Прывітанне з Афрыкі

Афрыканскі падарунак паднесла беларуская прырода жыхарам в. Макраны. 14-10 тысяч гадоў таму назад тут з’явілася дзюна – пясчаны ўзгорак, які ўтварыўся пад уздзеяннем ветру.
— Яшчэ ў час пазерскага але­дзянення з паўночнага захаду ў наш бок вецер пераносіў пяскі, — падымаючыся на дзюну, гаворыць Алег Вясянёў, настаўнік геаграфіі Макранскай сярэдняй школы. — У Макранах “вандроўніка з грузам” спыніў лес. Так утварылася вузкая града ў форме падковы. Даўжыня яе – 4 км, шырыня – 50-100 метраў. Праўда, цяпер частку прыроднага шлагбаума высеклі, а зямлю на яго месцы разаралі пад поле.
Узнімаемся на дзюну з паўночнага боку. Ісці цяжка.
— Тут круты рэльеф, — тлумачыць Алег Міхайлавіч. Ухіл схілу 25-35 градусаў. Да таго ж гэтая частка — узыходная.
— Ого! – здзіўляюся, убачыўшы зваротны бок дзюны.
— Сыходная частка пясчаная і пакатая – ухіл 15 градусаў, — усміхаецца Алег Міхайлавіч. – Тут практычна няма дрэў, хаця “на поўначы” хвоя на хвоі расце. Затое тут вельмі якасны пясок – светла-жоўты, розназярністы. У 60-90-х гадах яго выкарыстоўвалі для будаўніцтва і падсыпкі дарог. Але калі дзюну аб’явілі помнікам прыроды, вывозіць пясок перасталі.
Паўночны хваёвы лес разбаў­ляюць асіны і бярозы. Зрэдку яны сустракаюцца і па левы бок. Трапляюцца таксама крушына, ядловец, рабіна. Быццам бы дываном схілы дзюны ўсцілаюць імхі і лішайнікі.
— Тут, дарэчы, баброў і лісіц можна сустрэць, — усміхаецца субяседнік.
Стаім на дзюне і здаецца, што мы на адным узроўні з правадамі электрычных слупоў.
— Падыходзім да грэбеня дзюны, вышэйшай кропкі, — паказвае настаўнік. — Яго вышыня 158-165 метраў над узроўнем мора, у сярэднім жа абсалютная вышыня падэшвы 154-155 метраў.
Вывучаць дзюну пачалі яшчэ пры імператары Мікалаі ІІ – у 1902 го­дзе. Насуперак навуковай назве, мясцовыя жыхары завуць дзюну гарой. Але ў гары і дзюны розныя спосабы ўтварэння.
Нечакана Алег Міхайлавіч нахіляецца і паднімае гільзу. Знаходка.
— У 1944 годзе немцы тут трымалі сур’ёзную абарону ад савецкіх войскаў, — тлумачыць субяседнік. – Таму тут можна знайсці і гільзы, і нават 10-сантыметровыя кавалкі металу з нямецкага дзота.
Аднойчы ў час турпаходу школьніца натыкнулася на міну.
— Мы тэрмінова выклікалі сапёраў, але снарад часоў Вялікай Айчыннай аказаўся нерабочым, — успамінае Алег Міхайлавіч. – Затым металашукальнікамі сапёры пачалі правяраць усю дзюну. Праўда, ненадоўга іх хапіла. “З-за гільз апараты спрацоўваюць на кожным кроку”, – відаць, падкрэсліваючы бяссэнсавасць сваёй работы, абураліся сапёры.
Праходзім па дзюне каля кіламетра.
— Яшчэ крыху і пачнецца ўкраінская граніца, — спыняе мяне субяседнік.
А вось ў ІХ-VІІІ стагоддзі да нашай эры, калі аб граніцах ніхто не задумваўся, каля дзюны сяліліся старажытныя людзі. Таму з гільзамі тут трапляюцца наканечнікі коп’яў, кінжалы, гарпуны.
— Цяпер на Макранскай дзюне людзі толькі адпачываюць, — гаворыць Алег Міхайлавіч. – Вось сляды ад вогнішчаў, а далей валяецца стары бампер. Зімой дзеці прыходзяць сюды на санках і лыжах пакатацца.
Гэта з такой вышыні!
— Памятаю, у дзяцінстве ляцеў з дзюны на лыжах і не змог размінуцца з хвояй, — смяецца Алег Міхайлавіч. – Потым сябрам давялося мяне з дрэва здымаць.
— У пустыні дзюны могуць рухацца, а ў нас? – цікаўлюся.
— За тысячы гадоў гэтая дзюна наўрад ці зрушылася з месца, — расказвае настаўнік. — У нас няма такіх моцных вятроў, як у Афрыцы. Ды і лес, хоць цяпер ён знаходзіцца не так блізка, як некалі, — сур’ёзная перашкода для руху.
Але змяненні ўсё ж адбылі­ся.
— З-за дажджоў і вод, што сцякаюць, пачалі з’яўляцца абрывы, — паказвае Алег Міхайлавіч. – Добра што карэнні хвой стрымліваюць глебу.
— Яры змогуць раздзяліць дзюну на часткі? – пытаюся.
— Гадоў праз тысячу, — усміхаецца Алег Міхайлавіч. – Думаю, хутчэй гэта зробяць людзі, вырашыўшы пракласці тут дарогу.
Кацярына ПАНЦЯЛЕЕВА,
в. Макраны.
НА ЗДЫМКУ: з паўднёвага боку дзюна напамінае сваю “афрыканскую сястру”.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.