ПАБУДАВАЛА СВОЙ ЗАВОД

Гэтым матэрыялам рэдакцыя адкрывае цыкл замалёвак і інтэрв’ю пра людзей, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё раёна.

Маленькімі шрамамі і глыбокімі маршчынамі паставіла цяжкая праца свой аўтарскі подпіс на руках Надзеі Апанасаўны Чапурка. На далонях яна намалявала свае лініі, паралельныя лініі жыцця, і знайшла кропкі перасячэння з лініямі сэрца і лёсу, ўсё жыццё падсілкоўваючы жанчыну і не дазваляючы ёй старэць душой.
Працаваць, не падзяляючы работу на мужчынскую і жаночую, для Надзеі Апанасаўны было справай звычайнай. Яна адным махам закідвала мяшок бульбы на спіну і горда ішла наперад, не чакаючы дапамогі. Жанчына ніколі не баялася работы, наадварот, любіла яе, знаходзіла ў ёй супакаенне.

Урокі працавітасці
З ранніх гадоў Надзея была прывучана да працы. Яе бацькі мелі вялікі ўчастак зямлі, які трэба было паспець апрацаваць. Памятае Надзея Апанасаўна, як усёй сям’ёй сеялі грэчку і ячмень, з ранку да самых прыцемак збіралі ўраджай.
Ужо ў сем гадоў дзяўчынка ўмела працаваць не толькі ў полі, але і па гаспадарцы бацькам дапамагала. А апошняя была немаленькая: і коні, і каровы з цялятамі, і свінні. Быў ля дома і сад, таму і па догляду за ім клопатаў хапала, як і з тым, каб прадаць ураджай. Трэба было ехаць у Брэст, толькі дабірацца ў Брэст з Маларыты тады было няпроста, даводзілася да Пажэжына пешшу ісці.
Самы яркі момант з дзяцін­ства, які так і не сцер­лі з памяці гады, — будаў­ніцтва дома, у якім Надзея Апанасаўна жыве і сёння. Яна дапамагала бацьку, падавала інструменты. Прыем­на было прыкладаць сваю руку да будаўніцтва сямейнага ачага. Магчыма, гэтая першая “будоўля” і прадвызначыла будучыню Надзеі…

Шчасце, разбітае вайной…
Усе светлыя Мары пера­рвала вайна. Адзінаццаць гадоў тады было Надзеі, і яна ўжо многае разумела. …Зрабіўшы ўсю работу, Надзя з сяброўкамі звычайна спяшалася ў царкву. Вось і ў той дзень, каб скараціць шлях, дзяўчынкі пайшлі праз лясок. Не ведалі яны, што якраз тая сцежка, па якой звычайна ішлі, замініравана. Адна з дзяўчынак наступіла на міну. Выжыць пашчасціла толькі Надзеі, якую, як лічыць яна, выратаваў толькі цуд. Немцы знайшлі параненую дзяўчынку і, пашкадаваўшы яе, аднеслі ў шпіталь. Надзеі нельга было рухацца, але яна, не разумеючы да канца, што з ёю, усё хацела бегчы да сябровак, каб убачыць іх у апошні раз. Шмат гора і хваляванняў прынесла вайна, якую ніколі нельга забыць. Самае страшнае – яна забрала ў малой яшчэ Надзі яе матулю.

З будоўлі — у сушыльны цэх
1952 год… Надзею Апа­насаўну ён назаўжды звязаў з Маларыцкім гароднінасушыльным заводам, які тады пачалі будаваць. Як успамінае яна, будаўніцтва ішло хутка, калектыў быў дружны, працавіты. Чацвёра мужчын клалі цэглу, а дзяўчаты падавалі яе, падносілі раствор. Надзея была адной з тых дзяўчат. Працавала, не шкадуючы сябе, не звяртаючы ўвагу на стомленасць і дрэннае надвор’е. Голымі рукамі падкідала цэглу наверх, хлопцам. Цяжкія насілкі з растворам насіць даводзілася. Спачатку балелі рукі, а потым прывыкла. Усялякае, як расказвала Надзея Апанасаўна, было. Іншы раз ад стомленасці дзяўчаты падалі, але падымаліся і працягвалі працаваць. У такія моманты Надзея ўспамінала сваю першую “бацькаву” будоўлю і словы таты, які вучыў дачку ніколі не здавацца…
Працавітую дзяўчыну, якая з такой упартасцю і любоўю будавала завод, заўважыла кіраўніцтва прадпрыемства. Ёй прапанавалі адправіцца вучыцца на сушыльшчыцу, каб потым вярнуцца на гароднінасушыльны завод. Год вучобы праляцеў хутка, але Надзеі здавалася, што ён ніколі не закончыцца. Вельмі ўжо хацелася ёй працаваць. З першых дзён дзяўчына працавала не пакладаючы рук. За ёй замацаваны быў участак сушкі бульбы і цыбулі, якія потым вялікімі партыямі адпраўлялі па ўсім Савецкім Саюзе. Надзея проста жыла работай. Усе бралі сабе адну норму, а яна дзве і заўжды старалася перавыканаць іх. Для гэтага выходзіла працаваць у дадатковыя рабочыя змены. Час ад часу працавала яшчэ і расфасоўшчыцай.
Работу на сучасных заводах цяжка параўнаць з той, якая была раней. Нялёгка даводзілася, але працаваць абы-як Надзея не ўмела, яна ўсю сябе аддавала рабоце, а на адпачынак і асабістае жыццё часу амаль не заставалася…
У 1966 годзе Надзея Апа­насаўна была ўзнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Гэта давала стымул маладой жанчыне працаваць так, каб і далей ва ўсім быць першай. За ўпартую і сумленную працу Надзея Апанасаўна і ў будучым атрымала нямала ўзнагарод. Ёй было прысвоена званне “Ударнік камуністычнай працы”, уручаны медаль “За доблесную працу”. А імя яе занесена ў абласную Кнігу працоўнай славы.

Справы жыццёвыя
З будучым мужам На­дзею пазнаёміла яе сястра. Статны быў механізатар, прыгожы хлопец, але на 16 гадоў маладзейшы за яе. Але гэта не перашкодзіла каханню. Яны пажаніліся. Пайшлі дзеткі – спачатку дзяўчынка, а праз год – хлопчык. Крыху падраслі дзеці, зноў выйшла на работу і працавала з тым жа энтузіязмам.
— Я заўжды здзіўлялася, як мама можа столькі працаваць. Мы яе амаль не бачылі. Падымалася рана, спраўлялася па гаспадарцы, ішла на работу, калі вярталася, — мы ўжо амаль спалі, — расказвае дачка Надзеі Апанасаўны Святлана Дзяркач. – Недаатрымлівалі мы пяшчоты, ды і тата, напэўна, таксама. Толькі ведалі, што па-іншаму мама не можа, бо яна жыла працай. Нават на “бальнічны” яна не хадзіла, усе хваробы пераносіла на нагах.
За гадоў пяць да пенсіі здароўе Надзею Апанасаўну стала сур’ёзна падводзіць, давялося перайсці на больш лёгкую працу ў лабараторыю. Там яна і працавала, пакуль дазвалялі сілы.
Сёння Надзеі Апанасаўне ўжо 82, а яна зусім не змянілася. Усё гэтак жа жыве нястомным жаданнем працаваць.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: Надзея ЧАПУРКА.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


чиста вода

https://h-school.kiev.ua

Металлочерепица Словакия