Перад матулямі схіляю галаву…

Гэтае на самой справе чарадзейнае свята святкуюць у шматлікіх краінах свету. Мужчыны, як правіла, гавораць сваім каханым жанчынам кампліменты, дораць падарункі і нават выконваюць розныя капрызы сваіх другіх палавінак. Але, як бы там ні было, усё ж у асноўным 8 Сакавіка, на маю думку, свята нашых матуль і бабуль. Таму ў гэты дзень найбольш увагі хочацца ўдзяліць менавіта жанчынам, якія з’яўляюцца мамамі, а асабліва мнагадзетнымі маладымі мамамі. Менавіта аб такой маладой жанчыне і хочацца сёння расказаць.
Таццяна Лялюк з вёскі Заазёрная ў свае 26 год ужо мнагадзетная мама. У іх з мужам 5 дзетак – дзве дачкі і тры сыночкі: Аляксандра (самая старэйшая, ёй 4,5 гады), Ксенія – 3 гады, Канстанцін – 1,4 года, і зусім нядаўна ў маладой сям’і з’явіліся яшчэ два сыночкі – Міша і Ваня, якім крыху больш за месяц. Завітаўшы ў госці да Лелюкоў, бацьку такога вялікага сямейства, на жаль, не атрымалася застаць дома, таму што ён на той момант ляжаў у бальніцы з трыма старэйшымі дзецьмі. Што датычыцца гаспадыні дома, то Таццяна і сама вырасла ў мнагадзетнай сям’і, у яе бацькоў таксама пяцёра дзяцей. Таму,як прызнаецца сама маладая жанчына, яна заўсёды хацела вялікую сям’ю, так і атрымалася. Маці Таццяны, Надзея Крэнь, заўсёды сваіх дзяцей вучыла, што самыя родныя, блізкія людзі, – гэта браты і сёстры. У жыцці можа быць шмат сяброў, знаёмых, але самыя надзейныя — гэта родныя браты і сёстры. Надзейны тыл чалавека – яго сям’я. “Калі мы з Алегам пажаніліся, — расказвае жанчына, — планавалі, што ў нас будзе вялікая сям’я, але, шчыра прызнацца, не думалі, што дзеці будуць вось так: адно за адным. Але мы ніколькі не шкадуем, што так атрымалася. Дарэчы, у сям’і мужа таксама шмат дзяцей, таму іншага для сябе мы і не ўяўлялі”.
У час размовы з жанчынай са шчырым здзіўленнем пытаюся, як жа яна спраўляецца з такім “дзіцячым садком”.
— Ведаеце, калі ў мяне было толькі двое дзяцей, — гаворыць Таццяна, — мне чамусьці было больш цяжка, чым цяпер. У мяне вельмі добрая сям’я. Муж заўсёды дапамагае з малымі, вось і цяпер, на жаль, ляжыць з імі ў бальніцы. А яшчэ мой самы добры памочнік, мой анёл – гэта мая матуля. Цяпер, калі я адна дома з двума малымі, яна кожны дзень поруч”.
А як жа старэйшыя дзеці ставяцца да маленькіх? На маё такое пытанне жанчына толькі ўсміхнулася:
— Ды яны душы ў іх не чуюць, вельмі любяць, — гаворыць Таццяна. — Старэйшыя дочкі Саша і Ксенія ўвогуле не адыходзяць ад іх.
Калі мы толькі, памятаю, прыехалі дамоў з радзільнага дома, яны ў першыя дні нават у садок не хацелі ісці, каб толькі з брацікамі пабыць. Дарэчы, і імёны не яны нам з мужам дапамагалі выбіраць, а мы ім. Яны нашы на­дзейныя маленькія памочнікі. Безу­моўна, з такой колькасцю маленькіх дзяцей цяжка, але ў вачах Таццяны я не ўбачыла стомленасці, а ўбачыла там шчасце, шчасце ад таго, што яна мама. “Гэта ні з чым не параўнальнае задавальненне — глядзець на сваіх дзетак, — гаварыла маладая мама, — асабліва калі яны спяць. А колькі радасці ў мяне, калі яны падбягаюцьда мяне з крыкам “Мама!” Разумею, што ад нас з мужам залежыць многае. Нам патрэбна годна іх выхаваць, вывесці ў людзі, каб потым у старасці нам не было за іх сорамна, а гэта нялёгка. І толькі цяпер я ў поўнай ступені разумею, што для нас усіх зрабіла наша мама”. Таццяна таксама прызналася, што, напэўна, і не адважылася б на такую колькасць дзяцей, калі б не адчувала за плячыма падтрымку не толькі ўласнай сям’і, але і падтрымку дзяржавы. Пагутарыўшы з Таццянай, прызнацца, я ўпершыню ў жыцці падзякавала сваёй матулі за тое, што ў мяне ёсць брат, ёсць тое роднае плячо, на якое можна разлічваць. І галоўнае, чаму павінны і могуць навучыць бацькі сваіх дзяцей – гэта заўжды падтрымліваць адзін аднаго, цаніць і ведаць, што бліжэй, чым родныя браты і сёстры ды бацькі, людзей няма. Шкада і крыўдна, што часта самыя родныя людзі гэта забываюць. Спадзяюся, што ў сям’і Лелюкоў хопіць сіл годна выхаваць сваіх дзетак.
Анастасія Максімук.
На здымку: Таццяна Лялюк з малодшымі сыночкамі.
Фота аўтара.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!