З КАНКРЭТНАЙ ПЕРСПЕКТЫВАЙ

На справаздачны сход, каб падвесці вынікі сваёй работы за год і акрэсліць планы на 2012-ы, працаўнікі СВК “Рыта” прыйшлі вялікім і дружным саставам. Яны ўважліва праслухалі даклад старшыні Івана Пастушака, у якім падрабязна прааналізавана работа калектыву, намечаны задачы.
Былі плюсы, былі мінусы. Гаспадарка летась зрабіла крок наперад – на 1 работніка атрымана прадукцыі на суму 62,9 мільёна рублёў, і гэта трэці паказчык сярод сельгасарганізацый раёна. Вытворчасць прадукцыі вырасла амаль на 15%. Вырашчаны самы высокі ў раёне ўраджай морквы – 475 цэнтнераў з гектара, рэнтабельнасць яе продажу склала 67%. Аднак у жывёлагадоўлі, як адзначаў старшыня, па многіх пазіцыях сельгаскааператыў адстае ад іншых. Асабліва нямала пралікаў ва ўзнаўленні статка, нізкія надоі, невысокія прыбаўленні ў вазе. А менавіта з такіх паказчыкаў складваецца эканоміка. Кіраўнік называў лічбы, да якіх трэба імкнуцца, каб калектыву адчуваць сябе больш упэўнена ў эканамічным развіцці. Напрыклад, сёння гаспадарцы трэба прадаваць штодзённа не менш чым 12 тон малака (прадаецца пакуль толькі да 7 тон), павышаць прадуктыўнасць БРЖ, паляпшаць у плане збалансавання кармленне. Развіццё жывёлагадоўлі велікарыцкія жывёлаводы звязваюць з будаўніцтвам новай фермы і з рэканструкцыяй старой у в. Дубічна.
Размова праходзіла па-дзелавому. Бо мінуў час гаварыць агульнымі выразамі, што, маўляў, каб лепш жыць, трэба больш і лепш працаваць. Галоўныя спецыялісты гаспадаркі прадставілі свае канкрэтныя праграмы наконт таго, як трэба фарміраваць будучы ўраджай, выконваць даведзеныя паказчыкі ў жывёлагадоўлі.
Лепшыя працаўнікі сельгаскааператыва, сярод якіх Наталля Хапалюк, Марыя Нушчык, Ніна Серадзюк, Надзея Трацюк, Ніна Літвінюк, Васіль Мароз, Багдан Ніўчык, Аляксандр Хевук і іншыя, атрымалі за старанне добрыя матэрыяльныя ўзнагароджанні. А дырэктары Пажэжынскай і Велікарыцкай школ Ніна Сірота і Ірына Наркевіч падзякавалі лепшым бацькам за выхаванне дзяцей Граматамі і цёплымі словамі.
Галоўны сход для сельскіх працаўнікоў – добрая нагода абмеркаваць і ўсе жыццёвыя справы. Не засталіся безудзельнымі да гэтага і старшыня сельвыканкама Віктар Кірычун, і велікарыцкі свяшчэннік айцец Анатоль.
Сэрцы вяскоўцаў сагрэліся канцэртнай праграмай, якую падрыхтавалі таленавітыя аднавяскоўцы.
У рабоце сходу прынялі ўдзел старшыня райвыканкама Казімір Лапіч і першы намеснік старшыні Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню абл­выканкама Валянцін Зайчук.
***
На сходзе старшынёй СВК “Рыта” абраны Іван Пастушак.
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКУ: у час сходу.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!