СУПРАЦОЎНІЦТВА ДЛЯ БЯСПЕКІ,

альбо Каб старасць была ў радасць
Аб’яднаць сілы, каб супрацьстаяць асацыяльным учынкам, разам змагацца супраць злачыннасці – такое рашэнне было прынята на вучобе-семінары па захаванні бяспекі жыццядзейнасці пажылых людзей. Ініцыятыва правядзення такіх семінараў у рамках комплекснай праграмы сацыяльнага абслугоўвання на 2011-2015 гады належыць Прэзідэнту краіны, які заклікае звяртаць больш ўвагі на пажылую катэгорыю насельніцтва.
У актавай зале РАУС сабралася шмат людзей, якія не засталіся абыякавымі да актуальнай праблемы. Гэта і супрацоўнікі праваахоўных органаў, і старшыні сельвыканкамаў, і работнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, а таксама прадстаўнікі “Беларусбанка” і “Белаграпрамбанка”, камунальнай службы, тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і медработнікі. Калі аб’яднаць намаганні ўсіх пералічаных служб са штодзённай працай работнікаў праваахоўных органаў, атрымаецца цудоўная формула поспеху ў барацьбе са злачынцамі. А працаваць гэтая сістэма павінна так: па-першае, раз на тыдзень створаная група плануе сумеснае наведанне адзінокіх і састарэлых людзей, пенсіянераў, асаблівую ўвагу звяртаючы на тых пажылых людзей, у якіх ёсць праблемы са злоўжываннем спіртнымі напоямі, тых, хто не аплачвае камунальныя рахункі; па-другое, сваю прафілактычную работу па выяўленні крымінальных элементаў (сюды ўваходзяць і месцы нелегальнага гандлю спіртнымі напоямі, і неспрыяльныя сем’і, і дамы, у якіх парушаны ўмовы пражывання) вядуць участковыя. Яшчэ адна задача, якая кладзецца на плечы ўчастковых, – гэта пошук найбольш дзейсных шляхоў захавання бяспекі пенсіянераў. Да гэтага далучаецца агітацыйная работа на сельскіх сходах і прапаганда банкаўскіх паслуг. Патрэбна растлумачыць пажылым людзям, што грошы лепш захоўваць на банкаўскіх укладах, здымаць іх па неабходнасці, невялікімі сумамі. Увогуле ў банкаў ёсць шмат цікавых прапаноў, якія дапамогуць зберагчы грошы ад чужых рук.
— Па статыстыцы, з кожным годам павялічваецца колькасць злачынстваў, якія ўчыняюцца супраць пажылых лю­дзей. Калі ў 2010 годзе было выяўлена 16 такіх злачынстваў, дык у 2011 — ужо 28. З іх 26 – гэта крадзяжы. Логіка злодзеяў цалкам прадказальная. Дажыўшы да пенсійных гадоў, многія пажылыя людзі стараюцца назбіраць пэўны “капітал”. Грошы яны захоўваць дома, хто ў ложку, хто ў шафе, хто ў слоіку, адным словам, дзе заўгодна, але толькі не ў ашчадным банку. У той жа час, пажылыя людзі з’яўляюцца больш безабароннымі ў параўнанні з людзьмі маладога ўзросту. Таму вельмі важным з’яўляецца абмен інфармацыяй паміж рознымі службамі, выяўленне тых, хто можа быць небяспечным для пажылых. Як правіла, дзве трэціх неплацельшчыкаў камунальных рахункаў – гэта людзі, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі, не маюць пастаяннай крыніцы заробку, — адзначаў у сваім выступленні начальнік аддзялення прафілактыкі і аховы правапарадку Эдуард Паўлаў.
Але ж злачыннасць – гэта не адзінае, што пагражае людзям пажылога ўзросту. На жаль, вельмі часта да сумных вынікаў прыводзіць асабістая неасцярожнасць. У Маларыцкім раёне ў 2010 годзе па прычыне курэння ў ложку загінула 6 чалавек, у 2011 – 4. Хаця аб правілах бяспекі кожны чуў не адзін раз. У зімовы сезон, нагадаў, выступаючы перад удзельнікамі семінара, супрацоўнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях Генадзь Суміч, асабліва актуальнымі становяцца пытанні бяспечнага карыстання пячным ацяпленнем. А таму важная задача — праверка спраўнасці печаў, электраправодак, аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў.
Кожнаму трэба быць асцярожным, уважлівым, берагчы сябе і сваіх блізкіх і абавязкова думаць пра тых, хто жыве побач, пра тых, каму патрэбна дапамога. Напомніць пра гэта і паказаць усю важнасць супрацоўніцтва і было галоўнай мэтай семінара.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: у час семінара-вучобы.
Фота аўтара.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!