Дзень сацыяльнага партнёрства для педагогаў

У адпаведнасці з планам сумеснай работы ўпраўлення адукацыі і абкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі ў Маларыцкім раёне быў праведзены Дзень сацыяльнага партнёрства.
Міхаіл Ціханчук, начальнік упраўлення, і Віктар Харытановіч, старшыня абласнога галіновага камітэта, у райвыканкаме правялі прыём грамадзян па асабістых пытаннях, затым сустрэліся з кіраўнікамі ўстаноў адукацыі раёна і іх старшынямі прафсаюзных камітэтаў. Пасля Міхаіл Андрэевіч і Вік­тар Андрэевіч у раён­ную гімназію прый­шлі на сустрэчу з педагагічнымі ра­бот­нікамі горада. Адкрыў мерапрыемст­ва начальнік упраў­лення адукацыі. Ён праінфармаваў прысутных аб дзеяннях Міністэрства, упраўлення па паляпшэнню сацыяльна-эканамічнага стану і ўмоў працы педагагічных работнікаў. Міхаіл Андрэевіч спыніўся на многіх актуальных пытаннях развіцця сістэмы адукацыі Брэстчыны, у тым ліку — на якасці ведаў і ўзроўню адукацыі вучняў, рабоце з адоранымі і таленавітымі дзецьмі, удзелу ў алімпіядах і цэнтралізаваным тэсціраванні. Цікавілі начальніка ўпраўлення адукацыі і занятасць дзяцей у 6-ы школьны дзень, практычная рэалізацыя эканоміі ва ўстановах адукацыі Маларытчыны, мерапрыемствы па зніжэнні супрацьпраўных дзеян­няў падлеткаў, павышэнне кваліфі­кацыйных катэгорый педагогамі раёна.
Міхаіл Ціханчук падкрэсліў, што сістэма адукацыі Маларыцкага раёна знаходзіцца па многіх паказчыках на стабільна высокім узроўні ў вобласці. Хоць ёсць асобныя пытанні, над вырашэннем якіх рэгіён яшчэ актыўна працуе. Міхаіл Андрэевіч выказаў меркаванне, што ўсе яны будуць вырашаны ў бліжэйшы час. Начальнік упраўлення адукацыі праінфармаваў таксама прысутных і аб тым, што, магчыма, з новага навучальнага года ў тых школах, дзе ў 10-11 класах толькі 1-2 вучні, класы адкрывацца не будуць. Для гэтага ёсць іншыя ўстановы адукацыі, што знаходзяцца побач, раённая гімназія ці абласны ліцэй. Па словах Міхаіла Ціханчука, верагодна, што і тыя школы, у якіх у пачатковым звяне налічваецца толькі 1-5 вучняў, будуць аб’яднаны. Напрыклад, першы клас з трэцім, другі – з чацвёртым. Такое раней ужо было. Міхаіл Андрэевіч сказаў, што ў вобласці сёння налічваецца 429 падобных класаў-камплектаў.
На сустрэчы выступіў таксама Віктар Хары­тановіч, які пазнаёміў прысутных з тым, што робіцца кіраўніцтвам прафсаюзнай галіны Брэстчыны для сваіх работнікаў, як абараняюцца іх інтарэсы і правы. Па словах Віктара Андрэевіча, кожны работнік сферы адукацыі павінен адчуваць сябе патрэбным у школе, садку… Тады і будзе запланаваны і заканамерны вынік.
На сустрэчу з педага­гічнай грамадскасцю раёна таксама прыйшлі: Вадзім Шпетны, намес­нік старшыні райвыканкама; Таццяна Лаўрэенка, начальнік РАА; Тамара Бурштын, старшыня Маларыцкага раённага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.
Пасля адбылася такая ж сустрэча з працоўным калектывам Арэхаўскай СШ.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: у час сустрэчы з педагагічнымі работнікамі райцэнтра.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.