Спыніся, імгненне, ты — цудоўнае!

…Адзінокае разгубленае птушаня на шэрай зямлі, ружовы захад сонца, які фарбуе ўсё ў залаціста-пунсовыя колеры, закаваная ў ледзяны панцыр галінка, сіні агеньчык-васілёк на фоне зялёнай травы, каляровая вясёлка, якая дугою разрэзала неба над горадам, вечны агонь, ля якога схіліліся ў хвіліне маўчання маладыя, — усё гэта імгненні. Імгненні жыцця, якія застылі на фотаздымках. Злавіць гэтыя імгненні, прызнаецца маларытчанін Раман Куц, для фатографа вялікая асалода.
З самага маленства Раман быў знаёмы з творчасцю відэааператара. Ад бацькі, які заўжды знаходзіўся ў творчым пошуку, сын пераняў многае, у першую чаргу ўменне знаходзіць сюжэт, заўважаць прыгожае, звяртаць увагу на дробязі. Раман авалодаў рознымі тонкасцямі відэамайстэрства. Але юнак адчуваў, што яго больш цікавіць крыху іншае адлюстраванне сучаснасці — фатаграфія. З адзнятага відэаматэрыялу ён выразаў асобныя здымкі, з якіх з задавальненнем рабіў слайд-шоу. З кожным днём Раман усё больш задумваўся над парадай бацькі набыць фотаапарат. А калі купіў яго, увогуле захапіўся фотасправай.
Вось ужо тры гады Раман, хоць па сваёй прафесіі ён праграміст, з’яўляецца заўзятым фатографам. Асноўнай рабоце яго захапленне ніколькі не пера­шкаджае і нават наадварот нядрэнна з ёю спалучаецца. Цяпер стварае Раман фоталетапіс банка, у якім працуе.
Фатаграфію можна смела назваць асобным відам мастацтва. Бо вока фатографа, як і мастака, бачыць у кожным моманце жыцця значна больш, чым звычайнае вока.
— Калі, узяўшы фота­апарат, выходжу на вуліцу, яшчэ не ведаю, якімі будуць фотаздымкі. Сюжэт іх прыходзіць спантанна, калі бачыш нешта цікавае. Прамень сонца прыгожа прабіваецца праз лісце бярозы, пушысты снег на яловай галінцы іскрыцца… Прыкмеціш гэтае прыгожае імгненне – амаль што жывы здымак атрымаецца, — эмацыянальна расказвае пра сваё захапленне Раман.
Не кожны фотаздымак, зроблены фотакамерай, задавальняе фатографа. Зрабіць яго больш выразным, аб’яднаць некалькі фотаздымкаў у адзін дапамагае камп’ютар.
— Я вельмі люблю працаваць з фатаграфіямі ў розных камп’ютарных праграмах. Гэта вельмі цікава, калі фота на тваіх вачах набывае новы выгляд, — дзеліцца фатограф.
Хоць Раман у фотамастацтве робіць пакуль яшчэ першыя крокі, але некаторы­мі сакрэтамі фотамайстэрства мог бы падзяліцца ён з бывалымі майстрамі фатаграфіі. Праўда, многаму, яшчэ трэба вучыцца, бо удасканаленню няма межаў, і самае галоўнае – гэта свой асабісты вопыт. А яшчэ патрэбны талент — унутранае адчуванне прыгожага.
— Нават калі ідзеш па вуліцы без фотаапарата, на свет вакол сябе глядзіш, быццам праз аб’ектыў, вока шукае прыгожыя малюнкі. Іншы раз шкадуеш, што няма з табой фотакамеры і ўпусціў такі цудоўны сюжэт, – прызнаецца Раман.
Як чалавек творчы, ён любіць не толькі спыняць час у фотаімгненнях, але і даваць фатаграфіям назвы, складаць цэлыя слоганы, збіраць фотакалекцыі. Раман з задавальненнем робіць фотасесіі сваёй каханай дзяўчыны, галоўны герой многіх яго фотаздымкаў – чацвераногі сябар – сабака, а з фотаздымкаў роднага горада, зробленых ім, можна было б даўно зрабіць цэлую выставу.
— Наш горад хоць невялікі, але вельмі прыгожы. Гэта толькі здаецца, што ў Маларыце ёсць мала цікавых месцаў. І ў парку, і ў цэнтры горада можна рабіць дзіўныя фотасесіі, прычым у розны час года на здымках будзе нешта сваё, непаўторнае, — заўважае Раман.
Той, хто хоць аднойчы спрабаваў фатаграфаваць, добра ведае, што вельмі многае ў гэтай справе залежыць ад фотакамеры. Раману ў гэтым плане пашанцавала, у свой час ён змог набыць фотакамеру “Soni”, якая дазваляе рабіць вельмі якасныя, прафесійныя фотаздымкі. Але сам Раман упэўнены, што далёка не ўсё залежыць ад фотаапарата. Нават самай простай “мыльніцай” можна зрабіць фотаздымак, які будзе дастойны трапіць у калекцыю шэдэўраў, важна толькі мець чуццё, якое дазваляе ўбачыць і ўлавіць тое, што не бачаць іншыя.
НА ЗДЫМКУ: Раман Куц.
Фота Святланы МАКСІМУК.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


здесь all-diplomer.com

Металлочерепица Яспис Германия

seotexts.com