У гонар тых, хто быў на лініі агню

У рамках месячніка выхаваўча-патрыятычнай работы, прысвечанага Дню абаронцаў Айчыны, у раёне прайшоў традыцыйны аўтапрабег “Памяць”. Разам з арганізатарамі яго – прадстаўнікамі раённага камітэта ГА “БРСМ”, аддзела па справах моладзі і Кобрынска-Маларыцкай арганізацыйнай структуры ДТСААФ — на сустрэчу са школьнікамі Ляхавецкай і Макранскай сярэдніх школ раёна адправіліся ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і сённяшнія воіны-пагранічнікі.
Шмат цікавых фактаў аб ваенных падзеях пачулі старшакласнікі ад былога мінамётчыка Васіля Піліпавіча Маркава, які ўспомніў свае баявыя паходы, расказаў пра той бой, у якім быў паранены. Заўжды памятаць сваю гісторыю і не пакідаць без увагі тых лю­дзей, хто, не шкадуючы сваіх сіл, змагаўся за вызваленне роднай зямлі, заклікаў ён школьнікаў. Уважліва слухалі дзеці і цікавы расказ былой партызанкі Марыі Пятроўны Струк, якой таксама давялося шмат пабачыць і перажыць.
Зацікавіў школьнікаў і расказ пра будні пагранічнікаў ваеннаслужачых аддзела пагранічнай службы “Маларыта” Уладзіміра Алексюка і Віталя Пратасавіцкага.
Удзельнікі аўтапрабегу “Памяць” усклалі вянкі на магілу савецкіх воінаў і ахвяр фашызму ў вёсцы Ляхаўцы і на магілу загінуўшых воінаў у вёсцы Макраны.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час аўта­прабегу.
Фота Аляксандра ГАЛОЎЧЫКА.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.