Дзве душы і адзіная воля

Мне падабаецца расказваць пра людзей, якія жывуць побач з намі, ходзяць па тых жа вуліцах, дыхаюць тым жа паветрам. Яны нічым не адрозніваюцца ад нас на першы погляд. Як і ўсе, вырашаюць, здаецца, звычайныя паўсядзённыя жыццёвыя пытанні, радуюцца і сумуюць, гадуюць дзяцей і клапоцяцца пра ўнукаў. Аднак пры знаёмстве з такімі людзьмі трошкі бліжэй, міжволі пачынаеш адчуваць, што на душы становіцца радасней, неяк цяплей нават ад адной сустрэчы з імі. Па-іншаму разумееш і ацэньваеш сваё ўласнае жыццё. Праблемы, што існуюць, здаюцца дробнымі, смешнымі, мізэрнымі.
***
У Дзмітрыя Старыкевіча — прыгожыя цёмныя вочы. Але, на жаль, сляпыя. Вось ужо амаль год ён нічога не бачыць.
— Я ніколі нават і падумаць не мог, што ў свае 79 гадоў больш ніколі свету Божага не пабачу, — кажа Дзмітрый Аляксеевіч. – Для чалавека, які ўсё жыццё працаваў, гэта – самае жахлівае. Хочацца ўзяць у рукі сякеру, малаток, цвік ды нешта змайстраваць. Ды як? На вуліцы ўжо вясна, цягне на дачу, якую сам добраўпарадкаваў. Сумую па зямлі, па рыдлёўцы. Не раз узнікала думка аб тым, што, напэўна, лепш, каб не было адной рукі. Вось ёсць жа пакуль сіла ў руках, жаданне нешта зрабіць, але няма магчымасці яе кудысьці прыкласці для карысці. Галоўнае – бачыць свет вакол сябе. Цяжка жыць чалавеку толькі інтуітыўна адчуваючы, што знаходзіцца побач, вакол. Дапамагаюць голас, пах, форма прадмета… Асабліва невыносна зімой, бо практычна абмежаваны 4 сценамі сваёй кватэры. У цёплы час можна і на лавачцы пасядзець ля дома, пагаварыць з суседзямі. Знаёмых пазнаю па голасе. Адно акно сёння ў свет для мяне – радыёпрыёмнік і тэлевізар. Слухаю навіны, люблю “глядзець” кінафільмы, толькі ранейшыя, савецкія. Сучасныя фільмы не нясуць такую станоўчую энергетыку. У іх сюжэтах сляпому цяжка зарыентавацца.
Своеасаблівым перакладчыкам з’яўляецца жонка Марыя Васілюк. Жанчына для Дзмітрыя Старыкевіча і стала жывымі вачыма. Навакольны свет цяпер пазнае праз яе.
Марыя Іванаўна і Дзмітрый Аляксеевіч разам ужо 33 гады. Гісторыя іх знаёмства самая звычайная і будзённая. І ў той жа час – асаблівая. “Што ж там у іх было такога?” – могуць спытаць некаторыя. Аказваецца, што было. Так, між іншым, лічаць самі мае героі.
…Марыя з бацькамі жыла ў Добрушы. 29 мая 1958 г. з днём нараджэння яе прыехаў павіншаваць Святаслаў. Хлопца яна ведала ўжо 3 месяцы. Пазнаёміліся на юрыдычных курсах у Мінску. Падарыўшы невялічкі сувенір, Святаслаў нечакана прапанаваў Марыі руку і сэрца. Яна адразу ж згадзілася. На наступны дзень маладыя афіцыйна аформілі свае адносіны. А 6 чэрвеня Марыя з мужам ужо ехалі ў Маларыту на месца яго работы. Жыць маладыя сталі ў в.Карпін, у бацькоў Святаслава.
Дзмітрый таксама, можна сказаць, у райцэнтры апынуўся па волі лёсу.
Ішоў час. А Марыя і Дзмітрый нічога адзін пра аднаго пакуль не ведалі. Іх жыццёвыя дарогі нідзе не перасякаліся. У кожнага была свая сям’я. Аднак хутка Марыя і Дзмітрый атрымалі кватэры ў новым доме, нават – у адным пад’ездзе. Праўда, паверхі былі розныя. Таму ўпершыню ўбачыліся, калі засяліліся на новае пастаяннае месца жыхарства. Сустракаліся кожны дзень. Бачыліся так, як кожны з нас са сваімі суседзямі. Віталіся, іншы раз цікавіліся справамі. Не больш таго. У кожнай сям’і ішло сваё жыццё. Але атрымалася так, што ў Марыі асабістае жыццё склалася няўдала. Жанчына хоць і была замужам, але за мужам надзейна ніколі і нідзе сябе адчуваць не магла. Усюды адна, усё сама. Таму хутка шлюб быў скасаваны. Пра новае замужжа ніколі не задумвалася.
У Дзмітрыя якраз у гэты час памерла жонка Надзея. З ёю шчасліва пражыў 25 гадоў, гадаваў двое сыноў. У Дзмітрыя і Надзеі было светлае і шчырае каханне. Яму, 45-гадоваму мужчыну, тады здавалася, што свет сышоўся клінам, жыццё не мае больш сэнсу без любімай жонкі.
