УЗРОСТ МУДРАСЦІ, АСЭНСАВАННЯ І ПРАФЕСІЙНАГА МАЙСТЭРСТВА

20 красавіка г.г. дзяржаўны прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці адзначыць 60-годдзе.
Каб быць прафесіяналам у той ці іншай прафесіі, трэба прайсці спецыяльную падрыхтоўку, авалодаць тэарэтычнымі ведамі і прафесійнымі навыкамі. У гэтым дапамагае выпускнікам школ Маларыцкі прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці, гісторыя якога пачынаецца з 1952 года. Тады яшчэ гэтая навучальная ўстанова была школай механізацыі, якая з 1 студзеня 1954 года ператворана ў вучылішча.
А з верасня 2008 года яно набыло статус ўстановы адукацыі “Маларыцкі дзяржаўны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці”.
За 60 гадоў са сцен навучальнай установы выйшла больш за 25 тысяч спецыялістаў для сельскай гаспадаркі.

Магчымасць азірнуцца назад
З 2003 года вялікі калектыў ліцэя ўзначальвае Станіслаў Яўгенавіч Ляшчук. Гэта чалавек, які нераўнадушны да ўсяго, што адбываецца побач. Ён лепш за іншых ведае і праблемы ліцэя, і яго дасягненні. І гатовы многае расказаць:
— У ліцэя чарговы юбілей. 60-годдзе навучальнай установы – гэта магчымасць азірнуцца назад, успомніць аб тым, што было зроблена, вызначыць свае планы на будучыню. За кожным з мінулых гадоў стаяць людзі – нашы ветэраны і тыя, хто сёння сваёй сумленнай працай прымнажае аўтарытэт ліцэя. Не магу не назваць прозвішчы арганізатара і першага дырэктара Сяргея Міхайлавіча Грэнкова, а таксама Георгія Паўлавіча Пухоўскага, Васіля Карпавіча Каляды, Сцяпана Васільевіча Герасімука – кіраўнікоў, якія падтрымлівалі і працягвалі лепшыя традыцыі навучальнай установы. Вялікі дзякуй усім ім за ўдасканаленне інтэлектуальнай і матэрыяльнай базы ліцэя.
Сёння ліцэй жыве цікавым і разнастайным жыццём. Прайсці ступеньку для жыццёвага самазацвярджэння і зрабіць крок у прафесію дапамагаюць навучэнцам сапраўдныя прафесіяналы – выкладчыкі і майстры. Сярод іх нельга не адзначыць выкладчыкаў прадметаў “Правілы дарожнага руху” і «Устройства і эксплуатацыя аўтамабіляў” Сяргея Фёдаравіча Кузьміча і Сяргея Канстанцінавіча Кавалевіча, выкладчыцу нямецкай мовы Надзею Мікалаеўну Смаль, майстра вытворчага навучання Ігара Сцяпанавіча Бурштына і маладога, вельмі перспектыўнага майстра вытворчага навучання Аляксандра Валер’евіча Чабатыра. Мэтанакіраваную работу па ўдасканаленні прафесіяналізму педагогаў, якасці выкладання прадметаў праводзіць метадыст Галіна Анатольеўна Стасюк.
Залог поспеху любой установы адукацыі – зладжаная дзейнасць намеснікаў дырэктара. 5 гадоў працуе на пасадзе намесніка дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Алена Аляксандраўна Талашка. Яна вельмі адукаваны спецыяліст, які карыстаецца аўтарытэтам у калег. Многае ў ліцэі залежыць і ад такіх спецыялістаў, як намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Ала Віктараўна Родзіна, намеснік дырэктара па адміністрацыйна-гаспадарчай часці Вячаслаў Васільевіч Хатынюк, галоўны бухгалтар Галіна Сцяпанаўна Дзя­дзюк, старшы майстар Васіль Аляксандравіч Шалашоў.
Мінаюць гады, дзесяці­годдзі… Прыемна асэнсоўваць, што наша праца і вопыт дапамаглі многім знайсці ў жыцці сваю сцяжынку, што нашы ўчарашнія вучні сталі сапраўднымі майстрамі сваёй справы.
Хацелася б павіншаваць увесь калектыў ліцэя, яго ветэранаў з 60-гадовым юбілеем установы і, карыстаючыся выпадкам, пажадаць усім далейшых поспехаў, здароўя і дабрабыту.
НА ЗДЫМКУ: дырэктар ДзПЛ СВ Станіслаў Ляшчук.

