“Дужэ гарно у вас!”

На Маларытчыне пабывала прадстаўнічая дэлегацыя Ратнаўскага раёна Украіны.
— Мэта прыезду нашых суседзяў, — кажа Пётр Губей, старшыня раённага Савета дэпутатаў, — азнаямленне з сацыяльна-эканамічным развіццём рэгіёна і вопытам работы сельвыканкамаў Маларыцкага раёна.
На свае вочы пабачыць, як і чым жыве сёння блізкае для ўкраінцаў замежжа, прыехала 34 чалавекі. Гэта – сакратары сельвыканкамаў і дзяржаўныя служачыя.
— Ідэя прыехаць і паглядзець, які ўзровень жыцця ў братняга славянскага народа, належыць мне, — гаворыць Віталій Хвесік, намеснік кіраўніка апарата райдзяржадміністрацыі Ратнаўскага раёна. – У Маларыце апошні раз быў восенню на раённых дажынках 2011 г. У душу запала тое, што пабачыў. Калегі не вельмі верылі таму, пра што расказваў. Каб пераканацца, што ў Беларусі ўсё робіцца для чалавека і ў імя чалавека, сёння мы і прыехалі да вас. Тым больш, што была дасягнута адпаведная дамоўленасць паміж адміністрацыяй Ратнаўскага раёна і Маларыцкім райвыканкамам.
Госці з Украіны спачатку завіталі ў спартыўны комплекс «Жамчужына». Ля ўваходу ратнаўчан з хлебам-соллю і песнямі сустракаў народны ансамбль народнай песні “Рыцкі куфэрак”. Міхаіл Улезла, дырэктар установы, правёў цікавую экскурсію. Далей украінская дэлегацыя пабывала ў дзіцячай Школе мастацтваў, дзе пра яе работу і дасягнутыя вынікі падрабязна расказала Ірына Пятрухіна, дырэктар. Затым ратнаўчане завіталі ў “Юбілейную”, дзе з умовамі пражывання ў сучаснай і камфартабельнай гасцініцы еўрапейскага ўзроўню пазнаёміў яе дырэктар Сяргей Папко. Пасля гэтага ўкраінскія госці наведалі Лукаўскі сельскі Савет для азнаямлення з аб’ектамі сацыяльнай сферы. У будынку мясцовага ДК адбылася сустрэча. Пра стан спраў і работу органаў мясцовага кіравання і самакіравання падрабязна расказала Ганна Анішчук, старшыня сельскага Савета. Ратнаўчан цікавілі многія надзённыя і актуальныя пытанні жыццядзейнасці. На ўсе іх падрабязныя адказы далі Ганна Міхайлаўна і Пётр Губей, старшыня раённага Савета дэпутатаў. Акрамя таго, удзельнікі сустрэчы азнаёміліся з работаю Лукаўскай бібліятэкі і СДК, наведалі школу і магазін.
Пасля заканчэння запланаваных мерапры­емстваў карэспандэнт газеты папрасіў гасцей з Украіны падзяліцца сваімі ўражаннямі ад знаходжання на Маларытчыне.
— У часы Савецкага Саюза ў Маларыцкім раёне даводзілася бываць часта, — кажа Віталій Хвесік, кіраўнік дэлегацыі, — бо я працаваў першым сакратаром райкама ВЛКСМ на Украіне. А пасля нас раздзяліла дзяржаўная мяжа. У Лукаве апошні раз быў, здаецца, гадоў з 20 назад. Зусім не пазнаць вёску. Быццам бы зусім іншы населены пункт. У Макранах, Лукаве, Маларыце ўсюды чыста, утульна, прыгожа. На кожным кроку адчуваецца клопат дзяржавы пра сваіх грамадзян. Радуе і тое, што ў райцэнтры і тых вёсках, праз якія мы праязджалі, узведзены новыя жылыя дамы, выдаюцца крэдыты на гэтыя мэты. Прыемна глянуць на палеткі СВК. Калгасы вы здолелі захаваць. А гэта вельмі добра. Вельмі ўразілі аб’екты сацыяльнай сферы. Станоўчыя эмоцыі засталіся ад іх наведвання. Мы па-добраму вам, беларусам, зайздросцім. Мне сказалі, што такога выдатнага ўніверсальнага спартыўнага цэнтра, як у Маларыце, няма на Брэстчыне, здаецца, толькі ў адным г.Іванава. А ў нас такога ні ў адным райцэнтры няма. Вельмі добра ў вас.
Галіна Прыймачук, сакратар Ратнаўскага пасялковага Савета:
— Не верыцца, што ўбачанае ёсць не ў Германіі ці Амерыцы, а за нейкіх 40 км ад Ратна. Вашы вёскі – гэта сапраўдныя невялічкія гарадкі з сучаснай інфраструктурай і адпаведна годным узроўнем жыцця. Вельмі спадабаліся добрыя дарогі, школа мастацтваў і яе ўнутраны выгляд. А з гасцініцы наогул не хацелася кудысьці яшчэ ісці. Здалося, што ў нейкую казку трапляеш, як толькі сюды заходзіш. Звярнула ўвагу на чысціню ў населеных пунктах. Генеральную ўборку так за дзень вёскі ці райцэнтра не зробіш. Значыць, іх санітарны ўзровень падтрымліваецца пастаянна.
Галіна Карнялюк, сакратар Забродаўскага сельсавета, стараста сакратароў:
— Для работы ўзяла вельмі многае. Ваш вопыт варты пераймання. Шкада, што наша дэлегацыя прыехала толькі на дзень. За такі час дасканала вывучыць усе пытанні, якія цікавяць, нельга. Аднак нам хапіла і таго, што ўбачылі і пачулі. Мае калегі пераканаліся, што ўсе аб’екты сацыяльнай сферы зроблены з любоўю да чалавека і для яго карысці. Створаны неабходныя ўмовы для адпачынку і працы, правядзення вольнага часу і здаровага ладу жыцця. У Лукаўскай школе мяне ўразіла колькасць спартыўнага інвентару. У нас, напэўна, калі з усіх школ раёна сабраць, то не будзе столькі мячоў, новых і ў выдатным стане (смяецца). Запомнілася і абсталяванне кабінетаў, асабліва – інфарматыкі, тэхнічнай і абслуговай працы.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: у час наведвання ратнаўчанамі аб’ектаў сацыяльнай сферы Маларытчыны.
Фота аўтара.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!