На першай прыступцы да спартыўных перамог

Цікавасць да спорту ў Івана Лук’янчука праявілася некалькі гадоў назад. Вясковы хлопец разам з сябрам пачаў займацца бегам. Самастойныя трэніроўкі, вядома ж, эфект далі невялікі, але гэтага хапіла, каб на раённых спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы Івана заўважыў трэнер дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Сяргей Астапук.
Як дапамагчы хлопцу з Гвозніцы, дзе ў школе пакуль няма спартыўнай залы, развіць свой спартыўны патэнцыял? На гэтае пытанне адказ быў толькі адзін: запрасіць юнака наведваць трэніроўкі ў Маларыце. З такой прапановай і звярнуўся трэнер да Івана. Тое, што трэба будзе тры разы на тыдзень ехаць пасля школьных заняткаў у Маларыту, хлопца не спужала. Вось ужо год займаецца юны спартсмен у секцыі лёгкай атлетыкі.
— Спачатку мне хацелася трэніравацца ў бегу. Кросы я прабягаў добра, але ж выдатных вынікаў не было. Цяпер ужо разумею, як добра, што паслухаў свайго трэнера.
А трэнер Сяргей Астапук, які падняў на пераможную вышыню не адну спартыўную зорку, прапанаваў Івану паспрабаваць сябе ў спартыўнай хадзьбе. Менавіта ў гэтым відзе спорту, палічыў Сяргей Васільевіч, Івана чакае добрая перспектыва. І трэнер не памыліўся. За няпоўны год заняткаў Іван Лук’янчук ужо двойчы быў прызёрам вобласці, а ў красавіку прыме ўдзел у спаборніцтвах на Кубак рэспублікі – галоўным спаборніцтве лёгкаатлетаў.
Па распрацаванай праграме Іван трэніруецца кожны дзень, акрамя надзелі. Раней тры разы ў тыдзень, цяпер два прыязджае ён да трэнера. Заняткі ў новым спартыўным комплексе дазваляюць наведваць трэнажорную залу, басейн.
— Вядома, у вёсцы магчымасці для трэніроўкі мінімальныя. Затое заняткі ў спартыўнай школе мне вельмі падабаюцца. Я задаволены тым, што ўсе прагнозы майго трэнера пакуль збываюцца.
Іван Лук’янчук, які вучыцца пакуль у дзявятым класе, дакладна ўжо вызначыў для сябе сваю будучыню. Ён марыць звязаць сваё жыццё са спортам, а для гэтага спачатку плануе паступіць на факультэт фізвыхавання ў педуніверсітэт. Іван разумее, што для гэтага патрэбна шмат працаваць над сабою.
Упартасці, настойлівасці, мэтанакіраванасці юнака, які паступова, крок за крокам ідзе да ажыццяўлення сваёй мары, можна толькі пазайздросціць.
Спартсмен, які хоча дасягнуць перамог, лічыць ён, павінен мець вытрымку, умець сабрацца ў патрэбны момант і не здавацца, калі нешта не атрымліваецца. Узяўшы гэта за правіла, якім трэба карыстацца штодня, Іван не дае сабе паслаб­лення.
— У гэтага хлопца ёсць добры патэнцыял. Яшчэ ён знаходзіцца толькі на пачатку спартыўнага шляху, але зможа дасягнуць многага, — упэўнены трэнер.
Пакуль што лепшы вынік спартсмена – пераадоленне спартыўнай хадзьбой адлегласці ў 2 кіламетры за 8 хвілін 48 секунд. У Івана ўжо другі дарослы разрад. Шлях да спартыўнага майстэрства, разумее хлопец, нялёгкі і няхуткі. Але той, хто старанна ідзе да перамогі, верыць ён, абавязкова яе дабіваецца.
З Іванам Лук’янчуком мы сустрэліся якраз перад пачаткам раённых спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы, на якіх выступаў ён за сваю родную школу. Як прызёру абласных спаборніцтваў яму было даручана пад гукі гімна ўзняць флаг. Хочацца верыць, што тых момантаў, калі за свае спартыўныя перамогі Іван будзе атрымліваць узнагароды, у яго жыцці будзе нямала.
НА ЗДЫМКУ: Іван ЛУК’ЯНЧУК.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

На першай прыступцы да спартыўных перамог: 2 комментария

  • 04.04.2012 в 1:49 пп
    Permalink

    У маларытчыны слава спартыўнага раёна. Так што ёсць з каго прыклад браць маладым. Галоўнае, каб здароўе не павяло ды цікавасць не згасла. Поспехаў табе, Ваня!

  • 04.04.2012 в 1:54 пп
    Permalink

    прабіцца ў вялікі спорт складана. але ж вядома, што талентаў зярняты найлепш узыходзяць у правінцыі.

Добавить комментарий


www.pharmacy24.com.ua

https://iwashka.com.ua

国际代孕