ЭФЕКТЫЎНАСЦЬ І АДКАЗНАСЦЬ —

менавіта яны, як адзначалася на справаздачна-выбарным сходзе ў СВК “Чырвоны партызан”, павінны стаць арыенцірам работы калектыву.
Аналізуючы дзейнасць сельгаспрадпрыемства за мінулы год, старшыня гаспадаркі Сяргей Сцепанюк называў нямала лічбаў. Яны яскрава сведчылі: па большасці паказчыкаў СВК “Чырвоны партызан” спрацаваў з плюсам, але даведзенае заданне па тэмпах росту вытворчасці валавой прадукцыі гаспадарка не выканала.

Рэзерв — у арганізацыі працы
Нямала пралікаў, як адзначалася ў справаздачы, было дапушчана ў жывёлагадоўлі. Гэта і праблемы ў абнаўленні статка, і мінус у надоях, і нізкія прыбаўленні ў вазе. Летась у СВК “Чырвоны партызан” было надоена 5085 тон малака, 4966 літраў на адну фуражную карову. Каб дасягнуць пяцітысячнага рубяжу, заўважыў старшыня, дастаткова было надаіць яшчэ 35 тон малака. Асноўная прычына недаатрымання апошняга, ведаюць ў гаспадарцы, звязана з нізкім выхадам цялят. Калі пазалетась ад 100 кароў іх было атрымана 87, дык летась гэтая лічба ўвогуле знізілася да 77. Ужо гэта, як падкрэсліў Сяргей Яфімавіч, недадало гаспадарцы 10% малака, ці 508 тон. Сёлета гэты пралік абяцаюць у СВК паправіць і атрымаць ад 100 кароў не менш чым 89 цялят. Акрамя таго, на 65 галоў, як адзначалася ў справаздачы, будзе павялічаны дойны статак. Пэўныя праблемы, адзначыў Сяргей Сцепанюк, ёсць і ў вытворчасці якасных кармоў. Не заўжды належная ўвага надаецца трамбоўцы, своечасоваму укрыццю траншэй. Губляецца якасць кармоў, а разам з ёй і малако. Для якаснай і своечасовай нарыхтоўкі кармоў, падкрэслівалася ў выступленні, гаспадарцы неабходны магутны корманарыхтоўчы комплекс, набыць які можна толькі з дапамогай дзяржавы.
У поле крытыкі кіраўніка не магла не трапіць нізкая эфектыўнасць работы жывё­лаводаў на дарошчванні. Прыбаўленні ў вазе склалі ўсяго 536 грамаў.
— Сорамна называць такія нізкія лічбы, бо яны сведчаць аб адсутнасці ўсялякай тэхналагічнай дысцыпліны, — гаварыў Сяргей Яфімавіч, папракаючы за нізкі кантроль гэтай работы не толькі спецыялістаў, але і сябе, як кіраўніка.
Асноўным кантралёрам у рабоце, адзначыў ён, павінен стаць рубель: калі ёсць вынік – будзе і добрая заработная плата. Тым больш, што ёсць у гаспадарцы тыя, хто сваім прыкладам даказвае, што, пастараўшыся, можна атрымаць добрыя вынікі. Валянціна Амелянчук, да прыкладу, дабілася ў сваёй групе сярэднясутачных прыбаўленняў у вазе 824 грамы, Марыя Міхальчук – 789 грамаў, Ніна Кулічык – 682 грамы.
Гаворачы пра прыбытак, які прынесла гаспадарцы жывёлагадоўля, кіраўнік СВК не мог не адзначыць, што далёка не ўсе рэзервы былі выкарыстаны. 913 мільёнаў рублёў магла б атрымаць гаспадарка дадаткова, калі б малако, прададзенае дзяржаве, па якасці, тлустасці, таварнасці адпавядала самаму высокаму ўзроўню. А значыць, ёсць яшчэ над чым працаваць.І, як заўважыў старшыня райвыканкама Казімір Лапіч, які прысутнічаў і выступіў на сходзе, рэзервы трэба шукаць у арганізацыі працы.
— СВК “Чырвоны партызан”, — падкрэсліў Казімір Віктаравіч, — на асобым рахунку ў раёне. Тут ёсць усе ўмовы і магчымасці атрымліваць значна большую аддачу. Планка ўзнята высока, а значыць, трэба правільна ацаніць свае рэсурсы і ўжо цяпер выкарыстоўваць усе магчымасці.

