Наша песня — добрым людзям

Шлях, які прайшоў народны хор ветэранаў, сведчыць пра тое, што песня ў любым узросце дапамагае змагацца за жыццё, дае моцныя сілы працаваць і добра адпачываць.
Як хутка бяжыць час! У кастрычніку 2012 г. народнаму хору ветэранаў вайны і працы Маларыцкага ГДК споўніцца 25 гадоў. Для чалавека такі ўзрост – гэта працяг юнацтва ці росквіт сіл, здольнасцей, мар і спадзяванняў. Калі гаварыць пра творчы калектыў, дык такі ўзрост для яго таксама росквіт. Нягледзячы на тое, што ў хоры людзі пажылога ўзросту, кожны з удзельнікаў застаецца маладым душою, а гэта самае галоўнае. Прысваенне калектыву ганаровага і высокага звання “народны” гаворыць само за сябе. Калектыў вырас творча, пасталеў прафесійна і не змяніў свайму творчаму крэда – энтузіязмам, вялікай любоўю да песні, маладосцю душы запальваць сэрцы слухачоў самых розных узростаў.
Усё пачалося з гуртка, які аб’яднаў самую актыўную ветэранскую частку горада. Ідэя стварэння хору ў першую чаргу належыла раённаму савету ветэранаў вайны і працы, які ў свой час узначальвала Тамара Феафілава. Ініцыятыву стварэння такога калектыву падтрымалі многія паважаныя людзі нашага горада. І асабліва такія няўрымслівыя і неабыякавыя да культурнага жыцця жанчыны, як Галіна Рыгораўна Андрыішына, Марыя Васільеўна Ізбіцкая. І пайшлі па адрасах паштоўкі, якія запрашалі ветэранаў на першую рэпетыцыю. Пачалі сустракацца, бо не замыкацца ж у чатырох сценах. Абменьвалі­ся навінамі, арганізоўвалі святочныя “агеньчыкі”. Я адразу адчула і ўбачыла, якія энтузіясты сабраліся, што прывяла сюды людзей любоў да песні і жаданне спяваць. Як іх было не падтрымаць. Пачалі рэгулярна, 2 разы на тыдзень, збірацца на рэпетыцыю. Жадаючых аказалася вельмі шмат. Прыйшлі тады 17 мужчын і 25 жанчын. Шмат прапаноў уносілі ветэраны, як лепш арганізоўваць рэпетыцыі, падбіраць рэпертуар, якія любімыя творы выконваць. Яўка заўжды была стопрацэнтная, нават калі нехта і хварэў – усё роўна ішоў. “Я ж, — кажа, — тут адпачываю і душой, і целам!”
“Спявае хор ветэранаў”, — аб’яўляе вядучы канцэрта, і ў цэнтры сцэны праменні пражэктара высвечваюць стройныя рады ўбеленых сівізною людзей, апранутых у строгія сінія касцюмы са шматлікімі баявымі і працоўнымі ўзнагародамі. Песня змаўкае, у зале – шчырыя апладысменты. Гледачы цёпла прымаюць выступленне хору…
Першае выступленне адбылося праз месяц. Праходзіла яно на сцэне ГДК і прысвячалася 70-й гадавіне Вялікага Кастрычніка. Трэба сказаць, што яно было паспяховым. Хор неаднаразова выклікалі на “біс”, што стала нейкім штуршком у далейшай рабоце, натхніла на творчасць.