— Адной, без мужа, таксама з 2 дзецьмі на руках, мне вельмі цяжка даводзілася, — гаворыць Марыя Іванаўна. – Пастаянна не хапала грошай, з даўгоў не выходзіла. А з сям’ёй Дзмітрыя я пасябравала адразу. Шчырыя, прыветлівыя, адкрытыя такія людзі. Часта дапамагалі адзін аднаму. У чужую сям’ю пры жыцці жонкі Дзмітрыя я ўлазіць не хацела і зусім не збіралася. Добра ж сама разумела, што значыць быць няшчаснай у сямейным жыцці. А тут суседзі падлілі масла ў агонь. Яны пры любой нагодзе казалі, што добра было б нам сысціся. Я доўга думала над гэтым. Узважыўшы ўсе за і супраць, быццам бы схілялася да таго, каб жыць разам. Але не хапала нейкай рашучасці, маленькага штуршка, нязначнага кроку наперад. Здавалася, што пабегла б у любы момант, толькі пакліч. Неяк Дзмітрый сам прыйшоў да мяне ў кватэру і прама з парога сказаў: “Выходзь за мяне замуж!” Я быццам бы толькі і чакала гэтага моманту, таму і зусім сказаным словам не здзівілася.
— І мне, і Марыі стала намнога лягчэй жыць разам, — кажа Дзмітрый Аляксеевіч. – У мяне 2 хлопцы, у яе таксама 2 хлопцы. Майму Аліку тады было 14 гадоў, Толік толькі прыйшоў з арміі, яе Ігару – 12 гадоў, а Толік – служыў у арміі. Маім дзецям не хапала маці, яе – бацькі. Дзеля іх мы з Марыяй і стварылі новую сям’ю. Яна вярнула мяне да жыцця, дала магчымасць паверыць у сябе. Пасля смерці жонкі да Марыі некаторы час я пільна прыглядаўся. Адважыўшыся на гэты крок, быў упэўнены, што яна заменіць маці маім дзецям і стане добраю жонкаю для мяне. Разам жа прасцей розныя нягоды і немачы перажываць.
Марыя і Дзмітрый сталі занава віць сямейнае гняздо. Ім, ужо людзям ва ўзросце, будаваць свае ўзаемаадносіны было лёгка. У кожнага быў немалы сямейны стаж. З мінулага для сваіх узаемаадносін узялі толькі самае лепшае і светлае. Імкнуліся адзін аднаго ніколі і ні ў чым не крыўдзіць, знайсці ключык да сэрцаў дзяцей сваёй палавінкі. А гэта задача не з самых простых. Марыя і Дзмітрый не хацелі быць звычайным айчымам і мачахай. Яны імкнуліся для чужых дзяцей стаць сапраўднымі, клапатлівымі бацькам і маці. Марыя Іванаўна і Дзмітрый Аляксеевіч здолелі такое зрабіць.
— Пільным з’яўляецца толькі сэрца. Самага галоўнага вачамі ж не ўбачыш, — упэўнены Дзмітрый Аляксеевіч. – Толькі сэрцам можна адчуць чалавека, які побач, даведацца пра яго ўсё. І вось цяпер, невідушчы, адчуваю цеплыню вялікага сэрца Марыі. Цяпер я як тое малое кацяня. Без жонкі — нікуды. Марыя – мае і рукі, і ногі, і вочы…
— Асноўнае ў сям’і – павага адзін да аднаго, — пераканана Марыя Іванаўна, — тактоўныя, далікатныя адносіны. Адзін аднаго кахаць неабходна і словам, і справай. Паміж мужам і жонкай не павінна быць нечага недаказанага, прыхаванага, утоенага. Толькі шчырасць і адкрытасць. Гэта і ёсць формула нашага кахання. Каханне павінна праяўляцца ва ўсім. Яно не можа быць ні вялікім, ні малым. Як каханне вымераць? Чым? Яно або ёсць, або зусім няма… А як склаліся б нашы лёсы, каб больш трох дзясяткаў гадоў таму не сышліся? Хто зможа даць на гэтае пытанне правільны і адназначны адказ. Дзякуй Богу, што ён нас звёў, злучыў у адну сям’ю. Цяпер у мяне з мужам, здаецца, ёсць усё, што неабходна для разумення паўнаты сямейнага шчасця. З дзецьмі выдатныя адносіны. Сувязь падтрымліваем з усімі пастаянна. Мы ніколі дзяцей не дзялілі на маіх-тваіх. Яны агульныя. Таму і клопат пра іх агульны.
— У мяне адна мара, — гаворыць Дзмітрый Старыкевіч, — хочацца хоць на адно імгненне ўбачыць ўсю сваю сям’ю і прыгажосць Божага свету. Як ён змяніўся за той час, што я яго не бачыў на свае вочы? Пра гэта мне і сняцца часта сны. Каляровыя.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Марыя Васілюк і Дзмітрый Старыкевіч: “Жыццё было нялёгкім, але на старасці гадоў адчуваем сябе шчаслівымі”.
Фота аўтара.

Добавить комментарий


surrogacycmc.com

у нас kapli.kiev.ua

steroid-pharm.com/turinabol-ultra.html
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!