ПАД МАСКАЙ ДАБРАБЫТУ

Праблема распаўсюджвання наркаманіі сярод падлеткаў вельмі і вельмі актуальная. Педагогі, псіхолагі, урачы-нарколагі і супрацоўнікі праваахоўных органаў ведаюць, як шмат сёння падлеткаў, што ўжываюць спіртное і наркотыкі. Вельмі часта педагогі і бацькі нават не здагадваюцца, што падлетак рэгулярна ўжывае наркотыкі ці спіртное, а даведваюцца пра гэта толькі тады, калі ён трапляе ў псіхіятрычную бальніцу ці ў міліцыю. Нарколагі сцвярджаюць, што нарказалежных цяпер амаль столькі, колькі і алказалежных.
Сярэдні ўзрост наркаманаў – 15 – 25 гадоў. Імклівае распаўсюджванне гэтай небяспечнай хваробы ў спалучэнні з алкагалізмам і курэннем уяўляе пагрозу для выжывання і развіцця беларускай нацыі.
Адзін наркаман, свядома ці не, уцягвае ў нарказалежнасць каля 20 чалавек. Тэрмін жыцця наркаманаў, якія сістэматычна ўжываюць наркотыкі, не больш чым 5-7 гадоў. Калі сядаюць “на іголку” ў 16-18 гадоў, у 85 выпадках са 100 паміраюць да 30 год.
2/3 наркаспажыўцоў у Беларусі – маладыя людзі ва ўзросце ад 15 да 25 гадоў. Асноўнымі матывамі ўжывання наркотыкаў для падлеткаў у Беларусі з’яўляюцца наступныя: “Каб паспытаць моцнае незнаёмае адчуванне”, “З дапытлівасці”, “Так прынята ў кампаніі”, “Ад суму”.
Больш чым у 11 раз за апошнія 10 гадоў павялічылася колькасць злачынстваў, учыненых на глебе наркаспажывання.
15-16 гадоў (па статыстыцы) – пік самага небяспечнага перыяду магчымага спажывання наркотыкаў.
Кожная пятая беларуская сям’я, як сцвярджаюць спецыялісты, ужо сутыкнулася з вынікамі наркаманіі.
З мэтай прафілактыкі наркаманіі ў дзяржаўным прафесійным ліцэі праходзіла акцыя “Пад маскай дабрабыту” пад дэвізам: “Не дай сябе забіць!”
У час гэтага мерапрыемства, арганізаванага службай СППС ліцэя (сацыяльны педагог Н. І. Трафімук і педагог-псіхолаг А. У. Пракапук) старшы оперупаўнаважаны групы наркакантролю і супрацьдзеяння гандлю людзьмі крымінальнай міліцыі райаддзела ўнутраных спраў Андрэй Гапонік, а таксама ўрач-валеолаг ЦРБ Вольга Кавалеўская сустракаліся з ліцэістамі.
Вельмі цікавым і змястоўна-павучальным было выступленне Андрэя Міхайлавіча Гапоніка. Ліцэісты, затаіўшы дыханне, слухалі яго расказ аб назначэнні і рабоце крымінальнай міліцыі. Добра ведаючы сваю справу, Андрэй Міхайлавіч усё больш і больш пераконваў падлеткаў, як небяспечна ўжываць наркотыкі, якая суровая адказнасць прадугледжана згодна з законам за захоўванне і распаўсюджванне іх, якія страшныя вынікі гэтай небяспечнай хваробы.
У ліцэістаў было шмат пытанняў да Андрэя Міхайлавіча, на ўсе іх ён вельмі тактоўна і з веданнем справы адказаў.
Аб этапах развіцця наркатычнай залежнасці расказала ўрач-валеолаг ЦРБ Вольга Кавалеўская. Юнакі шмат даведаліся аб тым, як пакутуюць чалавек і яго арганізм пры ўжыванні наркотыкаў.
А ў канцы ўсе паглядзелі фільм “Праўда аб наркотыках”.
Абыякавых не засталося.
Ала УЛАДЗІМІРАВА.
НА ЗДЫМКУ: у час акцыі.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.