“Асаблівыя” заняткі,

альбо Калі за справу бяруцца дэфектолагі
Хоць сёння многае ўжо зроблена для таго, каб людзі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця не адчувалі сябе адасобленымі ад іншых, але далёка не ўсе, на жаль, пакуль навучыліся ўспрымаць іх нароўні з іншымі, глядзець у іх бок не са спачуваннем, а з разуменнем і падтрымкай. Нярэдка чалавек, які нарадзіўся здаровым, лічыць сябе лепшым за таго, хто, магчыма, у шмат ра­зоў больш таленавіты і дабрэйшы, але мае абмежаваныя магчымасці. Але ці ведаеце вы, напрыклад, што Ісаак Ньютан і Альберт Эйнштэйн, па меркаванні вучоных, былі хворыя аутызмам? Але ж іх адкрыцці і зараз здзіўляюць сваёй геніяльнасцю. Ці чулі вы пра таленавітага мастака Вілтшэра, які таксама мае псіхафізічнае парушэнне? Ён за 3 дні намаляваў пяціметровую панараму Нью-Ёрка, паназіраўшы за горадам з верталёта на працягу ўсяго 20 хвілін. І гэтыя людзі не выключэнні, проста нехта ў іх паверыў…
Але адной веры недастаткова. Да яе трэба прыкласці шмат намаганняў, псіхалагічнай і фізічнай падтрымкі. Дзеці, якія маюць парушэнні ў псіхафізічным развіцці, патрабуюць увагі. Але ж бацькі вельмі часта робяць памылку, абараняючы сваіх дзяцей ад чужых вачэй. Толькі ў зносінах з навакольным асяроддзем дзіця можа ўзбагачаць свой унутраны свет, назапашваць эмацыянальна-пачуццёвы вопыт. Яшчэ адна памылка – чакаць, што ўсё наладзіцца само сабой. Толькі заўважыўшы нейкія праблемы ў развіцці дзіцяці, папярэджваюць спецыялісты, патрэбна звяртацца за кваліфікаванай дапамогай у Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.
— Ёсць узроставыя нормы развіцця дзіцяці (моўныя, рухальныя, эмацыянальныя). Пра іх можна даведацца з літаратуры, з інфармацыі на спецыяльных сайтах у інтэрнэце, з гутаркі са спецыялістамі. Чым раней выяўлена парушэнне, тым эфектыўней будзе праца людзей, якія прыйдуць на дапамогу, — лічыць настаўнік-дэфектолаг Таццяна Сацюк. — Не бойцеся расказваць аб сваіх праблемах, сумненнях, звяртайце ўвагу на дробязі і больш прыслухоўвайцеся да парад спецыялістаў. І галоўнае, не губляйце час, бо калі дзіця пойдзе ў школу, то разам з ім пойдуць і яго праблемы, якія будуць траўміраваць, ствараць комплексы.
Есць шмат прыкладаў, калі бацькі чакаюць, што іх дзіця вось-вось пачне радаваць іх сваімі пытаннямі: “Дзе?” ды “Чаму?”. Але ж праходзіць год, два, а сын ці дачка застаюц­ца маўклівымі. Аднак да спецыялістаў ніхто да пары да часу не звяртаецца. У выніку дзіця прыходзіць у дзіцячы калектыў, а аднагодкі не могуць зразумець, аб чым яно гаворыць. Лічыцца, што мова дзіцяці закладваецца да трохгадовага ўзросту, таму бацькам трэба паспяшацца.
— Цяпер назіраецца ўстойлівае павелічэнне колькасці дзяцей з парушэннямі ў развіцці. Прычын можна назваць шмат: экалогія, харчаванне і стан здароўя будучай маці, хваробы ў першыя гады жыцця, псіхаэмацыянальная атмасфера, у якой знаходзіцца дзіця, і шмат іншага. Але ў сучасным рытме жыцця, — заўважае настаўнік-дэфектолаг Міраслава Гаральчук, — бацькоў часцей больш непакоіць матэрыяльны дастатак, які, як лічаць яны, дапаможа вырашыць усе праблемы. А на развіццё свайго дзіцяці ні часу, ні сіл не хапае.
