Запалілі іскрынку любові

Дабрачынная акцыя “Вялікдзень – дзецям” працягвалася амаль месяц. Яе арганізатарамі выступілі ўдзельнікі маладзёжнага руху пры Свята-Мікалаеўскай царкве г.Маларыты ў імя Мікалая Цудатворцы па благаславенні Іаана, епіскапа Брэсцкага і Кобрынскага. Многія маларытчане з радасцю прынялі ўдзел у акцыі. Былі сабраны прадметы гігіены, канцылярскія тавары, цацкі, кніжкі, прадукты харчавання… Падрыхтавана 60 пісьма-зваротаў, якія накіраваны індывідуальным прадпрымальнікам, кіраўнікам арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў. На вялікі жаль, толькі 5 чалавек з ліку індывідуальных прадпрымальнікаў праявілі міласэрнасць і адгукнуліся на акцыю.
-Мы падрыхтавалі 55 велікодных падарункаў, — гаворыць Вольга Андраюк, старшыня маладзёжнага руху. – 35 з іх атрымалі выхаванцы прафесійнага ліцэя (дзеці-сіроты, маламаёмныя), а астатнія ўрачыста ўручылі хлопчыкам і дзяўчынкам са шматдзетных сем’яў і тым, хто пакутуе ад розных хвароб.
-Вочы ўсіх дзяцей, якім мы зрабілі падарункі, свяціліся радасцю ад таго, што пра іх не забылі, пра іх памятаюць, — кажа Жанна Кібальнік, адна з арганізатараў правядзення акцыі. – Нам хацелася падарыць усім дзецям іскрынку любові, дабрыні, запаліць у іх спакутаваных сэрцах веру, надзею на будучае. Акрамя таго, нашы братчыкі шчыра віншавалі тых, каго наведвалі, са светлым днём Уваскрэсення Божага.
-Імёны некаторых ахвяравальнікаў мы ведаем, — заўважае айцец Віктар Паляціла. – Аднак ёсць і такія, хто прыносіў тыя ці іншыя рэчы і проста пакідаў іх у будынку Нядзельнай школы. Мы шчыра дзякуем усім, хто не застаўся абыякавым і прыняў удзел у дабрачыннай акцыі.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: у час правядзення мерапрыемства ў прафесійным ліцэі; Ганначка Лямачка разглядае велікодныя падарункі, якія атрымала яна з рук братчыкаў.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.