Па духоўную ежу — у дзіцячы кніжны храм

Пасля праведзенага рамонту ў раённай дзіцячай біб­ліятэцы адбылося шмат прыемных змяненняў, пра якія нельга не расказаць. Цяпер гэта самы лепшы падарунак для маленькіх чытачоў нашага горада. А абслуговаму перса­налу ўстановы, у сваю чаргу, вельмі прыемна, што цяпер чытачы спяшаюцца ў кніжны храм не толькі па духоўную ежу,  але і з вялікім жаданнем наведаць сучасны будынак з прывабным фасадам і ўтульнымі пакоямі, дзе можна знайсці эстэтычнае задавальненне.
З пачатку года амаль усе дзеці пачатковых класаў першай і другой гарадскіх школ разам з настаўнікамі актыўна наведваюць дзіцячую бібліятэку. Для першакласнікаў праведзены цікавыя экскурсіі, забаўляльныя конкурсы, літаратурныя віктарыны, знаёмства з перыёдыкай, героямі казак. А для выхаванцаў дзіцячага садка № 1 прыемным сюрпрызам стала выступленне тут лялечнага тэатра “Вясёлка”. Нядаўна лепшых маленькіх чытачоў узнагародзілі ў 5 намінацыях: “Самы часты госць бібліятэкі”, “Лепшы чытач дзіцячай бібліятэкі”, “Самы лепшы маленькі чытач”, “Прыхільнік перыёдыкі” і “Клас, дзе квітнее кніга”. Лепшымі чытачамі сталі Юля Шмідт, Максім Кіцель, Кацярына Базылевіч, Ангеліна Ярмашук, Ганна Крэнь, Алёна Дзямчук, Аня Аўдзяюк, Дзіма Чак. Вучні-гімназісты 7 “Б” класа выйшлі пераможцамі ў намінацыі “Клас,  дзе квітнее кніга”.
Шмат кніг і часопісаў атрымлівае дзіцячая бібліятэка ў дар ад верных і ўдзячных чытачоў. Асаблівую падзяку хочацца выказаць Ангеліне Івахненка за падораныя часопісы і кнігі.
Дзіцячы кніжны храм не спыняецца на дасягнутым і зноў аб’яўляе новы конкурс для таленавітых дзяцей. Клуб “Літаратурны салон” шукае вучняў горада і раёна, у якіх развіты творчыя здольнасці. Калі сярод вас ёсць тыя, хто складае вершы і спрабуе сябе ў празаічным жанры, то прыносьце, калі ласка, свае літаратурныя спробы ў дзіцячую бібліятэку, дзе іх ацэняць па заслугах. Лепшыя творы ўбачаць свет у зборніках, якія плануе выдаць наша бібліятэка.
Дзіяна ПАШКЕВІЧ, бібліятэкар дзіцячай бібліятэкі.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.