У жыцці ўсё — “на пяць”!

Бабуля Алены Жлукта нарадзіла і выгадавала 11 дзяцей. За гэты мацярынскі подзвіг яна атрымала ордэн Маці. Сёння яна магла б ганарыцца сваёй унучкай, бо Алена таксама нядаўна была ўзнагароджана ордэнам, якім адзначаюць пяшчоту і клопат, любоў і адданасць дзецям. Лёс шчодра адарыў Алену “кветкамі жыцця”: у яе два сыночкі і тры прыгажуні-дочкі. І гэта не адзіная пяцёрка ў сям’і Жлукта. Згода і каханне пануюць у іх доме, а таму і экзамены жыцця яны заўжды здаюць на “выдатна”.
… Алена і Міхаіл жылі непадалёку, у адным горадзе, на адной вуліцы, у адным доме. Доўгі час ведалі адзін аднаго, потым пажаніліся. У Алены на той час было ўжо дзіця ад першага шлюбу – сын Дзмітрый, якога Міхаіл палюбіў усім сэрцам.
Алена ніколі не думала, што ў яе будзе такая вялікая сям’я. Ды і ўвогуле не магла ўявіць, што будзе жыць у вёсцы, трымаць вялікую гаспадарку. У бацькоў Алены было трое дзяцей. Гэтага, лічыла жанчына, дастаткова для сямейнага шчасця. Але жыццё распарадзілася інакш, і Алена гэтаму вельмі рада. Аднойчы Міхаіл і Алена прыехалі ў госці да сястры ў вёску Замшаны. Прайшліся па вёсцы, паглядзелі мясцовасць і, пачуўшы, што тут прадаецца дом, сур’ёзна задумаліся, а потым на сямейным савеце вырашылі – дом купляем! Так і пачалося будаўніцтва свайго сямейнага гнязда.
Узялі крэдыт на рэканструкцыю жылля, затым, як толькі сталі даваць сем’ям ільготныя крэдыты, змянілі крэдытную лінію. Усё, што было раней на ўчастку, за некалькі гадоў было заменена новымі пабудовамі. У гэтым, па словах Алены, заслуга мужа і свёкра. Будаўнічыя чараўнікі ўсё рабілі сваімі рукамі. Міхаіл працуе мулярам, таму будаўніцтва – “яго канёк”. Ужо дзевяць гадоў жыве сям’я ва ўтульным доме. З нараджэннем пятага дзіцяці — Ірыны, дзяржава пагасіла крэдыт. А сям’і засталося, як у казцы, жыць-пажываць, ды дабро нажываць.
Першая дачка Алены і Міхаіла — Соня — цяпер вучыцца ў чацвёртым класе. Таленавітая і актыўная, дзяўчынка радуе бацькоў не толькі добрымі адзнакамі. Яна займаецца ў танцавальным гуртку, выступае на канцэртах. Можа польку станцаваць, а можа — вальс. Для матулі Соня – першая памочніца. Яна з ранніх гадоў дапамагала ёй няньчыць малодшых дзяцей і на кухні з выпечкай спраўляецца, і па гаспадарцы ўсё ўмее рабіць.
За Соняй нарадзілася Святлана – дзяўчынка са светлым імем і душой. Цяпер яна вучыцца ў другім класе, а са школы спяшаецца дамоў, каб зрабіць урокі, а потым працаваць і адпачываць разам з усёй сям’ёй.
— У нас свой дзіцячы сад, — шчыра ўсміхаючыся, расказвае Алена. – З намі не засумуеш, у доме заўжды стаіць вясёлы шум і гам. Дзеці ў нас вельмі дружныя, яны заўжды разам і адзін без аднаго проста не могуць.
Сціпла ўсміхаючыся, да мамы спяшаецца Вова. Яму хутка споўніцца шэсць гадоў. У хлопчыка сур’ёзныя праблемы са здароўем і ён знаходзіцца на хатнім рэжыме. Алена настойліва і цярпліва рыхтуе Вову да школы. Яна для яго і настаўнік, і выхавальнік, і свой хатні доктар. Некалькі разоў у год Вова праходзіць трохтыднёвы курс лячэння, тады “за гаспадыню” застаецца дома тата. Ён і накорміць, і бялізну памые, і спаць дзяцей пакладзе. Алена ва ўсім можа паспадзявацца на Міхаіла.
Усяго чатыры гады самай малодшай у сям’і – Ірыне. Днём яна ў садку, а ўвечары, пакуль мама завіхаецца на кухні, з ёй займаюцца старэйшыя дзеці. Хутка Ірынка вырасце, і ў Алены з’явіцца яшчэ адна памочніца. А памочнік Міхаіла ў розных справах – сын Дзмітрый, які закончыў прафесійны ліцэй і цяпер працуе ў адной з гаспадарак раёна.
Алена прызнавалася, што ёй зусім не ў цяжар сямейныя клопаты, яна нават знаходзіць час дапамагаць сваім суседзям, якія звяртаюцца да яе па розных пытаннях, як да мамы з вопытам.
Дом сям’і Жлукта багаты дзецьмі, а падворак – рознай жывёлай. У іх гаспадарцы 16 свіней (10 в’етнамскай пароды і 6 — звычайных), ёсць куры, качкі, індыкі, каты і сабакі. А на ўчастку ў 15 сотак каля дома садзяць яны бульбу і розную гародніну. Дзеці з дзяцінства прывыкаюць да працы, ахвотна даглядаюць за хатняй жыўнасцю і на градках працуюць з задавальненнем.
— Сям’я ў нас вялікая і паесці мы любім, а цэны на мяса сёння, мякка кажучы, высокія, таму гадуем усё сваё, каб есці натуральнае, — растлумачвае Алена.
У Алены ёсць захапленне, якое вельмі падабаецца яе сям’і. Яна з задавальненнем займаецца выпечкай. Мяшка мукі ёй хапае ўсяго на месяц-два. Дочкі падтрымліваюць маміны ідэі і разам з ёй чаруюць на кухні. Час ад часу і Міхаіл не супраць прымерыць фартух. І, як прызнаецца Алена, вельмі смачна гатуе, што пацвердзілі і дзяўчынкі. Увогуле ў іх сям’і няма раздзялення абавязкаў. Яны прывыклі рабіць усё разам.
Справе час, а адпачынку – выхадныя. І іх вялікая і дружная сям’я праводзіць разам. Ходзяць у лес па грыбы, прычым усе – ад малога да вялікага – умеюць іх збіраць. На пікнік нярэдка выбіраюцца. Летам едуць адпачываць на Лукаўскае возера.
— Часта ўсёй сям’ёй сядаем у машыну і едзем у Брэст. Проста на прагулку ў парк ці па магазінах пахадзіць.
А нядаўна Міхаіл навучыў жонку лавіць рыбу на спінінг. Цяпер Алену не адарваць ад рыбалкі. Яна з нецярплівасцю чакае летні сезон, каб пабіць рэкорд мінулага лета, калі на сямейную вуду трапілі 54 шчупакі.
Шмат чаго трэба сумяшчаць у сабе клапатлівай матулі: быць поварам і ўрачом, настаўнікам і выхавальнікам, дызайнерам, псіхолагам і проста сяброўкай. Пяшчотнай і ласкавай, калі нешта не атрымалася і на вачах дзіцяці слёзы, строгай, але чуллівай, калі пасля гульні на вуліцы разбіты каленкі і пад вокам сіняк, стрыманай, калі ў дзённіку “не тая” адзнака… Быць мамай – гэта зусім не лёгкая прафесія. Пяціразовая маці Алена Жлукта аб гэтым ведае не па чутках.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!