У кожным творы — светлая душа

Навука даказала ўжо, што ўсе здольнасці чалавека закладваюцца ў ім яшчэ задоўга да яго нараджэння. Па першых дзіцячых малюнках Святланы Саўчук было яскрава відаць, што ў звычайнай вясковай дзяўчынкі ўнікальны мастацкі талент. Здольнасці Святланы, якая вучылася ў Мельніцкай базавай школе, адразу прыкмеціла настаўніца малявання Святлана Тарасюк і запрасіла дзяў­чынку ў гурток. З таго часу, а было гэта, калі Святлана вучылася яшчэ ў пятым класе, юная мастачка не развітвалася ўжо з алоўкамі і фарбамі. З кожным годам дзяўчынка ўсё больш упэўнівалася ў тым, што мастацтва – яе прызванне, і дакладна вызначыла для сябе, што абавязкова набудзе прафесію дызайнера.
Каб паступіць у вышэйшую навучальную ўстанову і набыць такую прэстыжную прафесію, як дызайнер, разумела Святлана, трэба добра здаць творчы экзамен. Але атрымаць на ім добрую адзнаку нялёгка нават таму, хто вучыўся ў школе мастацтваў, а што гаварыць пра амаль што самавучку?
“Трэба ехаць на падрых­тоўчыя курсы”, – вырашылі ў сям’і Святланы, і дзяўчына паехала ў Віцебск.
Усяго некалькі месяцаў займалася яна на курсах пры Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.М. Машэрава. А потым былі ўступ­ныя іспыты. За малюнак і кампазіцыю атрымала Святлана адзнакі «9» і «10». Высокія балы за творчасць і далі ёй магчымасць трапіць на факультэт “Дызайн інтэр’ера”. Вось ужо трэці год спасцігае студэнтка творчую прафесію, якую лічыць самай цікавай.
Толькі ва ўніверсітэце Святлана зразумела, што вельмі мала проста ўмець маляваць, важна развіваць свой талент, адкрываць у сабе ўсё новыя здольнасці.На першых курсах універсітэта яна дасканала вывучыла такі прадмет, як анатомія, без якога проста нельга маляваць партрэты, па новаму паглядзела на колеры, фігуры, навучылася праектаванню і вельмі захапілася макеціраваннем. Яе макет арт-стула з паперы вышынёй у рост чалавека, які быў зроблены з дэталяў у выглядзе Эйфелевай вежы, пабываў на розных выставах.
Першыя сур’ёзныя крокі ў мастацтве пачаліся ў Святланы з жывапісу. Яе цудоўныя пейзажы, намаляваныя алеем, неаднойчы выстаўляліся ў Брэсцкім салоне “Скарбніца”. Між іншым, адна з карцін прыйшлася даспа­добы замежным турыстам і цяпер знаходзіцца ў Пекіне. У апошні час Святлана аддае перавагу афармленню інтэр’ера. Незабыўнай была для яе апошняя практыка. Разам з іншымі студэнтамі працавала яна над роспісам іканастасу ў пабудаванай царкве ў пасёлку Кіраўскі Віцебскай вобласці.
— Я вельмі люблю маляваць партрэты, шаржы, ахвотна размалёўваю акрылавымі фарбамі майкі. Гэта і самой цікава, ды і сябрам, знаёмым вельмі падабаецца, — дзялілася Святлана.
За што б ні бралася Святлана, усё ў яе атрымлівалася. Аднойчы ўбачыла яна прэзентацыю пясочнай анімацыі. “Няўжо я так не змагу?” – спытала сама ў сябе. Узяла шкло, сабрала рачны пясок і паспрабавала… Яна і не думала, што пескаграфія стане яе самым вялікім захапленнем і прынясе ўдачу. На творчым конкурсе “Свет талентаў”, які праводзіўся сярод студэнтаў і педагогаў у намінацыі “Арыгінальны жанр”, Святлана Саўчук атрымала кубак і дыплом. Проста не магла не ўразіць журы яе прэзентацыя – маленькі расказ, намаляваны з дапамогай пяску, які перадаў шмат пачуццяў.
— У мяне пакуль толькі дзве прэзентацыі, — заўважае Святлана, — але гэта толькі пачатак. Ёсць яшчэ шмат задум, якія, думаю, будуць таксама цікавымі.
…Святлана ўключае відэаролік. Пачынае іграць ціхая, пяшчотная мелодыя, а яе рука малюе на пяску родную вёску Мельнікі, маму і тату, якія чакаюць нара­джэння дачкі, клапоцяцца аб ёй, а потым праводзяць у самастойны шлях і чакаюць, паглядаючы на дарогу праз аконнае шкло. Проста не верыцца, як, перасыпаючы пясок, імгненнымі рухамі рукі можна яскрава перадаць эмоцыі, перажыванні, расказаць цэлую гісторыю жыцця. Напэўна ніхто не аспрэчыць, што гэта можа зрабіць толькі ўнікальна таленавіты чалавек.
Больш за гадзіну гутарыла са Святланай. Яна расказвала пра сябе, сваю сям’ю, студэнцкае жыццё, перамогі і дасягненні. Расказвала проста і адкрыта, без лішняга гонару і фанабэрыстасці. Сціплая і ветлівая, светлая і адкрытая, яна ніколі не лічыла і не лічыць сябе асаблівай. Напэўна, за шчырасць душы і дадзены ёй вялікі дар.
НА ЗДЫМКУ: Святлана Саўчук.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий