Вясна. Час абнаўлення!

Традыцыйна красавік — месячнік па навядзенню парадку, добраўпарадкаванню і азеляненню тэрыторый. Колькі кветак, зялёных насаджэнняў з’явіцца гэтай вясной і на чые плечы лягуць работы па навядзенню парадку пасля зімы?
З гэтымі пытаннямі мы звярнуліся да спецыялістаў жыллёва-камунальнай службы.

Міхаіл Саўчук, намеснік дырэктара КУШВП ЖКГ “Маларыцкая ЖКГ”:
— Зразумела, гараджане прывыклі ўжо, што горад з вясны да зімы чысты, акуратны. Ён такім павінен быць заўсёды. Пасля зімы, калі сыходзіць снег, застаецца нямала смецця, пяску, бруду, якія трэба хутка прыбіраць. Для камунальнікаў гэта самы напружаны час. Работы пачаліся ўжо: галоўнае – ачысціць найперш вуліцы ад пяску, якога на асфальце назбіралася шмат. Летась у нас была добрая падмога – падмятальная машына. Сёлета з-за адсутнасці такой даводзіцца прыбіраць пясок уручную. Загадам дырэктара горад разбіты на 8 участкаў, за кожным з якіх замацаваны канкрэтны работнік. Прыбіраюцца і дваровыя тэрыторыі, якія будуць азеляняцца, дзіцячыя пляцоўкі будзем працягваць уладкоўваць. Многім жыхарам шматпавярховак хочацца, каб у іх двары быў асфальт. І гэтыя работы пры ўмове фінансавання таксама плануем працягваць. Хацелася б звярнуцца і да кіраўнікоў арганізацый, прадпрыемстваў, якія павінны прыбіраць тэрыторыі, што прылягаюць. Толькі разам мы можам зрабіць горад чыстым і прыгожым. А першае месца, якое Маларыта па выніках мінулага года заваявала ў абласным конкурсе па добраўпарадкаванню і санітарнаму стану населеных пунктаў, абавязвае нас трымаць марку. Таму зрабіць трэба нямала.

Ганна Самасюк, майстар участка добраўпарадкавання:
— Участак наш, бадай што, самы нялёгкі. Працуе 19 чалавек, 8 з якіх непасрэдна прыбіраюць вуліцы. Прыбіральшчыкі працуюць з 7 гадзін ранку з панядзелка па суботу. Галоўная задача іх у перыяд месячніка – ачысціць вуліцы ад пяску. Пасля зімы выяўлена многа ям – таму трэба будзе выканаць немалы аб’ём ямачнага рамонту дарожнага пакрыцця. Потым пярой­дзем да спілоўвання старых дрэў, ліквідацыі птушыных гнёздаў на іх, каб чалавек мог спакойна ісці па вуліцы і ні пра што лішняе не думаць. Будзем прыводзіць у парадак і газоны. Хацелася б, каб у працоўных калектывах таксама паклапаціліся і прывялі ў парадак свае тэрыторыі. У нас ёсць нямала добрых прыкладаў, дзе так і робяць. Скажам, у раённай бальніцы, раённым тэрытарыяльным Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання, СШ № 1, Доме быту. Мы чакаем, што і ля гарадскіх магазінаў, адміністрацыйнага будынку лясгаса, некаторых іншых прадпрыемстваў і арганізацый з’явяцца сёлета новыя прыгожыя клумбы ці малыя ландшафтна-архітэктурныя мастацкія формы, і іх тэрыторыі стануць больш прывабнымі. Гаворачы пра чысціню на нашых вуліцах, хацелася б звярнуць увагу вось на што. Не заўжды адны ўмеюць цаніць працу іншых, кідаюць паперкі на тратуар, ламаюць агароджы, робяць усякія надпісы і г.д. У нас жа на шматлюдных вуліцах дастаткова скрынак для смецця. Кідайце туды! Любіце вясну. Вясной хочацца і гармоніі, і прыгажосці, як ніколі. Таму што вясна… І гэтым усё сказана.
Вольга Ніканчук, майстар участка азелянення і лазневай гаспадаркі:
— Калі пачала працаваць на гэтай пасадзе 2 гады назад, у першую чаргу падумала, якім бы хацела бачыць горад вачыма самога жыхара альбо прыезджага. Азеляненне, кветкавае афармленне горада – гэта тое, што кожнаму з нас, а асабліва чалавеку прыезджаму, у першую чаргу кідаецца ў вочы. Прыгожа, калі кветкі ўжо вясной радуюць вока. Таму яшчэ летась мы высадзілі ў горадзе 1500 цюльпанаў, якія да майскіх свят зацвітуць ужо. З 15 сакавіка па 15 красавіка у цяпліцах сеем аксаміткі, сальвіі, петуніі, якія зоймуць месца на гарадскіх клумбах. Удалося нам захаваць, каб зэканоміць сродкі, і сваю расаду бегоніі, што радуе вока на гарадской плошчы. У горадзе, думаю, многія прыкмецілі ўжо, устаноўлены тры вертыкальныя кампазіцыі – ля універмага і будынку райвыканкама, дзе будуць высаджаны прыгожыя сартавыя кветкі. Акрамя таго, цяпер вядзем перамовы са спецыялістамі гадавальнікаў наконт закупкі шматгадовых кветак. 20 штук такіх сёлета плануем высадзіць на гарадской плошчы. У планах – абуладкаваць газон ля новага дома на рагу вуліц Савецкай і Несенюка, азеляніць тэрыторыю гарадской лазні, дзе зроблены цудоўны рамонт, сквер на рагу вуліц Лермантава і Школьнай. Хацелася б бачыць больш зялёных насаджэнняў на тэрыторыях прадпрыемстваў. У гэтым плане можна параіць кіраўнікам узяць прыклад з Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Зразумела, будуць абнаўляцца клумбы і ландшафтна-архітэктурныя формы, што дасталіся нам у спадчыну пасля правядзення перад абласнымі дажынкамі конкурсу, у якім прымалі ўдзел камунальнікі вобласці.
Спецыялісты жыллёва-камунальнай службы яшчэ раз прасілі напомніць: не варта думаць, што азеляненне і прывядзенне тэрыторыі ў парадак – гэта толькі іх работа. Яны разлічваюць на дапамогу працоўных калектываў арганізацый і прадпрыемстваў, актыўнасць усяго насельніцтва. І просяць не знішчаць, не выкопваць пасаджанае, не ламаць таго, што зроблена рукамі іншых. Яны гатовы дапамагчы інвентаром, пракансультаваць пры неабходнасці, падзяліцца грунтам, насеннем кветак, травы. І сумеснымі намаганнямі Маларыта, дзе толькі летась было праведзена 9 семінараў розных узроўняў, да майскіх свят, стане самай чыстай і зялёнай. Наш невялікі гарадок, які расцвітае “масавым тыражом” усмешак, трапіў у новае вымярэнне – вясновае, пакуль з каардынатамі красавіка. Дык няхай месячнік па добраўпарадкаванні пройдзе пад знакам любві і пашаны да месца нашага жыхарства і няхай горад сустрэне месяц свят – май – у абноўленым, пяшчотным абліччы.
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКУ: горад абнаўляецца.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Добавить комментарий


www.gefest-sv.kiev.ua

www.www.xn----7sbajornvhu8c.com.ua

www.avto-poliv.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!