АРЭХАЎСКІЯ СЮЖЭТЫ “КОБРЫНСКАГА ХІМІКА”

Эфектыўна працаваць у цяперашніх складаных умовах удаецца такім прадпрыемствам, кіраўнікі якіх не чакаюць манны нябеснай, а самі думаюць галавою і стараюцца нешта прадпрымаць, не баяцца рызыкаваць. Да такіх можна смела аднесці і дырэктара ААТ “Кобрынскі хімік” Аляксандра Дземенчука. Здавалася б, ну што за карысць можа быць акцыянернаму таварыству ад такога невялікага яго падраз­дзялення, як Арэхаўскі вытворчы ўчас­так. Тым больш, што само таварыства зна­ходзіц­ца ў Кобрыне, там жа і адміністрацыя, і не проста кіраваць прадпрыемствам, няхай сабе і невялікім, што знаходзіцца за сотню кіламетраў.
Ну, што, здавалася б, можна прыдумаць, каб тут захаваць не толькі працоўныя месцы, але і калектыў?! Аказваецца, можна.
— На нашым невялікім участку, — расказвала майстар Наталля Грышына, — па-ранейшаму вырабляюцца сухія фарбы, пабелка садовая, мел кармавы і будаўнічы. Уся гэтая прадукцыя запатрабаваная, праўда, найбольш – у асенне-зімовы, вясновы перыяд. Але каб зарабляць грошы ўвесь год, кіраўніцтва ААТ пайшло на такі крок: адкрыла на вытворчым участку швейны цэх. Работу тут сабе знайшлі 3 чалавекі, якім не даводзіцца сядзець без справы. Прадукцыя цэха стабільна знаходзіць свайго пакупніка, бо шыецца ў асноўным па заказах. А гэта і спецадзенне, і пасцельная бялізна, і рукавіцы, і коўдры для санаторыяў, заводаў, будаўнічых арганізацый, бальніц і інш.
Прадукцыю швейнага цэха Арэхаўскага вытворчага ўчастка ААТ “Кобрынскі хімік” не раз ацэньвалі наведвальнікі розных выстаў, дзе яна была шырока прадстаўлена, не раз прадпрыемства выйгравала тэндар, таму майстар ўчастка Наталля Грышына, як і ўсе работнікі, настроена аптымістычна. Больш таго, у цэх патрэбны яшчэ 2 чалавекі, і асабліва закройшчык. Таму тут будуць рады, калі нехта з мясцовых жыхароў (на ўчастку працуюць у асноўным арэхаўчане) папоўніць калектыў.
Наталля Грышына шчыра прызналася, што калектыў участка, дзе працуе ўсяго толькі 11 чалавек, вельмі згуртаваны і дружны.
— Шчыры дзякуй хочацца сказаць кожнаму з 11 чалавек, — гаварыла Наталля Сцяпанаўна. – Яны мне дапамагаюць спраўляцца з усімі цяжкасцямі, без якіх не бывае на любым прадпрыемстве, у любым калектыве. Мне не трэба падганяць людзей, кожны з іх добра ведае свае абавязкі і добрасумленна выконвае іх. Людзі разумеюць: калі пра нас клапоціцца кіраўніцтва таварыства і прыкладвае ўсе намаганні, каб былі забяспечаны работай, каб зарплату атрымлівалі, значыць трэба старацца і нам.
У большасці сваёй работнікі ўчастка пастаянныя, ёсць нават ветэраны вытворчасці, як, да прыкладу, Надзея Максімаўна Жох. 34 гады яна адпрацавала на ўчастку. Увесь час была занята на вытворчасці мелу, сухіх фарбаў, мае шмат узнагарод. Сёлета збіраецца на пенсію, але думаецца, калі ў яе будзе жаданне працаваць і далей, кіраўніцтва таварыства дасць на тое сваю згоду, бо такія вопытныя і добрасумленныя спецыялісты на любым прадпрыемстве на вагу золата.
Ці ёсць у Арэхаўскага ўчастка ААТ “Кобрынскі хімік” якая-небудзеь перспектыва? Ёсць. І такая, што абнадзейвае. Згодна з бізнес-планам развіцця таварыства нядаўна на плошчы 2 гектары расчысцілі лес і адкрылі новы кар’ер з залежамі мелу, які будуць асвойваць. Тым больш, што мел сёння паспяхова рэалізуецца не толькі ў нашай вобласці.
А раптам ААТ “Кобрынскі хімік” пашанцуе і з багатым інвестарам, які захоча дапамагчы ў тым, каб арэхаўская прадукцыя знайшла свайго спажыўца і за мяжой. Можа быць і такое.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКАХ: ветэран вытворчасці Надзея Максімаўна ЖОХ; швачкі швейнага цэха Алёна САЙ і Людміла БЯРЧУК разам з майстрам Наталляй ГРЫШЫНАЙ.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


бетон цена за куб

здесь

www.chemtest.com.ua/mikroskopi