакам “мінус”, але сапраўдны гаспадар зямлі і ў такі час ужо клапоціцца пра будучы ўраджай. Люты можна лічыць пачаткам сельскагаспадарчага года. Гэта самы лепшы час, каб сур’ёзна, усебакова, грунтоўна і ўзважана падумаць пра палявыя работы, падкарэкціраваць планы. Але найперш неабходна падрыхтавацца тэарэтычна, пазнаёміцца з эфектыўнымі метадамі работы, прагрэсіўнымі тэхна­логіямі апрацоўкі зямлі. Усё павінна быць пастаўлена на навуковую аснову: ад першага выхаду трактара ў поле да ўборкі апошняга каласка з поля. Гэта добра разумеюць у райвыканкаме. Таму 15 лютага ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання праводзіла вучобу агранамічнай службы раёна з удзелам Казіміра Лапіча, старшыні райвыканкама. На яе былі запрошаны кіраўнікі СВК, галоўныя аграномы гаспадарак, аграхімікі, насенняводы, брыгадзіры паляводчых брыгад. Перад прысутнымі выступілі навуковыя супрацоўнікі РУП “Брэсцкая абласная сельскагаспадарчая вопытная станцыя Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі”, фірмы “Сінгента”, кампаніі “Басф”. Сваю ўвагу яны акцэнтавалі на актуальных пытаннях вядзення сельскагаспадарчай вытворчасці, у тым ліку – на шляхах павышэння прадуктыўнасці зямлі, сістэме аховы на пасевах, асартыменце сродкаў аховы раслін, тэхналагічных асаблівасцях апрацоўкі зерневых і зернебабовых культур…
Вечарам удзельнікі вучобы наведалі Свята-Мікалаеўскую царкву г.Маларыты, дзе разам з прыхаджанамі і светарамі Віктарам Паляцілам і Сергіем Струнцам памаліліся Богу. У час малебна з акафістам абразу Божай Маці “Спорительница хлебов” вернікі ўзносілі Усявышняму шчырыя малітвы, просячы благаславення, дапамогі ў сельскагаспадарчых работах і спрыяльных умоў надвор’я для ўсіх, хто працуе на зямлі, здабываючы нялёгкі хлеб надзённы.
У канцы богаслужэння Віктар Паляціла, благачынны цэркваў раёна, асвяціў насенне, якое прынеслі вернікі, акрапіў прысутных вадой, напомніўшы ісціну: любую справу пачынаць і заканчваць неабходна з малітвай да Бога і падзякай за яго міласці, бязмерную шчодрасць.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: удзельнікі вучобы агранамічнай службы раёна ў час малебна ў Свята-Мікалаеўскай царкве райцэнтра.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.