Як нельга схапіць імгненне, калі распускаецца лісце на дрэвах, так і не прыкмеціш, як раптам здзіўляе дар натхнення – спяваць для душы. Кожны з удзельнікаў хору заслугоўвае добрых слоў. Тым больш, што працуюць на грамадскіх пачатках. Самая высокая плата – гэта дзякуй. Вялікі дзякуй! Яны – сапраўдныя энтузіясты, для якіх галоўнае – несці радасць людзям. Ну, а калі больш блізка пазнаёміцца з удзельнікамі хору, то зразумееш, што кожны з іх па-свойму таленавіты. Вясёлыя і ўсмешлівыя, яшчэ і з жартачкамі – Марыя Ківачук і Сямён Олтушац. Вольга Амяльян – прызнаны майстар размоўнага жанру. Калі яна на сцэне – слухачы смяюцца і рагочуць, заўсёды дораць шчырыя апладысменты. Дзмітрый Панасюк – саліст, мае адметны голас. Адказны, добрасумленны, пяшчотны. Сам падбірае рэпертуар, і не ўявіць калектыў без гэтага выканаўцы. Нельга не ўсміхнуцца, слухаючы ў выкананні Ніны Кузьміч вясёлыя, запальчывыя песні. Сваім звонкім, непаўторным, каларытным тэмбрам і голасам здзіўляюць слухачоў Соф’я Бялова, Вольга Брухавецкая, Валянціна Бярнацкая, Марыя Сцепанюк, Вольга Макарук. З любоўю адносяцца да песні і маюць вялікае жаданне спяваць Валянціна Шэхтман, Ганна Ламаносава, Вера Галавей. А якім прыгожым тэмбрам і голасам валодае Ліля Мурзіна. Кожная яе песня, кожнае выступленне – гэта цэлая легенда і незабыўны раманс, напоўнены дабрынёй, сціпласцю і непаўторнасцю. З пяшчотай і душэўнасцю гучаць песні ў выкананні Анатоля Жуліна, Генадзя Антонава. Дарэчы, Генадзю Антонаву споўнілася нядаўна 80. Якая добразычлівая атмасфера была ў час юбілейнага вечара “Няхай будзе жыццё тваё шчаслівым, няхай будуць доўгімі гады”. Калі глядзіш і слухаеш выступленні гэтых прыгожых мужчын, думаеш: “Вось з каго трэба браць прыклад”. Яны не проста спяваюць, яны паказваюць свой талент, перадаюць змест твора, тое, як выглядаюць у песнях іх героі, пра што яны думаюць у гэты момант. І разумееш, як гэта цудоўна – жыць, тварыць, спяваць.
Гады ідуць. Некаторыя пакінулі хор: сілы і здароўе не тыя. Словы падзякі хачу выказаць Соф’і Дубовік, Галіне Андрыішынай, дарэчы, яна – лаўрэат ІІ Усесаюзнага фестывалю самадзейнай народнай творчасці, вялікі майстар выканання, нязменны арганізатар, цудоўная вядучая. Трэба сказаць, што калектыў папаўняецца новымі ўдзельнікамі. Напрыклад, Лідзія Шыян – швачка прадпрыемства “Дзіона”, Надзея Букач – былы выхавальнік мясцовага каледжа, Вера Галавей – прадпрымальнік, Людміла Чуль – выдатная салістка, выканаўца народных песень, працуе ў райспажыўтаварыстве.
Узрост удзельнікаў хору – ад 55 да 80 гадоў. Здавалася б, немаладыя людзі. Але паважанага ўзросту і не заўважыш. “Песня малодзіць, — кажуць, — наша захапленне ёю. Спяваем і ў хоры, і дома. Пастаянна рэпеціруем, бо, выходзячы на сцэну, павінны быць добра падрыхтаваны”.
У рэпертуары калектыву песні ваеннай тэматыкі. Сярод іх “Пісьмо сыну”, “Сустрэча ветэранаў”, “Мы памятаем радасць 45-га”, “Не старэюць душой ветэраны”, “Партызанскі край” і многія іншыя. Любяць ветэраны выконваць беларускія, рускія і ўкраінскія песні. Сярод іх – “Зайшло сонца”, “Край беларускі”, “Ліпа векавая”, “Грай, гармонік”.
А дзе ж выступаюць сама­дзейныя артысты? Ды шмат дзе. Геаграфія выступленняў з кожным годам пашыраецца. Хор слухалі жыхары раёна, Кобрына, Камянца, украінскага Ратна. Асабліва запомніўся канцэрт перад пастаяльцамі Дома састарэлых у Дамачаве, што ў Брэсцкім раёне. Добрыя словы ў адрас калектыву не раз выказвалі настаўнікі і вучні ўстаноў адукацыі раёна. Калектыў – часты госць у сельскіх Дамах культуры, Доме фальклору, Дамах сацыяльных паслуг. Запамінальным застаецца выступленне хору для медыцынскіх работнікаў райбальніцы ў дзень іх прафесійнага свята, а таксама на “агеньчыку” для ветэранаў-медыкаў. Акінеш вокам залу, а там сядзяць такія ж убеленыя сівізной ветэраны, са шчырай усмешкай на тварах. Яны рады, што ім дораць песні, і яны адчуваюць, што недарэмна насілі белы халат.
