Сцэна — мара дзяцінства

У дзіцячым садзе праводзілі конкурс музычных талентаў. Адной з удзельніц гэтага конкурсу была маленькая Ксюша Табачкоўская. Можна сказаць, што гэта і быў яе эстрадны дэбют. Песня Алы Пугачовай “Непагадзь” прынесла Ксюшы перамогу. Але больш за ўсё дзяўчынку парадавала не сама перамога, а тое, што яна адчула, што можа спяваць, што гэта ёй вельмі падабаецца. Менавіта тады з’явілася яе мара стаць спявачкай.
Прабягалі гады. Ксенія расла, змяняліся прыхільнасці, захапленні, і толькі жаданне спяваць заставалася ня­зменным. Што б ні рабіла дзяўчынка, заўжды гучала песня. Аднойчы, калі Ксюша адпачывала ў лагеры, яе выступленне на сцэне пачула важатая, якая і парэкамендавала Ксюшынай маме адвесці дачку ў эстрадную студыю пры ГДК. З таго часу Ксенія Табачкоўская стала адной з салістак студыі “Забава”.
У жыцці нярэдка атрымліваецца так: першая мара аб той ці іншай прафесіі пачынае рассейвацца, быццам ранішні туман, а на змену ёй прыходзяць больш рэальныя планы. Ксенія сваёй першай мары так і не здрадзіла. Закончыўшы школу, яна паступіла ў Брэсцкі музычны каледж на аддзяленне акадэмічных спеваў. Вучоба ў ім была добрай школай музычных ведаў. Але ў каледжы правучылася Ксенія толькі два гады. Так склаліся абставіны, што па стану здароўя ёй давялося пакінуць вучобу. Але адмаўляцца ад прафесіі, звязанай з мастацтвам, таленавітая дзяўчына не збіралася. Яна ўладкавалася працаваць культарганізатарам у гарадскі Дом культуры і паступіла завочна ў Пінскі дзяржаўны каледж мастацтваў на факультэт рэжысуры народных абрадаў і свят. Толькі цяпер, калі сцэна стала яе прафесіяй, Ксенія Табачкоўская адчула, што мара яе здзейснілася.
— Я вельмі люблю сцэну, люблю спяваць, адчуваю, што гэта маё. Думаю, гэта цудоўна, калі прафесія цалкам супадае з тваім захапленнем, з тым, што дастаўляе табе радасць, — прызнаецца дзяўчына.
— Калі сцэна для цябе месца прывычнае, напэўна, ужо зусім не хвалюешся, калі выходзіш спяваць? – пытаюся ў Ксеніі.
— Ой, не, да гэтага не прывыкнеш. Кожны раз хвалюешся, нібы выходзіш у першы раз. Галоўнае толькі, умець з гэтым хваляваннем справіцца. Пра яго забываеш, калі пачынаеш спяваць, бо ўжо жывеш песняй, сэнсам яе слоў, перажываеш песню, нібы сваю гісторыю.
Прыгожы голас, гармонія з музыкай, уменне трымацца на сцэне і зачароўваць сваёй песняй неаднойчы дапамагалі Ксеніі дабівацца прызавых месцаў на розных творчых конкурсах. Яна прайшла ў паўфінал конкурсу “Зорка ўзышла над Беларуссю” і атрымала права ўдзельнічаць у канцэрце “Рытмы маладосці”, дзе за выкананне песні атрымала грамату. У конкурсе сучаснай песні “Звязда” ў дуэце са сваёй калегай Вольгай Бярчук Ксенія выйшла ў пераможцы абласнога туру конкурсу і ўдзельнічала ў рэспубліканскім этапе, які праводзіўся ў Мінску. Паспяхова выступіла дзяўчына і на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу ваенна-патрыятычнай песні “Табе мае спевы, Белая Русь”.
Прафесія культарга­нізатара – гэта не толь­кі, і нават не столькі выступленне на сцэне, колькі творчая работа па арганізацыі розных свят. Менавіта ад таго, як будзе падрыхтавана праграма, залежыць настрой гледачоў. Гэта добра разумее Ксенія, таму і стараецца. Між іншым, у яе ёсць добры дарадчык і настаўнік – яе мама, прафесія якой – мастацкі кіраўнік.
…Ксенія з захапленнем расказвае пра сваю творчую работу. Не здолеўшы стрымаць цікавасць, пытаюся:
— Няўжо не стамляе тое, што ўсе святы трэба быць у цэнтры падзей, забаўляць іншых?
— Не, не стамляе. Прыемна адчуваць сябе часцінкай свята, дарыць іншым радасць. Шкада толькі, што рэдка ў святы даводзіцца быць з сям’ёй. Але гэта не засмучае, бо тая работа, якую я абрала, мне вельмі падабаецца.
У школьныя гады сярод сваіх аднагодкаў Ксенія вызначалася актыўнасцю. Яна з задавальненнем удзельнічала ў розных конкурсах і ніколі не заставалася ў цяні. У скарбонцы яе творчых дасягненняў перамога ў конкурсе “Валянцін і Валянціна”, тытулы “Міс Зачараванне” і “Міс Юнацтва”.
Пазітыўная і жыцце­любівая Ксенія Табач­коўская з задавальненнем займаецца танцамі. А яшчэ ў яе ёсць не ўласці­вае для дзяўчыны захапленне – каратэ. 4 гады наведвала яна заняткі, авалодала многімі прыёмамі, што прыдало ёй, мініяцюрнай, сціп­лай, прываблівай дзяўчыне, асаблівую загадкавасць.
НА ЗДЫМКУ: Ксенія Табачкоўская.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


monaliza.kiev.ua

изготовление интернет магазинов