“На дапамогу”, як паказвае практыка, тут прыходзіць камп’ютар, які і раскажа, і пакажа, і супакоіць дзіця… А разам з тым зробіць яго нервовым і раздражняльным, не здольным ацаніць эмоцыі іншых лю­дзей. Камп’ютар не дае той цеплыні, якая патрэбна “асаблівым” дзецям. Яны адчуваюць свет па-іншаму, таму і падыходы да іх навучання адрозніваюцца. Іх вучаць самаабслугоўванню, выяўляюць і развіваюць іх прыродныя здольнасці, робяць так, каб яны не адчувалі сябе чужымі ў гэтым свеце, радаваліся кожнаму моманту.
— Напрыклад, чалавек з сіндромам Дауна, як і любы іншы на Зямлі, валодае непаўторнай індывідуальнасцю, мае свой характар. Хрысціна Гаргун ужо шмат гадоў наведвае карэкцыйныя заняткі ў нашым Цэнтры. Як і ў любога з нас, у Хрысціны ёсць моцныя і слабыя бакі характару, звычкі і захапленні. У дзяўчынкі цудоўна развіта пачуццё рытму, яна ведае шмат дзіцячых песень, любіць спяваць пад караоке з мікрафонам. У гэтыя моманты яе не пазнаць. Дзяўчынка свеціцца ад шчасця. Таксама Хрысціне падабаецца маляваць, таму на занятках выкарыстоўваецца нетрадыцыйная тэхніка малявання, якая дазваляе дзіцяці праявіць творчасць, самастойнасць і ініцыятыву. Творчыя работы Хрысціны знаходзяцца на выстаўках нашага Цэнтра, — расказвае настаўнік-дэфектолаг Юлія Луцык.
Безумоўна, выхоўваць дзяцей з псіхафізічнымі асаблівасцямі вельмі не проста. Дапамога ў такой сітуацыі патрэбна не толькі дзецям, але і іх бацькам. Таму пры раённым карэкцыйным Цэнтры дзейнічае бацькоўскі клуб “Крок насустрач”, дзе спецыялісты індывідуальна кансультуюць бацькоў, праводзяць трэнінгі, лекцыі. Сапраўды, патрэбны немалыя веды, каб дарослыя выпадкова не нашкодзілі дзіцяці, не выклікалі негатыўную рэакцыю. Бацькі маюць мажлівасць абмяняцца думкамі, падтрымаць адзін аднаго. Але галоўнае, бацькі вучацца прымаць і разумець сваё дзіця, любіць яго такім, якое яно ёсць, не адчуваць сябе вінаватымі, не баяцца асуджэння іншых людзей. Настаўнікі-дэфектолагі кожны дзень робяць для “асаблівых” дзяцей і іх бацькоў маленькі цуд: першым яны дараць радасць, другім — надзею. Таму і падзяк за гэтую нялёгкую справу, якія пакідаюць бацькі ў Цэнтры, шмат. Вось толькі некаторыя з іх:
“Міраслава Васільеўна навучыла не толькі правільна вымаўляць гукі, але і дапамагала майму дзіцяці развіць памяць, лагічнае мысленне, мову, увагу, дапамагала выхоўваць працавітасць, акуратнасць і цярплівасць. Вялікі дзякуй ёй! З найлепшымі пажаданнямі Н.К.Клебановіч.”
“Мая дачушка займаецца ў Цэнтры з першых дзён яго адкрыцця, ужо праз год яна стала лепш вымаўляць гукі. Першай настаўніцай яе была Таццяна Барысаўна, зараз з ёй працуе Юлія Пятроўна. Хрысціна з радасцю спяшаецца на заняткі. Дзякуй усім за дапамогу! З павагай М.Н. Гаргун.”
“У Цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі працуюць высокакваліфікаваныя, добрыя і чулыя настаўнікі. Нам вельмі падабаецца тут займацца, бо дзякуючы дэфектолагам мы навучыліся добра размаўляць. Дамоў дачка вяртаецца ў добрым настроі і заўсёды дзеліцца тым цікавым, аб чым даведалася на занятках. З ўдзячнасцю О.В.Пархамук.”
Штодня спецыялісты Цэнтра чакаюць сваіх маленькіх “асаблівых” выхаванцаў, якім гатовы аддаць часцінку душы. І агульныя намаганні, як паказвае жыццё, не дарэмныя.
Жанна КІБАЛЬНІК, намеснік дырэктара Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.
НА ЗДЫМКУ: дэфектолаг Юлія Луцык на занятках з Хрысцінай Гаргун.
Фота аўтара.

Добавить комментарий


там

buysteroids.in.ua/inekczionnyie-anabolicheskie-steroidyi/nandrolon/nandrolona-decanoate.html
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!