З законам дружым

У рамках рэспубліканскай прафілактычнай акцыі “Дружым з законам” па ініцыятыве камісіі па справах непаўналетніх, інспекцыі па справах непаўналетніх, раённага камітэта ГА “БРСМ”, аддзела па справах моладзі і дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці ў раёне прайшло нямала цікавых мерапрыемстваў, якія захапілі моладзь і яшчэ раз напомнілі юнакам і дзяўчатам, як важна ведаць закон і заўжды сябраваць з ім. У час акцыі прайшоў таварыскі матч па футболу, у якім спаборнічалі паміж сабой каманды байцоў маладзёжнага атрада аховы правапарадку ДзПЛ СП і супрацоўнікаў Маларыцкага РАУС. Прававыя веды школьнікаў праверыла гульня “Што? Дзе? Калі?”. Удзел у ёй прынялі каманды школ горада, прафесійнага ліцэя і раённай гімназіі. На каверзныя пытанні вядучага гульні Леаніда Лук’янчука юныя інтэлектуалы хутка знаходзілі правільныя адказы: успаміналі свае правы і абавязкі, разгадвалі абрэвіятуры, растлумачвалі прыказкі і прымаўкі, сэнс якіх закранаў пытанні маралі. Перамогу ў інтэлектуальнай гульні заваявалі гімназісты. Менавіта камандзе раённай гімназіі быў уручаны ад інспекцыі па справах непаўналетніх галоўны прыз гульні – статуэтка “Разумная сава”.
Прававому выхаванню моладзі, прафілактыцы шкодных звычак і фарміраванню здаровага ладу жыцця прысвячаліся конкурс малюнкаў “Здорава жывем” і віктарына “Здароўе не купіш”. Удзел у іх прынялі хлопчыкі і дзяўчынкі з аздараўленчага лагера “Усмешка”, які дзейнічаў у час вясенніх канікулаў на базе раённай гімназіі. Пераможцамі конкурсу малюнкаў сталі Настасся Бурштын, Дар’я і Ганна Грузінскія і Дзіяна Лях. Усе яны атрымалі граматы і падарункі. Прызы ад РК ГА “БРСМ” былі ўручаны самым актыўным удзельнікам віктарыны.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: футбольныя каманды РАУС і ДзПЛ СП пасля таварыскага матча.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.