ДЫЯЛОГ УЛАДЫ І ПРЭСЫ

Старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар сустрэўся з прадстаўнікамі рэгіянальных СМІ
Перад пачаткам дыялогу кіраўнік вобласці расказаў журналістам пра сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёна ў першыя месяцы 2012 года.
У прыватнасці, ён адзначыў, што асноўнымі прыярытэтамі былі абраны наступныя: аднаўленне ўзроўню забяспечанасці насельніцтва, недапушчэнне звальнення работнікаў і закрыцця прадпрыемстваў, нарошчванне экспартных паставак, захаванне тэмпаў будаўніцтва жылля, стабільнасць у рабоце сельгаспрадпрыемстваў, бесперабойнае забеспячэнне насельніцтва прадуктамі харчавання.
Эканоміка, гаварыў Канстанцін Сумар, развівалася ў паступальным руху. Не спынена будаўніцтва жылля. За 2 месяцы 2012 г. у вобласці ўведзена ў эксплуатацыю 200 тысяч квадратных метраў яго, што больш, чым за такі перыяд летась. На 1 студзеня г.г. у вобласці сфарміраваны 171 жыллёва-будаўнічы кааператыў. Толькі сёлета будзе пабудавана больш за 70 дамоў ЖБК, астатнія будуць здадзены ў 2013 г. Адзначаны рост у вытворчасці прамысловай прадукцыі. У рамках дапушчальнага ўзроўню знахо­дзяцца запасы гатовай прадукцыі. Выраслі рэнтабельнасці продажу ў прамысловай і сельскагаспадарчай галінах. Зменшылася колькасць стратных прадпрыемстваў. Сярэднямесячная зарплата па вобласці склала 2 мільёны 600 тысяч рублёў. Сярод некалькіх удалых інвестыцыйных праектаў Канстанцін Сумар назваў прадпрыемства “КварцМелПрам”, створанае на базе Хаціслаўскага радовішча пяску і мелу. Гэты праект, падкрэсліў ён, рэалізуецца згодна з тымі тэрмінамі, якія запланаваны.
Зразумела, без праблем не бывае нідзе. Патрэбны час, каб вырашыць іх. Чалавек не павінен быць утрыманцам, дзяржава не можа даць яму ўсё амаль адначасова. Многія дзяржаўныя праграмы накіраваны на падтрымку нашых грамадзян. Журналісты, падкрэсліваў Канстанцін Андрэевіч, павінны больш канструктыўна расказваць у СМІ пра эканамічную і сацыяльную палітыку, пра меры, што прадпрымаюцца дзяржавай і накіраваны на паляпшэнне якасці жыцця. Тады не будзе стварацца ажыятажу вакол тых ці іншых пытанняў.
Тэмы, што ўзнімалі журналісты ў сваіх пытаннях, былі самыя разнапланавыя. Гэта і насычанасць рынку вобласці малочнай прадукцыяй, і далейшае развіццё праблемных прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці, і асабістыя адносіны кіраўніка ўлады да рэформы вышэйшай адукацыі, і насычанасць дзіцячымі садамі ў маладзёжных мікрараёнах, і будаўніцтва дарог, і замежная геаграфія экспарту будаўнічых паслуг. Даведаліся журналісты, што асноўныя віды тавараў – прадукты, якія вырабляюцца ў Брэсцкім рэгіёне, — пастаўляюцца ўжо і будуць пастаўляцца ў лацінаамерыканскія і паўднёваафрыканскія краіны, Японію, Кітай, Новую Зеландыю.
З задавальненнем падзяліўся Канстанцін Сумар уражаннямі ад паездкі ў Ізраіль:
— Вельмі цікавая, кантрасная краіна. Там можна многаму павучыцца, асабліва акуратнасці ў рабоце, чаго нам іншы раз не хапае. Узяць хаця б сельскую гаспадарку. У Ізраілі надоі малака ад каровы ў 10 – 13 тысяч кілаграмаў дасягнуты менавіта акуратнасцю даення і якасным кармленнем. Нам да гэтага трэба імкнуцца. А вось калі параўнаць нашу, беларускую навуку і іхнюю, то па многіх напрамках наш узровень вышэйшы.
Тое, што далейшае развіццё вобласці цікавіць журналістаў, было бачна па колькасці зададзеных пытанняў – Канстанцін Сумар адказаў на 3 дзесяткі іх. У канцы сустрэчы кіраўнік рэгіёна сказаў:
— Якімі б ні былі праблемнымі жыццёвыя пытанні, журналісты могуць дапамагаць іх вырашаць. Намаганні ўлады і прэсы павінны быць накіраваны толькі на стварэнне.
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКУ: у час прэс-канферэнцыі.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


http://velotime.com.ua

tmtravel.com.ua

www.np.com.ua