Пад старшынствам Казіміра Лапіча прайшло пасяджэнне райвыканкама

ВЯСЕННІ ДЗЕНЬ ГОД КОРМІЦЬ
Начальнік райсельгасхарчу Вячаслаў Федзюковіч праінфармаваў аб падрыхтоўцы сельгасарганізацый да вясенне-палявых работ, адзначыўшы, у прыватнасці, што пад яравую сяўбу 2012 года ўзарана з восені каля 10 тысяч гектараў (102% да 2011 г.), нарыхтавана па стану на 20 лютага больш за 360 тысяч тон арганічных угнаенняў і больш за 160 тысяч з іх унесена ўжо. У патрэбных аб’ёмах падрыхтавана насенне бульбы, яравых зерневых і іншых культур, глебаапрацоўчая і пасяўная тэхніка рамантуецца ў адпаведнасці з графікамі.
Вясенні дзень год корміць. Перад аграрыямі раёна пастаўлена задача правесці своечасова і на высокім агратэхнічным узроўні вясеннюю сяўбу.

ПРАГНОЗЫ – НА КАНТРОЛІ
На пасяджэнні разгледжана выкананне прагнозных паказчыкаў па вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі за студзень 2012 г. У сярэднім па раёну тэмпы росту валавой прадукцыі жывёлагадоўлі выкананы на 106,8%. Не справіліся з пастаўленай задачай 3 гаспадаркі – СВК “Гвозніца”, “Ляхаўцы” і “Чарняны”. Не на належным узроўні, як адзначалася ў інфармацыі начальніка райсельгасхарчу Вячаслава Федзюковіча, вырашаюцца пытанні таварнасці малака. Так, у сямі гаспадарках за студзень таварнасць малака склала менш чым 90%. Гэта вынік адсутнасці належнага кантролю з боку кіраўнікоў і зоаветспецыялістаў за выкананнем аператарамі машыннага даення, работнікамі, якія абслугоўваюць дойны статак і малочнае абсталяванне, сваіх службовых абавязкаў. Згодна з рашэннем райвыканкама праўленні гаспадарак абавязаны прыняць вычарпальныя меры па выкананню прагнозу за 2 месяцы 2012 г. з улікам адставання за студзень.

ЭКАНОМІЯ І ЯШЧЭ РАЗ ЭКАНОМІЯ
У раёне нямала зроблена летась па дасягненню высокіх сацыяльна-эканамічных паказчыкаў, скарачэнню спажывання паліўна-энергетычных рэсурсаў і вызваленню грашовых сродкаў. Дасягнута эканомія матэрыяльных рэсурсаў усімі сельгаспрадпрыемст­вамі, акрамя СВК “Хаціслаўскі” і “Ляхаў­цы”. Мэтавы паказчык па энергазберажэнню за 2011 год склаў 6,7% пры даведзеным заданні – 4. Выкананы паказчык па павелічэнню долі мясцовых відаў паліва ў балансе спажываемага кацельна-пячнога паліва. З пачатку года асвоена 100% фінансавых сродкаў, прадугледжаных на мерапрыемствы з рэспубліканскага бюджэту. Інфармацыя намесніка старшыні райвыканкама Эдуарда Кандзярэшкі аб ходзе рэалізацыі Дырэктывы Прэзідэнта РБ № 3 і выкананні праграмы па энергазберажэнню на пасяджэнні прынята да ведама. Немалая работа па эканоміі і беражлівасці будзе працягвацца і сёлета. У пунктах рашэння па гэтым пытанні запісаны канкрэтныя мерапрыемствы, накіраваныя на эканомію матэрыяльных рэсурсаў.

РАБОЧАМУ МЕСЦУ – БЯСПЕКУ!
У 2011 годзе ў раёне здарылася 9 няшчасных выпадкаў на вытворчасці – у СВК “Хаціслаўскі”, Маларыцкім ПМС, лясгасе, ПМК-20 з цяжкімі вынікам. Выпадкі вытворчага траўматызму з менш цяжкімі вынікамі зарэгістраваны у ТАА “Талаш”, СВК “Чарняны”, “Чырвоны партызан”, ДРБУ-179. Спецыяліст па ахове працы ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Сяргей Хатынюк, калі дакладваў пра стан вытворчага траўматызму ў раёне і мерах па яго папярэджанню, адзначыў, што ў названых калектывах парушаліся правілы і нормы аховы працы, якія стваралі траўманебяспечныя сітуацыі і выклікалі калецтва людзей на рабочых месцах. У большасці арганізацый не прымаюцца меры па своечасоваму і поўнаму забеспячэнню работнікаў сродкамі індывідуальнай аховы, спецвопраткай, спецабуткам і інш. Кіраўнікам, згодна з рашэннем райвыканкама, даручана штомесяц заслухоўваць справаздачы аб праводзімай рабоце спецыялістаў і адказных за ахову працы.
Ніна СВІЦЮК.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!