У сваіх ролях я хачу быць рознай

У школьныя гады артыстычная, з прыгожым галаском, дзяўчынка Вольга з задавальненнем выступала на сцэне: спявала, удзельнічала ў маленькіх тэатральных пастаноўках. Але дзіцячыя гады праляцелі, а з імі засталіся ў мінулым і школьныя канцэрты. А вось непераадольная любоў да мастацтва перайшла за ёй і ў дарослае жыццё. Самастойная маладая жанчына, у якой была ўжо свая сям’я, Вольга Краско не магла раўнадушна глядзець, як выступалі на канцэртных пляцоўках у час гарадскіх свят самадзейныя артысты. Ёй хацелася таксама быць на сцэне. Міжволі яна адчувала, што менавіта там зможа цалкам рэалізаваць сябе.
Гавораць, нашы думкі і мары, калі яны сапраўды трывалыя і ідуць ад сэрца, могуць матэрыялізавацца. Выпадкова гэта было, ці сваю важную ролю адыграў лёс, але Вользе аднойчы прапанавалі пайсці працаваць мастацкім кіраўніком у Збуражскі сельскі Дом культуры. Яна, хоць і хвалявалася, але згадзілася. І не памылілася.
Менавіта Збуражскі СДК, дзе яшчэ на першым го­дзе работы ёй прапанавалі стаць дырэктарам, а таксама цеснае супрацоўніцтва з вельмі таленавітым чалавекам Таццянай Варанчук, сталі для яе сапраўднай школай творчасці. Стварыўшы дуэт “Паранармальная з’ява”, дзве творчыя асобы пачалі здзіўляць гледачоў сваімі гумарыстычнымі пастаноўкамі. Вельмі хутка сцэна сельскага Дома культуры для збуражскіх артыстаў стала цесная, з цікавымі нумарамі іх пачалі запрашаць на раённыя святы.
— Мне вельмі падабаецца быць на сцэне, — дзеліцца Вольга Краско. — На ёй я жыву жыццём персанажаў. Варта толькі апрануцца ў сцэнічны касцюм, і ты адразу набываеш характар свайго героя, забываеш пра свае праблемы, не думаеш ні аб чым, акрамя ролі, многае ў якой, між іншым, залежыць ад экспромту.
У тэатральных героях глядач звычайна любіць жыццёвую натуральнасць. Чым больш падобны персанаж на людзей з рэальнага жыцця, тым лепш ён успрымаецца. У сваіх гумарыстычных нумарах, з якімі шмат разоў даводзілася выступаць не толькі на раённай сцэне, але і ў вобласці (Вольга – удзельніца ІІІ заключнага этапа конкурсу “Зорка ўзышла над Беларуссю”, дыпламант абласнога фестывалю эстраднага мастацтва “Рытмы маладосці” і абласнога свята народнага гумару “Спораўскія жарты”), яна заўжды стараецца наладзіць кантакт з гледачом, у кожнай ролі пакідае месца для жывога, незапраграміраванага дыялогу.
— Гэта дазваляе, — лічыць Вольга, — ажывіць залу і дае неабмежаваныя магчымасці для творчасці.
Той, хто бываў на канцэртных праграмах з удзелам Вольгі Краско, памятае яе, як Алесю з абраду “Дажынкі”, Антаніну Пятроўну Шэпялявую са сцэнкі “Вазьміце мяне артысткай”, Сігізмунду Абрамаўну Пышнагрудых з пастаноўкі “Асцярожна, грып!”, клоўна Яшку з “Чароўных пераўтварэнняў”, гейшу з “Прывітання з краіны ўзыходзячага сонца”, Чырвоны Капялюш з праграмы “Па дарозе на Спорава”, іншаземку Саломінку з “Навагодняга віншавання з планеты Мегацэнтаўр”, Муху Цэцэ са святочнай сцэнкі “Як мухі розных краін адзначалі Міжнародны жаночы дзень”, Ружовую Мальвіну з “Навагодняга каламбуру”.
— У кожнай новай ролі мне хочацца быць новай, не падобнай на папярэдняга героя. Можа, менавіта таму, што ўсе нашы гумарыстычныя ролі пабудаваны на кантрасце, выступленне і падабаецца гледачу, — заўважае Вольга.
Не толькі размоўны жанр прываблівае Вольгу. Яна вельмі любіць спяваць, з задавальненнем выступае ў народным ансамблі “Рыцкі куфэрак”.
З першага верасня мінулага года Вольга Краско працуе настаўнікам тэатральнага аддзялення дзіцячай школы мастацтваў. Дваццаці хлопчыкам і дзяўчынкам перадае яна сакрэты артыстызму і атрымлівае ад сваёй работы, як прызнаецца, вялікае задавальненне. Працаваць з дзецьмі вельмі дапамагаюць навыкі, якія набыла ў педуніверсітэце, дзе навучалася па спецыяльнасці біёлаг. А вось для прафесійнага ўдасканалення летась, выдатна здаўшы творчыя экзамены, паступіла яна на завочнае аддзяленне ва ўніверсітэт культуры, дзе вучыцца цяпер на факультэце рэжысуры масавых праграм і відовішчаў.
У таленавітага і творчага чалавека заўжды шмат планаў. Нямала іх і ў Вольгі.
— Калі дазволіце, я не буду дзяліцца сваімі задумамі. Няхай гэта будзе сюрпрызам для гледачоў, — шчыра ўсміхаючыся, гаворыць Вольга.
Што ж, будзем чакаць гэтых сюрпрызаў, якія, без сумнення, будуць яшчэ больш цікавымі, чым папярэднія.
НА ЗДЫМКУ: Вольга КРАСКО.
Фота з сямейнага альбома.

Добавить комментарий


гонадотропин

read here

more information best-cooler.reviews
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!