Сапфіравая старонка ў кнізе сямейнага жыцця

1964 год. З накіраваннем ад Брэсцкага ўпраўлення адукацыі ўчарашняя школь­ніца Марыя, закон­чыўшы адзінаццаць кла­саў, едзе з Дамачава ў Маларыцкі раён, у зусім невядомую ёй вёску Перавое. Едзе, каб пачаць сваё дарослае, самастойнае жыццё. Тут, у невялікай вясковай школе чакае яе пасада настаўніцы пачатковых класаў. У працоўнай біяграфіі Марыі будзе толькі адна прафесія – педагог, якой застанецца вернай яна на працягу 38 гадоў свайго жыцця.
— У Перавым тады была школа-сямігодка, навучалася ў ёй больш за 30 дзяцей. Ды і сама вёска была немалая, – успамінае гады сваёй маладосці Марыя Трафімаўна Бягеза.
Маладая, кемлівая і рашучая дзяўчына хутка ўлілася ў калектыў настаўнікаў, душою прыкіпела да вучняў. Працуючы ў школе, паралельна з “вясковымі ўніверсітэтамі” яна спасцігала навуку педагогікі ў інстытуце.
У вёсцы педагог заўжды быў фігурай прыметнай і паважанай. Без актыўнай камсамолкі Марыі не праходзіў ніводны сход, яна была першай у любой справе. Як жа мог не заўважыць яе мясцовы хлопец Якаў, які, адслужыўшы на Поўначы тры гады армейскай службы, якраз у 1964 годзе вярнуўся дамоў. Упершыню яны сустрэліся на танцах. Іскрынка пачуццяў, якая закранула сэрцы, з кожным днём пачала разгарацца ўсё больш і больш. Спачатку Марыя і Якаў бачыліся зрэдку, потым усё часцей і часцей. Тры гады яны выпрабоўвалі сваё каханне, а ў лютым 1967 года пажаніліся. Іх вяселле, якое гулялі пры святле газніц, бо электры­фіка­цыя ў вёску Перавое прый­шла толькі ў 1969 го­дзе, у наш час ілюмінацыі мож­на было б назваць вельмі рамантычным. Маладая сям’я пасялілася ў доме бацькоў Якава, дзе Марыю прынялі, як родную. У баць­коўскім доме і пражылі Марыя Трафімаўна і Якаў Мацвеевіч у згодзе і паразуменні ўсё сваё жыццё. Выгадавалі, вывучылі і адправілі ў самастойны шлях дзвюх дачок. Адна цяпер жыве ў Мінску, другая – у Растоўскай вобласці. Дочкі падарылі бацькам чацвёра ўнукаў. Унучкі з Мінска кожнае лета наведваюць бабулю з дзядулем. А вось да растоўскіх унукаў Якаў Мацвеевіч і Марыя Трафімаўна летась выбраліся самі. 38 гадзін заняла дарога, але колькі радасці было ад сустрэчы!
Дом Марыі і Якава Бягезаў у Перавым стаіць крыху ў баку ад вуліцы. Побач лес, які ў снежным покрыве падобны на казачны. Хараство, аж душа замірае…
— І зімою ў нас прыгожа, і летам, — расказваюць гаспадары. – Вось толькі зімою больш дома сядзім. Куды ж пойдзеш? Хіба што ў магазін, каб набыць тое, што неабходна. А вось з вясны да восені сумаваць не даводзіцца.
Бягезы, як і кожны вясковец, заўжды былі гаспа­дарамі дбалымі. Хоць і часу на хатнія справы не хапала, бо Марыя Трафімаўна нават на пенсіі, да самага закрыцця школы, займалася з вучнямі, а Якаў Мацвеевіч 43 гады адпрацаваў у мясцовай гаспадарцы вадзі­целем, але ж і гаспадарку яны трымалі, і на зямлі старанна працавалі. Ды і цяпер склаўшы рукі не сядзяць. Гэта зіма для вяскоўца — перадышка. А ледзь снег сыдзе, зноў на агародзе работа закіпіць. Бо і бульбу трэба пасадзіць, і гародніну, каб усё сваё было. А летам ўнучкі прыедуць, каб чыстым вясковым паветрам падыхаць, дапамагчы бабулі і дзядулі ды вітамінаў ў арганізме назапасіць. У са­дзе, дзе многія дрэвы паса­джаны і прышчэплены рукамі Якава Мацвеевіча, да таго часу паспеюць ужо яблычкі. І зноў у старым вясковым доме будзе шумна. А пакуль з дзецьмі і ўнукамі Марыя Трафімаўна і Якаў Мацвеевіч дзеляцца навінамі, думкамі і планамі па тэлефоне. А напачатку лютага ўсе блізкія віншавалі іх з 45-годдзем сямейнага жыцця – сапфіравым вяселлем, чарговай юбілейнай старонкай у кнізе сямейнага жыцця Бягезаў. І ў чарговы раз Марыя Трафімаўна і Якаў Мацвеевіч адчулі ўсю паўнату сямейнага шчасця, успомнілі былыя гады, якія былі багатыя на розныя падзеі і напоўненыя шчырасцю, спагадай і цеплынёй.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: Марыя Трафімаўна і Якаў Мацвеевіч Бягезы.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Добавить комментарий


заказать воду борисполь

https://mitsubishi.niko.ua

подробнее majbutne.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!