Няма нічога немагчымага

Справаздачны сход прайшоў у СВК “Ланская”. Прынялі ўдзел у ім началь­нік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Вячаслаў Федзюковіч, старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Губей, старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Віктар Марушаў і старшыня Олтушскага сельвыканкама Адам Бідзюра. Вынікі за мінулы год у гаспадарцы аказаліся як станоўчыя, так і адмоўныя. І аб усіх іх спачатку падрабязна расказаў старшыня СВК Аляксандр Бойка. У сваім дакладзе ён закрануў усе галіны. Што датычыцца раслінаводства, то тут не ўсё было гладка. Напрыклад, былі пэўныя праблемы з рапсам. Гэта таксама адзначаў і галоўны аграном гаспадаркі Аляксей Лонеў. Па яго словах, асноўная прычына гэтага – неспрыяльнае надвор’е. “У гэтым годзе мы прыкладзем усе намаганні, каб такога больш не паўтарылася”, — запэўніў галоўны аграном. Таксама былі праблемы і з вырошчваннем буракоў, замачыла амаль усе кармавыя буракі, але кіраўнік гаспадаркі паабяцаў, што ў гэтым годзе яны больш прадметна будуць працаваць з гэтай культурай. Усё дрэнна не можа быць. Безумоўна, ёсць і плюсы. У мінулым годзе СВК “Ланская” заняў першае месца ў раённым спаборніцтве па вытворчасці зерня, і гэта, як адзначылі і Аляксандр Бойка, і Вячаслаў Федзюковіч, вельмі прыемны момант. Добра ўрадзіла кукуруза, таму што была пасеяна ў тэрмін, але сёлета таксама не патрэбна расслаб­ляцца. Прагноз на гэты год — сабраць кукурузы 750 тон. Аляксандр Бойка адзначыў, што агранамічнай службе неабходна ў гэтым годзе большую ўвагу звярнуць на вытворчасць таварнай прадукцыі. Пасля аналізу спраў у раслінаводстве перайшлі да аналізу спраў у жывёлагадоўлі. Гэтая галіна ў мінулым годзе дала меншую аддачу, чым у 2010 годзе. Гаспадарцы, на жаль, не ўдалося замацаваць тыя поспехі, якія былі дасягнуты ў 2010 годзе. Старшыня СВК заўважыў, што ёсць шмат яшчэ над чым працаваць, таму што ўдой малака на адну карову склаў 4032 кілаграмы, таварнасць яго — 88, 4 працэнта. “Мы недаатрымалі столькі малака, таму што была горшая кармавая база, — гаварыў Аляксандр Іванавіч, — часам не заўсёды добра спрацоўвалі спецыялісты. У 2012 годзе на адну карову нам неабходна надаіць па 4200 кілаграмаў малака. Гэтых паказчыкаў рэальна дабіцца, таму патрэбна толькі працаваць”. Вытворчасць мяса таксама зменшылася на 11 працэнтаў у параўнанні з 2010 годам. Сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе жывёлы склалі 540 грамаў, што таксама менш на 40 грамаў, чым у 2010 годзе. А па плану гаспадарка плануе ў 2012 годзе атрымаць сярэднясутачныя прыбаўленні не менш, чым 600 грамаў. Яшчэ адна праблема, якую закранулі, — гэта абнаўленне статка. Чаму 25 працэнтаў кароў не дае прыплоду? Таму асноўная задача, якую паставіў старшыня перад работнікамі, — гэта нарошчванне пагалоўя. Аляксандр Бойка закрануў і яшчэ адно пытанне – рэканструкцыя фермы ў вёсцы Заазёрная. “Я думаю, што ў канцы лютага мы пачнем ўжо гэтую рэканструкцыю”, — адзначыў старшыня гаспадаркі. Не засталіся без увагі і пытанні машынна-трактарнага парку, недаатрымання малака, дрэннай кармавой базы, заработнай платы. Дарэчы, за мінулы год заработная плата ў гаспадарцы значна ўзрасла. У сваім выступленні Вячаслаў Федзюковіч адзначыў, што раслінаводства і жывёлагадоўля непарыўна звязаны, яны працуюць адна на адну, і ад развіцця адной залежыць развіццё другой. “Безумоўна, праблемы ў гаспадарцы ёсць і іх неабходна вырашаць, але ж ёсць і поспехі, — гаварыў Вячаслаў Федзюковіч.- Жывёлагадоўля — гэта галоўная галіна ў сельскай гаспадарцы, таму ёй патрэбна больш надаваць увагі, патрэбна правільна наладжваць работу, і тады ўсе атрымаецца. А таксама патрэбна нарошчваць выворчасць малака. І паверце, гэта на самой справе ўсё нам пад сілу”. У канцы свайго выступлення Вячаслаў Федзюковіч пажадаў поспехаў працаўнікам у іх нялёгкай, але высакароднай працы, пасля чаго старшыня гаспадаркі Аляксандр Бойка перайшоў да ўзнагароджання самых лепшых працаўнікоў гаспадаркі. Таксама ўсе удзельнікі сходу змаглі адпачыць душой, паглядзеўшы спецыяльна для іх падрыхтаваны канцэрт.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!