«ЗНАК ПАШАНЫ» — ВЫШЭЙШЫ БАЛ ЗА ЯКАСЦЬ

Узнагароды Сцяпана Клімавіча Раманюка ахвотна разглядваюць яго праўнукі. Прымяраюць іх… і ходзяць такія важныя. Яны яшчэ маленькія, не разумеюць пакуль, якой цяжкай працай дастаюцца гэтыя ордэны і медалі, і з якой сталі павінен быць адліты характар, каб твая работа назаўжды ўвайшла ў гісторыю. “Маё жыццё было нялёгкім, але цікавым”, – прызнаецца Сцяпан Клімавіч. Прычым асаблівы сэнс жыццё яго набыло менавіта дзякуючы справе, якой аддаў ён тры дзясяткі гадоў – меліярацыі. Ударнік працы, не хаваючы радасці, глядзіць у акно, калі праязджае па тых месцах, дзе некалі стаялі балоты. Там цяпер раскінуліся палі, якія штогод даюць ураджай. Сцяпан Клімавіч упэўнены: яго праца не была дарэмнай, і гэта для яго галоўная ўзнагарода.

Недзіцячыя клопаты
…У сям’і Сцёпа быў малодшым, аднак працаваць менш за іншых не мог. Гены працавітасці і карпатлівасці, якія перадаліся ад бацькі, Кліма Данілавіча, не давалі спакою. Даглядаў гаспадарку, пасвіў жывёлу. Калі бацьку забралі палякі на вайну, усім, на што быў здольны васьмігадовы хлопчык, дапамагаў ён матулі, Ксеніі Самсонаўне. Вярнуўся бацька праз чатыры месяцы, і жыццё ў сям’і Раманюкоў пайшло сваім парадкам. Вось толькі Сцёпа стаў не па-дзіцячы сур’ёзным, быццам бы адчуваў, што галоўныя выпрабаванні толькі пачынаюцца.
…Тады, у 1941-м, (Сцяпану было 10 гадоў) вёску Масевічы, дзе жыла іх сям’я, часта наведвалі немцы, у дамы заходзілі, каб прадуктамі разжыцца і партызанскія сляды адшукаць. Таму кожны дзень усе жылі – быццам апошні. Вясковым хлопцам даводзілася пасвіць кароў. Аднойчы партызаны прыйшлі на пашу і забралі амаль увесь статак, а маленькім пастухам давялося трымаць адказ перад немцамі, якія хацелі дакладна ведаць, дзе знаходзяцца партызаны. На дзіва, тады ўсё абышлося. Быў і яшчэ адзін выпадак, калі Сцяпана Клімавіча выратавала ад гневу фашыстаў толькі хітрасць, на якую ён пайшоў. Сцяпан ведаў, што немцы, пачуўшы слова “тыф”, кідаліся прэч са “злавеснага” дома. Гэтую хваробу хлопец і прыпісаў сабе, калі шукалі пастуха, які збег з пашы. Гэта была яго апошняя сустрэча з немцамі.

Выбар прадвызначыў лёс
У 1946-м Сцяпан пайшоў у школу. Юнак заўжды з радасцю спяшаўся на заняткі. Але правучыўся ён усяго чатыры гады і быў прызва­ны на тэрміновую службу. У арміі базавыя навыкі спатрэбіліся, Сцяпан Клімавіч стаў тэлефаністам батальёна. Пасля службы трэба было вырашаць: што рабіць далей? Сцяпана заўжды прыцягвала да сябе тэхніка. Вось і вырашыў ён запісацца ў Кіеве на курсы экскаватаршчыкаў. Па паскоранай праграме за тры месяцы авалодаў навыкамі прафесіі. А праз некаторы час вярнуўся на родную Маларытчыну. Тут і сустрэў ён жанчыну, якая стала адданай спадарожніцай на ўсё жыццё. Пажаніліся. Яму было 25, ёй 23. Няпроста было станавіцца на ногі, але каханне і праца (працаваў тады Сцяпан Клімавіч у карпінскім рыбгасе, потым у рыбгасе ў вёсцы Гусак) дапамагалі спраўляцца з цяжкасцямі.
У Маларыту ён вярнуўся на пачатку 60-х. У гэтыя гады якраз востра паўстала пытанне з недахопам урадлівых зямель. Забалочаныя тэрыторыі не дазвалялі пашыраць пасяўныя плошчы, ды і ўраджаі ў калгасах з году ў год усё зніжаліся. Неабходны былі карэнныя маштабныя меры па пераўтварэнню сельгасугоддзяў. На дапамогу прыйшла меліярацыя – стварэнне сеткі каналаў. Гісторыя яе напрамую звязана з біяграфіяй Сцяпана Раманюка.

