2012 — год работы над памылкамі

— 2011 год для нашай гаспадаркі быў вельмі складаным і правальным, — так пачаў сваё выступленне Леанід Селех, старшыня СВК “Макраны”, на справаздачным сходзе ўпаўнаважаных членаў, дзе прысутнічала 120 чалавек. – Па асноўных паказчыках вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі мы не дасягнулі ўзроўню 2010 г. Асабліва спад назіраўся ў вытворчасці малака, бо за мінулы год яго прадуктыўнасць знізілася аж на 666 кг.
Якія прычыны тут бачыць сам кіраўнік? Гэта неналежная кармавая база (на зімова-стойлавы перыяд было нарыхтавана ўсяго 20 цнт кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы; горшыя вынікі па ўзнаўленню статка (атрымана 82 цяляты на 100 кароў). Аднак галоўным, на думку старшыні, з’яўляецца тое, што галоўныя спецыялісты і спецыялісты сярэдняга звяна самазаспакоіліся. Гэтыя ж прычыны сталі асноўнымі і ў невыкананні прагнозных паказчыкаў у вытворчасці мяса.
Ужо 2 гады ў раслінаводстве СВК здараецца адна і тая ж бяда – гібель азімых культур (у 2010 г. загінула 380 га, у 2011 г. – 350 га).
— На жаль, яравыя і крупяныя культуры, — гаварыў Леанід Селех, — якімі мы перасеялі азімыя, далі невысокі ўраджай. З улікам кукурузы атрымана ўсяго 22,7 ц/га. Па гаспадарцы недабралі 1000 тон зерня. Пры захаванні тэхналогіі і ўсіх агратэхнічных правіл СВК пад сілу атрымаць 3400 тон зерня і 400 тон рапсу.
Старшыня гаспадаркі звярнуў увагу прысутных і на той факт, што нельга ўсё спісваць на прыродныя ўмовы. Шмат што залежыць ад чалавечага фактару. У сельгас­кааператыве штогод назіраецца спазненне з падкормкай азімых культур, узнікаюць пытанні з апрацоўкай глебы, якасцю сяўбы, унясеннем угнаенняў і сродкаў аховы, не заўсёды захоўваецца прадугледжаная тэхналогія. Хутка пачнуцца вясенне-палявыя работы. Стан спраў за мінулы год у СВК прааналізаваны, дадзена ацэнка дзейнасці ўсіх служб, адзначаны недахопы, акрэслены шляхі выхаду з сітуацыі, якая склалася.
— Работа над памылкамі ўжо зроблена, — адзначыў Леанід Міхайлавіч, — таму неабходна больш не дапускаць ніякіх памылак. Разам з тым, у СВК “Макраны” дасягнуты і станоўчыя вынікі. Напрыклад, таварнасць малака склала 89%, палепшылася яго якасць (вышэйшым гатункам прададзена 75%). А 4 аператары машыннага даення перасягнулі 5-тысячную мяжу. Гэта Любоў Сац, Любоў Навумчык, Ірына Алесіюк, Гюзель Бондар. За мінулы год не знізілася колькасць кароў, сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе на адкорме, акрамя таго, чысты даход па СВК склаў 142 мільёны рублёў…
-Хачу выказаць упэўненасць, — сказаў у заключэнні Леанід Селех, — што СВК “Макраны” і ў далейшым будзе нарошчваць высокімі тэмпамі вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі. Па гэтым паказчыку мы павінны выйсці ў пяцёрку СВК раёна. Каб такое ажыццявіць, ёсць патэнцыял, усе магчымасці, а галоўнае – жаданне і імкненне ісці да пастаўленай мэты.
Затым выступілі Ігар Бурда, галоўны аграном; Іван Сарачук, галоўны заатэхнік; Марыя Кійко, галоўны эканаміст, і інш. Спецыялісты паспрабавалі дэталёва і ўдумліва прааналізаваць дзейнасць сваіх службаў за справаздачны перыяд, расказалі пра планы на будучае, пра шляхі выхаду з той сітуацыі, у якой апынуліся.
Падводзіў вынікі сходу і працы СВК за 2011 год Вячаслаў Федзюковіч, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама.
— Зямля і людзі – галоўнае багацце любога сельгаскааператыву, — падкрэсліў Вячаслаў Іларыёнавіч. – У вас ёсць рэзервы, ёсць на каго раўняцца. Штат цалкам укамплектаваны адпаведнымі спецыялістамі, ды і 70% работнікаў сельгаскааператыву маюць узрост да 35 гадоў. І калі кожны з любоўю, з адказнасцю будзе адносіцца да даручанай справы, тады будзе і адпаведны вынік. Пацвярджэнне таму – дасягнутае ў студзені. Прывяду адзін толькі прыклад. Вышэйшым гатункам дзяржаве прададзена 100% малака, у тым ліку 51% — экстра-класам. А гэта дадатковы штодзённы прыбытак гаспадаркі на суму 6,5 мільёнаў рублёў. Дзе можна яшчэ сёння дадаткова зарабіць такія грошы?
Хочацца ўсім членам СВК пажадаць плёну ў працы, сабраць багаты ўраджай, дасягнуць высокіх надояў малака. Перакананы, што 2012 год для СВК “Макраны” будзе годам росту вытворча-эканамічных паказчыкаў.
На сходзе, дзе яшчэ прысутнічалі Пётр Губей, старшыня раённага Савета дэпутатаў, і Віктар Марушаў, старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, былі названы імёны і прозвішчы лепшых працаўнікоў. Яны атрымалі заслужаныя ўзнагароды.
Напрыканцы мерапрыемства адбыўся святочны канцэрт, пад­рыхтаваны работнікамі Макранскага СДК і вучнямі школы.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: у час правядзення справаздачнага сходу ўпаўнаважаных членаў СВК “Макраны”.
Фота аўтара.

Добавить комментарий


best-mining.com.ua

https://steroid.in.ua

www.best-cooler.reviews/everything-you-should-know-rtic-soft-coolers-line/
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!