Калі зямля дае аддачу
Каб атрымліваць вынікі ў раслінаводстве, як неаднаразова адзначаў у выступленні старшыня гаспадаркі, трэба вырашыць праблему воднага рэжыму зямлі. 380 гектараў зямель сельгаспрадпрыемства забалочаны, многія палі даводзіцца засяваць у два этапы, а убіраць зерне ўвогуле, як атрымаецца. У выніку губляецца ўраджай. У 2008 годзе, напомніў Сяргей Сцепанюк, гаспадарка намалаціла 3690 тон зерня. Летась – толькі 2933. Такой колькасці зерня недастаткова нават для сваіх патрэб. А таму сёлета ў планах гаспадаркі — атрымаць 4100 тон зерня. Каб справіцца з пастаўленай задачай, у СВК пастараліся зрабіць многае для павышэння ўрадлівасці зямлі – унеслі мінеральныя ўгнаенні, арганіку, запасліся сродкамі аховы раслін ад шкоднікаў і пустазелля. Акрамя таго, гас­падарка плануе, як заўважыў галоўны аграном Міхаіл Наскевіч, пашырыць на 100 гектараў пасяўныя плошчы кукурузы — культуры, якая ўжо шмат гадоў запар радуе ўраджаем. Працуюць у гаспадарцы і над памылкамі ў вырошчванні рапсу, ура­джайнасць якога летась была недапушчальна нізкая. Што датычыцца гародніны, не збіраюцца адмаўляцца ў СВК ад вырошчвання цыбулі, якая дае добры ўраджай, і капусты. Летась выручка ад рэалізацыі апошняй склала 29 мільёнаў рублёў.
Вырошчванне сельгас­прадукцыі — працэс, які адбываецца пад адкрытым небам і, безумоўна, залежыць ад умоў надвор’я. Але не толькі. Вельмі важна, як напомніў кіраўнік гаспадаркі, пачынаючы ад ўзворвання глебы і да ўборкі ўраджаю, захоўваць тэхналогію. Дробязей у рабоце земляроба не бывае, і тут многае залежыць ад сумлення і стараннасці чалавека, яго адказнасці і беражлівасці.
Прычым гэта, як падкрэсліў Сяргей Сцепанюк, датычыцца не толькі работы ў полі, але і адносін кожнага механізатара да сваёй тэхнікі, да парадку ў цэлым. Летась у конкурсе на лепшую тэрыторыю мехдвара СВК заняў 8-е месца. А 5 гадоў назад, як напомніў Сяргей Яфімавіч, у абласным конкурсе мехдвароў гаспадарка выйшла на трэцяе месца і атрымала трактар. Як не сказаць тут пра чалавечы фактар, ад якога, у першую чаргу, залежаць чысціня і парадак.
***
Абмеркаваўшы вынікі работы сельгаспрадпрыемства, удзельнікі сходу перайшлі да другога важнага пытання – выбару старшыні. 15 гадоў СВК “Чырвоны партызан” узначальвае Сяргей Яфімавіч Сцепанюк. Яму, прагаласаваўшы “за” , работнікі сельгаспрадпрыемства даверылі і далей кіраваць гаспадаркай.
У час сходу было абмеркавана нямала надзённых пытанняў з жыцця вёскі, якія ўзнімалі ў сваіх выступленнях старшыня Лукаўскага сельвыканкама Ганна Анішчук, дырэктар Лукаўскай СШ Тамара Сцепанюк, настаяцель Лукаўскай царквы айцец Сергій, участковы інспектар РАУС Уладзімір Федзюковіч.
Лепшыя працаўнікі гаспадаркі, тыя, хто сапраўды “хварэе” за справу, атрымалі на сходзе Ганаровыя граматы са змешчанымі на іх фотаздымкамі і грашовыя прэміі.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час сходу.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Добавить комментарий


здесь

profvest.com/2015/10/invest-in-business.html

progressive.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!