“Больш за ўсё я бацькоўскаму краю адданы!”

У раённай бібліятэцы прайшоў «круглы стол», удзельнікамі якога сталі мясцовыя краязнаўцы. У пераважнай большасці гэта – настаўнікі гісторыі, а таксама – беларускай мовы і літаратуры, геаграфіі. Для іх пытанні пра мінулае роднага краю з’яўляюцца актуальнымі і надзённымі, бо культурным і адукаваным лічыцца той чалавек, які ведае гісторыю, звычаі і абрады, мову свайго народа.
Выхаванне сапраўднага грамадзяніна і патрыёта краіны немагчыма без ведання той мясцовасці, дзе чалавек пазнае навакольны свет. На жаль, на сённяшні дзень адзіным самым грунтоўным комплексным выданнем па гісторыі Маларытчыны з’яўляецца кніга “Памяць”, якая ўбачыла свет у 1998г. З таго часу з’явілася ў друку многа новых матэрыялаў пра наш рэгіён, рассакрэчаны некаторыя архіўныя дакументы. Тыя, хто сабраўся за «круглым сталом» у раённай бібліятэцы (Мікалай Баліцэвіч, Пётр Ківачук, Таццяна Мартынюк, Кацярына Алесік, Віталь Бенясюк, Ігар Цалуйка, Генадзь Ходар, Людміла Ярмашук, Аляксей Дземядзюк), вырашылі на грамадскіх пачатках агульнымі намаганнямі сістэматызаваць і выдаць асобнай брашурай (кнігай) усё ўжо сабранае. Тым больш, што прарэцэнзіраваць матэрыял па гісторыі Маларытчыны па папярэдняй дамоўленасці даў згоду Аляксандр Вабішчэвіч, доктар гістарычных навук, загадчык кафедры гісторыі славянскіх народаў гістарычнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна.
У раёне краязнаўцамі-энтузіястамі, сапраўды, многае робіцца. Аднак пра мясцовыя “адкрыцці”, якія імі зроблены, ведаюць толькі некаторыя. Данесці ўсю інфармацыю шырокай аўдыторыі вельмі праблематычна. Пакуль што ёй валодаюць у пераважнай большасці толькі зацікаўленыя настаўнікі гісторыі. Своеасаблівым краязнаўчым цэнтрам на Маларытчыне павінна стаць раённая бібліятэка, якая на сённяшні дзень найбольш плённа працуе ў гэтым накірунку. Аддзелам бібліятэчнага маркетынгу, які ўзначальвае Галіна Кучына, сабраны ўнікальны матэрыял па краязнаўству. Львіная доля з гэтага ўжо выдадзена ў выглядзе асобных брашур. Цікавы, добра ілюстраваны матэрыял ёсць па гісторыі прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў Маларытчыны, па фальклоры, мікратапаніміцы, народных святах, асаблівасцях гаворак пэўных вёсак, гісторыі населеных пунктаў…
Цікавыя вынікі пошукаў, напрацоўкі ёсць і ў тых, хто быў удзельнікам “круглага стала”. Напрыклад, у СШ №2 як факультатыўны курс выкладалася “Маларытазнаўства”, дзейнічае праграма “Землякі”, якія распрацаваны Віталем Бенесюком. На навуковай аснове вывучае мясцовы матэрыял Таццяна Мартынюк, настаўніца раённай гімназіі, і інш.
Мясцовыя краязнаўцы ў час “круглага стала” прадэманстравалі шчырую захопленасць багатым і слаўным мінулым роднага краю, якое абавязкова трэба ведаць і ганарыцца, жаданне данесці духоўнае багацце кожнаму, хто мае ў гэтым патрэбу.
Краязнаўчы рух на Маларытчыне шырыцца. Далучайцеся!
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: у час правядзення краязнаўчага «круглага стала» ў раённай бібліятэцы.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.