Адваротная сувязь

Нам часта здаецца, што прафесія сяброўкі, знаёмага абавязкова чымсьці лепшая за сваю. Але часам дастаткова толькі на некалькі хвілін паспрабаваць свае сілы ў іншай справе, і становіцца зразумелым: цяжкасці ёсць усюды. У гэтым пераканалася асабіста, вырашыўшы паспрабаваць свае сілы ў прафесіі прадаўца. Працавала я ў вясковым магазіне, а не ў гарадскім. Таму што ў горадзе ў магазіне працуе калектыў, а вось у вёсцы, асабліва калі яна яшчэ і маленькая, толькі адзін чалавек, які і выконвае ўсе функцыі і абавязкі. Напярэдадні дамовіўшыся з Алай Алесік, якая працуе ў магазіне тавараў паўсядзённага попыту вёскі Заазёрная, з хваляваннем чакала свайго працоўнага дня ў новай ролі. Дарэчы, працуе магазін тры разы на тыдзень з 10 гадзін раніцы да 17 гадзін вечара, а пасля яшчэ Ала Алесік выконвае і абавязкі прыбіральшчыцы. У час адкрыцця магазіна адразу ж завязалася размова з прадаўцом. Ала Рыгораўна расказвала:
— У нашым магазіне прадаюцца ў асноўным тавары першай неабходнасці, але ж я стараюся заказваць і іншы тавар, каб людзям, у якіх няма магчымасці з’ездзіць у горад, было што выбраць. Але ж усё роўна вяскоўцы часам скардзяцца, што ў іх краме, напрыклад, няма таго, што ёсць у Олтушы альбо ў Ланской. Тады пачынаеш ім тлумачыць, што ўвогуле наш магазін на такое не разлічаны, няма спецыяльнага абсталявання і г.д. Хтосьці разумее, а хтосьці і не. Але ў цэлым людзі добрыя, ды і я ўжо да сваёй працы прывыкла (стаж Алы Алесік крыху больш за 20 гадоў — аўтарскае).
Працоўны дзень пачаўся ў 10 гадзін раніцы, спачатку пакупнікоў амаль не было. Мая настаўніца растлумачыла гэта тым, што яны ў асноўным прыходзяць пасля таго, як прывязуць хлеб, а гэта недзе ў абед. Першым наведвальнікам стала мясцовая жанчына, якая хацела набыць капусту. Пакуль выбірала яе, то яшчэ паспела і абмеркаваць цэны на тавар. У перапынку, калі не было пакупнікоў, Ала Рыгораўна папраўляла на паліцах тавар, раскладвала нешта новае, а таксама звярала цэны. Прызнацца, я і не думала, што работніку магазіна столькі папер патрэбна запаўняць, а галоўнае – не памыліцца. Прайшло яшчэ некалькі часу, і вось завіталі мясцовыя мужчыны. Паўздыхалі, паглядзелі на цэны на “вадзіцу”, што іх вельмі цікавіла, і вывалілі на прылавак з кішэнь скамячаныя грошы, пры гэтым дадаўшы: “Палічы сама!” Вось так, даводзіцца іншы раз браць у рукі не зусім “прыемныя” грошы, але гэта таксама справа прадаўца. Амаль дайшоўшы да дзвярэй, мужчыны спыніліся і спыталі, чаму так дорага. І нічога не зробіш, прыйшлося растлумачваць, што гэта не ў магазіне ўстанаўліваюць цэны, а на дзяржаўным узроўні.
Час ішоў вельмі хутка, і вось неўзабаве сталі падыходзіць да магазіна жыхары вёскі, але, на маё дзіва, яны чамусьці не спяшаліся заходзіць у памяшканне, а стаялі ля яго. Убачыўшы маё здзіўленне, Ала Рыгораўна растлумачыла:
-Ды гэта заўсёды так, нехта спецыяльна загадзя прыходзіць, каб проста пастаяць, пагутарыць. Гэта ж вёска! Так заўсёды было і, напэўна, будзе.
Машыну з хлебам заўважылі адразу ўсе. І яшчэ не быў поўнасцю выгружаны ўвесь хлеб, як пачалі збірацца людзі. Вось тут і пачалося! Здаецца, ляжыць у спецыяльна адведзеным месцы хлеб, можна браць самому, але амаль усе просяць, каб яго прынеслі. Нехта бярэ смятану, малако, каўбасу і г.д. І амаль кожнага цікавіць, свежыя прадукты ці не, змянілася на іх цана ці не, і г.д. Шмат пытанняў пакупнікі задавалі наконт таго, чаму няма кефіру ці іншых прадуктаў. Усё патрэбна было растлумачыць. Вяскоўцы купілі хлеб, і зноў настала зацішша. Калі-нікалі прыходзілі па аднаму мясцовыя жыхары, якія яшчэ не паспелі нешта набыць. Адна пакупніца, перш чым нешта набыць, паразмаўляла з намі аб жыцці, аб цэнах. У той момант якраз прыйшоў і яшчэ адзін пакупнік. Дзядуля хацеў выбраць галёшы. Ну, тут ужо і ўсе мы сталі добрымі дарадчыкамі, але, на жаль, патрэбнага дзядулі памеру не аказалася. Пад канец працоўнага дня ў новай для мяне ролі я амаль што не адчувала ног. Здаецца, што там такога! Стой сабе, лічы грошы, але гэта аказалася зусім не проста. Ды гэта для мяне ў 17 гадзін праца закончылася, а маёй настаўніцы яшчэ патрэбна было прыбраць ў магазіне.
Паспрабаваўшы сябе ў ролі прадаўца, пераканалася, што ў вясковым магазіне абыякавы да людзей чалавек працаваць проста не зможа, бо часам патрэбна паспачуваць некаму, а з некаторым і парадавацца. Дарэчы, пагутарыўшы з наведвальнікамі магазіна вёскі Заазёрная, мне было вельмі прыемна чуць, як яны ў адзін голас добра гаварылі пра Алу Рыгораўну. Асабліва краналі душу словы: “Наша Ала – малайчына! Такой, як яна, напэўна, больш і няма!” На маю думку, гэта самая высокая ацэнка працы. Што ж, дзякуй вам, паважаныя прадаўцы, за працу. Поспехаў!
Анастасія Максімук.
На здымку: пакупнікі выбіраюць тавар.
Фота аўтара.

Добавить комментарий


http://biceps-ua.com/

https://best-cooler.reviews/

там www.salon-svadebny.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!