ДАКУМЕНТЫ — НА РУКІ

27 юнакоў і дзяўчат сталі паўнапраўнымі грамадзянамі сваёй краіны.
15 сакавіка ўся наша краіна адзначала Дзень Канстытуцыі. Ужо добрай традыцыяй стала ў гэты дзень уручаць ва ўрачыстай абстаноўцы юнакам і дзяўчатам, што дасягнулі 16-гадовага ўзросту, галоўны дакумент — пашпарт. Гэтае мерапрыемства праходзіць у рамках рэспубліканскай акцыі БРСМ “Мы — грама­дзяне Беларусі”. 27 юнакоў і дзяўчат атрымалі свой першы дакумент, які ім уручыў старшыня райсавета дэпутатаў Пётр Губей. У сваім выступленні ён сказаў: “Канстытуцыя – гэта фундамент дзяржавы, а асноўнае ў ім — чалавек. З атрыманнем пашпарта павышаецца і пачуццё грамадзянскасці, адказнасці перад радзімай. На маю думку, гэта сімвалічна, што ў такі дзень мы ўручаем пашпарты 27 лепшым юнакам і дзяўчатам. З гэтага дня вы паўнапраўныя грамадзяне сваёй краіны. Грамадзянін – гэта званне, і яго вы павінны горда і дастойна пранесці праз усё жыццё. І заўжды памятайце, што ваша будучыня залежыць толькі ад вас саміх”. На мерапрыемстве таксама прысутнічалі і звярнуліся да моладзі старшыня раённага савета ветэранаў вайны і працы Уладзімір Бойка, начальнік аддзялення па грамадзянству і міграцыі райаддзела ўнутраных спраў Андрэй Ніканчук, старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Белая Русь” і дырэктар сярэдняй школы №2 Любоў Куц , першы сакратар раённага камітэта БРСМ Таццяна Сацюк.
Андрэй Ніканчук, звяртаючыся да моладзі, адзначыў, што з гэтага дня юнакі і дзяўчаты ў поўнай меры могуць быць упэўненымі, што дзяржава будзе абараняць іх.
“Паважаныя сябры! — звярнулася да школьнікаў Таццяна Сацюк. — У вас пачынаецца новы этап у жыцці, вы пачынаеце сваё дарослае жыццё. Быць грамадзянінам – гэта адказна і ў першую чаргу менавіта перад самім сабой. Вы будаўнікі будучага, і якое яно будзе, залежыць толькі ад вас. Няхай тая іскрынка, якая сёння гарыць у вашых вачах, гарыць і далей. Стаўце перад сабой мэты і актыўна іх дасягайце!”
Любоў Куц пажадала маладым людзям, каб імі ганарыліся заўсёды іх бацькі і настаўнікі, і ад арганізацыі “Белая Русь” падарыла сімвалічныя падарункі. Таксама падарункі былі ўручаны і ад БРСМ.
Паўнапраўных ўжо грамадзян нашай краіны павіншавалі таксама і іх бацькі. Ад імя вучняў выступіла вучаніца гарадской сярэдняй школы №1 Таццяна Кашуба, якая ўрачыста ад усіх паабяцала горда несці званне грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.
Увесь час для школьнікаў гучалі добрыя, патрыятычныя песні. З мерапрыемства маладыя хлопцы і дзяўчаты пайшлі ў добрым настроі і, спадзяемся, з поўным ра­зуменнем усёй адказнасці за званне грамадзяніна нашай краіны.
Анастасія Максімук.
На здымку: дакументы на руках.
Фота Алега Крэмянеўскага.

Добавить комментарий


автомасла в украине

http://exstraeconom.kiev.ua

teplostar.kiev.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!