Дагавор па рашэнні суда

Чыста там, як кажуць, дзе не смецяць ці своечасова наводзяць парадак. Каб дапамагчы людзям цывілізавана пазбаўляцца ад таго смецця, што абавязкова з’яўляецца ў працэсе жыццядзейнасці, аказваецца паслуга па вывазу смецця. Але неабходнасць карыстацца ёю, на жаль, разумеюць яшчэ не ўсе жыхары раёна. Пра тыя меры, якія даводзіцца прадпрымаць прадстаўнікам жыллёва-камунальнай гаспадаркі да такіх “упартых” гаспадароў, карэспандэнт райгазеты папрасіла расказаць юрыста КУШВП ЖКГ “Маларыцкая ЖКГ” Дзмітрыя Ялкоўскага.
— Дзмітрый Уладзімі­равіч, як вядома, дагавор на вываз смецця далёка не навіна. І усё ж, давайце напомнім жыхарам раёна, чаму неабходна яго заключаць?
— Згодна з арт. 18 Закона “Аб абароне правоў спажыўцоў”, спажывец абавязаны заключаць дагавор на аказанне асноўных жыллёва-камунальных паслуг. Паслуга па вывазу і абясшкоджванню цвёрдых бытавых адходаў, у адпаведнасці з пералікам асноўных жыллёва-камунальных паслуг, зацверджаным пастановай Савета Міністраў РБ ад 27 студзеня 2009 года, з’яўляецца адной з асноўных і прадастаўляецца ў абавязковым парадку.
— Значыць, адмовіцца ад заключэння дагавора на вываз смецця нельга?
— Пісьмова адмовіцца ад заключэння дагавора на аказанне пэўнай асноўнай жыллёва-камунальнай паслугі, згодна з Законам, можна толькі ў тым выпадку, калі ёсць тэхнічная магчымасць гэтую паслугу канкрэтнаму спажыўцу не аказваць. Уявіце, як можна на практыцы абмежаваць чалавека ад карыстання паслугай па вывазу смецця? Гэта ж не паслуга падачы вады, карыстанне якой можна прыпыніць. За кожным гаспадаром, каб прасачыць, калі і куды ён выносіць ці вывозіць смецце, наглядчыка не паставіш. У той жа час кожны разумее, што бытавое смецце – звычайная з’ява ў кожным доме. Праблема толькі ў тым, што людзі не навучыліся пакуль успрымаць вываз смецця як неабходную паслугу. Кожны разумее, што без святла, вады, газу абыходзіцца немагчыма. А вось тое, што без вывазу смецця чалавеку таксама не абысціся, разумеюць яшчэ далёка не ўсе.
— Так, на жаль, нам не ўсім яшчэ хапае культуры, нярэдка лічым, што можам смеціць і за намі павінен нехта прыбіраць. Але ж, калі чалавек не заключыў дагавор на вываз смецця і, усё ж, паціху сам вывозіць яго, ён можа панесці адміністрацыйную адказнасць?
— За парушэнне закана­даўства аб абыхо­джанні з адходамі, у адпаведнасці з арт. 15.63 Кодэкса РБ аб адміністрацыйных правапарушэннях, грамадзянін можа быць не толькі папярэджаны, але і аштрафаваны ў памеры ад 5 да 50 базавых велічынь.
— Гэта, безумоўна, значная сума, якую проста нельга параўнаць з той, што трэба плаціць штомесяц за вываз смецця.
— Так, за вываз смецця па дагавору з кожнага чалавека, які прапісаны ў жылым памяшканні, вылічваецца штомесяц 870 рублёў.
— Дагавор прадугледж­вае пэўныя абавязкі бакоў. Што гарантуе спажыўцам паслуг камунальнае прадпрыемства?
— Калі мы заключаем дагавор, значыць, гарантуем спажыўцам якасць аказання паслугі. У тых населеных пунктах, дзе заключана больш дагавораў, ёсць кантэйнеры для збору смецця. У вёсках, дзе дагаворы пакуль толькі адзінкавыя, смецце збірае смеццявоз, які прыязджае згодна з адпаведным графікам. Між іншым, у сельскай мясцовасці ўстаноўлена ўжо 107 кантэйнераў. За 2011 год колькасць іх павялічылася на 38. У вёсцы Замшаны, да прыкладу, іх было чатыры, а летась дабавілася яшчэ адзінаццаць, у вёсцы Ляхаўцы было восем, дабавілася яшчэ дванаццаць. Дарэчы, кошт аднаго кантэйнера для смецця – 1 мільён 400 тысяч рублёў. Адзін кантэйнер па норме разлічаны на 20 двароў. Безумоўна, каб набываць новыя кантэйнеры, трэба заключаць дагаворы на вываз смецця.
— Калі размова ідзе пра заключэнне дагавораў, многія спасылаюцца на тое, што смецце не вывозіцца своечасова.
— Афіцыйна такіх скаргаў нам не паступала. Калі недзе ўзнікаюць праблемы падобнага плана, хацелася б, каб вяскоўцы звярталіся да начальнікаў вытворчых участкаў, а жыхары горада – непасрэдна ў адміністрацыю КУШВП ЖКГ.
— Дагаворам прадугледжаны і абавязкі карыстальніка паслугай. Якія яны?
— Спажывец абавязаны збіраць і выносіць цвёрдыя адходы ў спецыялізаваныя месцы, раздзяляючы іх па відах. Своечасова, у сваіх жа інтарэсах, трэба паведамляць у камунальную службу аб тым, што нехта з членаў сям’і больш не пражывае ў доме. Тады плата за вываз смецця на гэтага чалавека налічвацца не будзе.
— У апошні час склалася практыка заключэння дагавораў у судовым парадку. З кім і як заключаюцца такія дагаворы?
— Калі пры сустрэчы з прадстаўніком КУШВП ЖКГ “Маларыцкая ЖКГ” чалавек пісьмова адмаўляецца ад заключэння дагавору, арганізацыя рыхтуе дакументы і звяртаецца з імі ў суд. Апошні выносіць рашэнне, якое дае права лічыць дагавор заключаным. Той чалавек, дагавор з якім заключаецца ў судовым парадку, павінен абавязкова заплаціць дзяржаўную пошліну ў памеры 3 базавыя велічыні, што з 1 красавіка складае ўжо суму 300 тысяч рублёў. А таму ёсць сэнс задумацца, ці варта губляць лішнія грошы.
— Колькі дагавораў было ўжо заключана з дапамогай суда?
— 22 дагаворы. Па адным з іх была накіравана касацыйная скарга ў судовую калегію па грамадзянскіх справах Брэсцкага абласнога суда. Па выніках разгляду касацыйнай скаргі рашэнне суда Маларыцкага раёна засталося без змянення, а касацыйная скарга — без задавальнення. Падрыхтавана яшчэ 120 іскавых заяў у суд. Хачу папярэдзіць, што сёлета будуць заключаны дагаворы з усімі, хто яшчэ пакуль іх не заключыў. Таму лепш не чакаць, пакуль справа дойдзе да суда, а самім звяртацца на вытворчыя ўчасткі камунальнага прадпрыемства ці непасрэдна ў адміністрацыю КУШВП ЖКГ “Маларыцкая ЖКГ”.
Гутарыла
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: юрыст КУШВП ЖКГ «Маларыцкая ЖКГ» Дзмітрый Ялкоўскі.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Добавить комментарий


читать далее

www.techno-centre.niko.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!