У тры змены, без сну і адпачынку
Не ўсе ў той час разумелі, што такое меліярацыя. Паглядзець, як працуе экскаватар, хацелася многім. Праўда, мала хто ведаў, колькі трэба было сіл і ўмення, каб прывесці ў дзеянне вялікі механізм.
— Я заўжды ганарылася мужам, яго працавітасцю і смеласцю, бо знаходзіцца аднаму сярод балота – гэта няпроста. Рашучы ён заўжды быў. Каб не губляць час, мог бярвёны над канавай перакінуць і па іх ехаць, — успамінае жонка Сцяпана Клімавіча – Аляксандра Фёдараўна.
За стараннасць, руплівасць і поспехі ў меліярацыйнай справе ўжо ў 1965 годзе работнік ПМК-8 трэста “Брэстводбуд” Сцяпан Клімавіч Раманюк быў узнагароджаны ордэнам “Знак Пашаны”. Праўда, імя сціплага працаўніка, які ў той час так і не ўступіў у партыю, часта не ўспаміналі. А вось працу яго проста нельга было не заўважыць і не адзначыць. Да ўзнагарод Сцяпана Клімавіча ў хуткім часе дабавіліся бронзавы медаль “За поспехі ў народнай гаспадарцы СССР” і юбілейны медаль “За доблесную працу”.
Было так, што Сцяпану Клімавічу даводзілася працаваць цэлыя суткі, у тры змены, каб хутчэй закончыць пачатую работу. І як бы ні было складана, ён ніколі не скардзіўся на цяжкасці.
— Праўда, бывала часам страшнавата, бо здаралася так, што вочы закрываліся ад стомленасці па дарозе дамоў, — прызнаецца ветэран працы.
Але па-іншаму ён працаваць проста не ўмеў. Сцяпан Клімавіч заўжды быў перадавіком, нярэдка суседнія калгасы клікалі машыніста экскаватара на дапамогу. І ён ішоў, ніколі не адмаўляўся.
— Я не ведаю, ці ёсць на свеце яшчэ чалавек, які б настолькі любіў, адчуваў і разумеў тэхніку, як Сцяпан Клімавіч, — расказвае пра Сцяпана Раманюка былы начальнік Маларыцкай ПМК-8 Мікалай Васільевіч Ляшэвіч. – Ён быў адказным, працавітым і абавязковым работнікам, спагадлівым і непераборлівым чалавекам. Бывала, не атрымліваецца своечасова паліва падвезці да экскаватара, дык Сцяпан, каб дарэмна не прастойваць, браў каністры і 5 кіламетраў пешшу да экскаватара іх нёс. Без работы, можна сказаць, ён проста жыць не мог.
Перабіраючы фотаздымкі, Сцяпан Раманюк расказвае пра самае галоўнае сваё багацце – сям’ю. Сын, які пайшоў па яго слядах, двое ўнукаў, 5 праўнукаў не забываюць Сцяпана Клімавіча.
У яго не было шыкоўнага жыцця, але былі дастатак і любімая работа, не было багацця, але радаваў сямейны дабрабыт, не было славы, але былі і застаюцца любоў і павага родных і блізкіх, якія ганарацца сваім цудоўным бацькам, дзедам і прадзедам…
Дар’я Падалінская.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


http://steroid-pharm.com

http://steroid-pharm.com

https://proffitness.com.ua