Надоўга запомніліся мелодыі ваенных песень у час сустрэчы з ветэранамі вайны на Кургане Славы. Хор удзельнічаў у тэматычных канцэртах, прысвечаных Дню Перамогі, Дню Незалежнасці РБ, юбілейнай праграме, прысвечанай 85-годдзю таварыства інвалідаў па зроку. Але пакуль што самым яскравым і непаўторным застаецца ўдзел калектыву ў абласным фестывалі творчасці ветэранаў вайны і працы, які праходзіць 1 раз у 2 гады. 18 лютага 2012 г. хор зноў прымаў удзел у занальным аглядзе-конкурсе творчасці ветэранаў у Кобрыне. Наступнае выступленне – на ХІІ абласным фестывалі творчасці ветэранаў “Неспакойныя сэрцы”, які адбу­дзецца 17 сакавіка ў Брэсце. Незабыўнымі для ўдзельнікаў застануцца экскурсія па Брэсцкай крэпасці, а таксама выступленне перад жыхарамі в.в. Тэльмы, Чэрні Брэсцкага раёна і Навасёлкі – Кобрынскага.
Хор жыве не толькі рэпетыцыямі і канцэртамі. Назаўсёды запомніцца цікавая сустрэча з ветэранамі вайны, воінамі-афганцамі, вучнямі школ горада, у час якой гучалі не толькі песні ваеннай тэматыкі, але і ў цёплай атмасферы прадстаўнікі розных пакаленняў успаміналі мінулае, абмяркоўвалі жыццёвыя праблемы, гаварылі пра будучае. На высокім прафесійным узроўні прайшло выступленне ўдзельнікаў двух ветэранскіх калектываў Ратнаўскага і Маларыцкага раёнаў у парку Дружбы, што на мяжы Украіны і Беларусі. Гэта было сумеснае запамінальнае і непаўторнае выступленне майстроў харавога жанру. Цікава прайшла сустрэча ўдзельнікаў хору з Міністрам культуры РБ Паўлам Латушкам. Сёлета ў Дзень пажылых людзей удзельнікі народнага хору з ахвотай наведалі маленькую вёску Перавое, каб парадаваць добрай песняй, цёплым праменьчыкам сагрэць сэрцы тых людзей, узрост якіх называюць восенню жыцця. А колькі засталося прыемных эмоцый пасля правядзення “агеньчыка” для жанчын “Вясной падснежнік расцвітае, і дорыць людзям шчасця імгненне”.
Акрамя песні, у людзей, што спяваюць у хоры, ёсць яшчэ іншыя захапленні. Напрыклад, вышыўка. Калі вышываеш, душа адпачывае. Вось чаму вялікі ўклад удзельнікаў хору ў развіцці народнай творчасці. Калі наладжвалі выставу ў час правядзення Дня пажылых людзей, Дня інвалідаў, свае работы прадставілі Анатоль Жулін, Вольга Брухавецкая, Марыя Ківачук, Вольга Макарук. Ручнікі, вышытыя гладдзю Марыяй Ківачук, упрыгожылі юбілейную сустрэчу інвалідаў, якая праходзіла ў Брэсце, яны былі адзначаны Дыпломам І ступені і каштоўным падарункам. На абласным аглядзе-конкурсе “Тварыць прыгажосць” дарожкі Соф’і Бяловай і дыван Марыі Ківачук адзначаны Ганаровымі граматамі.
Вельмі прыемна, што ў нашым горадзе ёсць такія людзі, якія любяць песню, творчасць. Дзякуй за іх голас, за творы, за тое, што яны проста ёсць на нашай маларыцкай зямлі. Ніколі не думала і не здагадвалася, што адкрыю для сябе ў жыцці новую старонку – работу з хорам. Такая праца прыносіць сапраўдную радасць і задавальненне. Ты бачыш людзей, апантаных любімай справай, бачыш тое, як яны маладзеюць і сэрцам, і душой, становяцца непазнавальнымі, калі спяваюць. Прыемна гэта ўсведамляць. Яны прыносяць радасць не толькі сабе, але і ўсёй аўдыторыі, якая слухае. І гэта, мабыць, самая вялікая радасць! А канчатковай задаволенасці ў творчай рабоце, думаю, ніколі не бывае. Заўсёды хочацца чагосьці большага…
Галіна БЯГЕЗА, мастацкі кіраўнік народнага хору ветэранаў.
НА ЗДЫМКУ: выступае народны хор ветэранаў Маларыцкага ГДК.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.