Знаходка для калектыву
Прафесійны ліцэй багаты на прафесіяналаў. У некалькіх радках хачу расказаць пра іх майстэрства і адданасць справе. І задаць кожнаму пытанне:”Што б вы хацелі пажадаць ліцэю ў яго юбілей?”
Іван Рыго­равіч Хроль працуе ў ліцэі майстрам вытворчага навучання больш за 30 гадоў. Галоўнае правіла, якім кіруецца ён у рабоце, – даваць навучэнцам як мага больш ведаў. У людзях цэніць дабрыню і павагу да іншых.
— Хачу пажадаць ліцэю працвітання, пакарэння новых вышынь, адкрыцця на базе ліцэя новых прафесій.
Міхаіл Мікалаевіч Трафімук – майстар вытворчага навучання. За 36 гадоў працы неаднойчы ўзнагародж­ваўся Грама­тамі раёна і вобласці. Асноўным плюсам у сваёй рабоце лічыць імкненне пастаянна ўдасканальваць сваё прафесійнае майстэрства, уменне зносіцца з вучнямі.
— Ліцэю хачу пажадаць выхаду на міжнародны ўзровень, добрага дружнага калектыву, больш таленавітых і старанных вучняў.
Іосіф Вік­таравіч Іванчук у сваёй рабоце прынцыпова патрабавальны. Заняткі майстра вытворчага навучання, які працуе ў ліцэі больш за 30 гадоў, з задавальненнем наведваюць навучэнцы, бо яны заўжды цікавыя. Іосіф Віктаравіч лічыць, што педагог – гэта пры­званне. Яго асноўная педагагічная запаведзь: стварыць такія ўмовы, каб вучню хацелася пераўзысці свайго настаўніка.
— Хачу пажадаць усім калегам здароўя, поспехаў, здзяйснення задуманага і ніколі не забываць, што менавіта ад педагогаў залежыць якасць падрыхтоўкі кваліфікаваных кадраў для сельскай гаспадаркі.
Сцяпан Фёдаравіч Сергіевіч працуе ў ліцэі без малога 40 гадоў. Ён выкладчык спецыяльных дысцыплін, захапляецца тэхнічнай творчасцю. Экспанаты, створаныя яго рукамі, унікальныя і не маюць аналагаў. Вучні, якія пад кіраўніцтвам выкладчыка займаюцца тэхнічнай творчасцю, неаднаразова перамагалі на абласным і рэспубліканскім узроўні. Сцяпан Фёдаравіч не любіць марна губляць час. Асноўнае правіла яго жыцця – працаваць штодня без паслаблення.
— Хачу пажадаць ліцэю далейшых поспехаў і вялікага набору навучэнцаў, а педагогам – вечнай маладосці і натхнення.
Міхаіл Аляксанд­равіч Пташыц працуе ў ліцэі з 1976 года. Выкладчык спецыяльных дысцыплін на сваіх уроках нярэдка выкарыс­тоўвае нетрадыцыйныя метады навучання, а таму яго ўрокі заўжды цікавыя. Яго праца неаднойчы адзначалася Граматамі абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. Асноўнае правіла жыцця Міхаіла Аляксандравіча – рабіць людзям дабро і не чакаць нічога ўзамен.
— Жадаю ліцэю далейшага ўмацавання матэрыяльнай базы, педагогам – мудрасці, цярплівасці і рэалізацыі ўсіх творчых планаў.
Алена Пятроўна Косік – выкладчык спецдыс­цыплін. У ліцэі працуе з 1980 года. Была намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце, ужо не першы год – член атэстацыйнай камісіі. Да Алены Пятроўны за парадай звяртаюцца не толькі маладыя спецыялісты, але і педагогі з вопытам. Яна вельмі адукаваны спецыяліст, адным словам, той чалавек, без якога цяжка ўявіць калектыў ліцэя.
— Калектыву ліцэя хачу пажадаць поспехаў, актыўнай жыццёвай пазіцыі і творчага натхнення.
Міка­лай Аляк­сеевіч Салей працуе ў ліцэі 29 гадоў. Ён — выкладчык фізічнай культуры. Адносіны педагога з вучнямі будуюцца на ўзаемнай павазе, разуменні, цярплівасці. Мікалая Аляксеевіча паважаюць калегі. Ён заўжды актыўны. Па яго ініцыятыве арганізавана група здароўя для работнікаў ліцэя.
— Пажаданне ліцэю – не спыняцца на дасягнутым, працягваць прымнажаць традыцыі, педагогам – прафесійных і творчых удач у нялёгкай, але патрэбнай справе, а яшчэ цярплівасці і аптымізму.
Віктар Андрэевіч Глушчык з 1979 года працуе ў ліцэі выкладчыкам фізічнай культуры. Ён душою хварэе за дасягненні валейбольных каманд, якія неаднаразова займалі прызавыя месцы ў вобласці і рэспубліцы. Індывідуальны падыход, выхаванне пачуцця калектывізму, выкарыстанне ў сваёй рабоце глыбокіх ведаў педагогікі і ўзроставай псіхалогіі — адметныя прафесійныя якасці Віктара Андрэевіча.
— Ліцэю 60 – гэта ўзрост мудрасці, асэнсавання сваёй значнасці, але і пэўная ступень, з якой можна пачаць планаваць нешта новае. Поспехаў у здзяйсненні гэтых планаў!
Вера Аляк­санд­раў­на Касцю­чык 33 гады выкладае ў ліцэі фізіку і астраномію. Прыйшла працаваць у ліцэй маладой дзяўчынай, і кожнаму з навучэнцаў аддавала часцінку свайго сэрца. Урокі Веры Аляксандраўны не падобныя адзін на другі, бо яна ўмее са звычайнага зрабіць незвычайнае. Добразычлівая, тактоўная, старанная, яна неаднойчы заахвочвалася падзякамі і граматамі за сваю працу.
— Хачу пажадаць ліцэю больш добрых імгненняў, педагогам цярплівасці і дастойнай аплаты сваёй працы, вучням – знайсці сваю дарогу ў жыцці і нікуды з яе не зварочваць.
Матэрыялы падрыхтавала метадыст ДзПЛ СВ Галіна Стасюк.

Добавить комментарий


farm-pump-ua.com/

www.medicaments-24.net

www.surrogacycmc.com/services/donor-programs
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!