Мінскіх гандбалістаў уразіла Маларыта

Мужчынская гандбольная каманда “СКА-Мінск” некалькі дзён правяла ў Маларыце. Райгазета не магла пакінуць гэта без увагі, таму прапануем інтэрв’ю дырэктара клуба “СКА-Мінск” Паўла Уладзіміравіча Галкіна, якое ён даў нашаму карэспандэнту.
— Павел Уладзіміравіч, турнір праводзіцца ў Брэсце, а чаму вы для трэніровак абралі мена­віта Маларыту?
— Калі выбіралі, дзе трэніравацца, у нас ужо была пэўная інфармацыя, што ў Маларыце ёсць добры спартыўны комплекс, а таксама і гасцініца. Таму вырашылі ўсё ўбачыць сваімі вачыма.
— Падзяліцеся, калі ласка, уражаннямі ад нашага спартыўнага комлексу, ад горада і ад людзей?
— У вашым горадзе цудоўны спартыўны комплекс. Мне шмат дзе давялося быць, таму я ведаю, пра што гавару. Вы смела можаце ганарыцца сваім горадам. Ён мне таксама вельмі спадабаўся. Нагадвае маленькі казачны гарадок, у якім ідзе ціхае, павольнае жыццё. Але, ведаеце, ёсць моманты, калі асабіста мне, госцю вашага горада, станавілася крыўдна за яго жыхароў. На вуліцах горада амаль усюды ўсталяваны урны для смецця, але, на жаль, часта сустракаюцца людзі, якія гэтага нібы не заў­важаюць і кідаюць смецце дзе папала. За гэта, пры­знацца, вельмі крыўдна. Хочацца нагадаць людзям простую ісціну, што да родных мясцін, да роднай зямлі патрэбна ставіцца з любоўю. Я ганаруся, што ў Беларусі, у нашай краіне ёсць такія цудоўныя гарады, дзе можна адпачыць менавіта душой, і Маларыта такі гарадок. Што датычыцца людзей, то яны ў вас, напэўна, як і ва ўсіх маленькіх гарадах, вельмі прыветлівыя. Таксама ў вас цудоўная гасцініца, у якой камфортныя ўмовы для пражывання. Хочацца, вядома, сказаць асобна і пра спартыўны коплекс. Усё вельмі добра, асабліва цудоўная спартыўная зала. Але, на жаль, ёсць ляпы (мінусамі я іх назваць не магу), і гэта ляпы менавіта праекціроўшчыкаў, якія не вельмі добра зрабілі сваю справу. Напрыклад, чаму ў спартыўнай зале няма месцаў для гледачоў? Якія ж спаборніцтвы без гледачоў! Вось прыйшлі хлопчыкі, стаяць і глядзяць, як трэніруецца каманда, а калі б былі месцы, дзе пасядзець, то і ахвоты пасля займацца спортам, напэўна, у хлопчыкаў было б больш.
— Павел Уладзіміравіч, якую адзнаку па дзесяці­бальнай шкале Вы паставілі б спартыўнаму комплексу, спартыўнай базе?
— Толькі 11 балаў, таму што ўсё цудоўна, і гэта не можа не радаваць.
— Дык ці ёсць шанцы ў Маларыты, каб сустрэць каманду “СКА-Мінск” на зборы ў жніўні?
— Безумоўна, ёсць і не малыя, але ёсць адзін момант – Маларыта, на жаль, знаходзіцца далёка ад Мінска. Толькі гэта можа перашкодзіць нам у жніўні абраць Маларыту, а так — ўсё добра.
— Павел Уладзіміравіч, што б Вы хацелі пажадаць жыхарам нашага горада і раёна?
— У першую чаргу, хочацца пажадаць, каб яны больш развіваліся ў спартыўным плане, бо для гэтага ў вас ёсць усе магчымасці. Па-другое, каб людзі больш беражліва ставіліся да таго, што маюць, і яшчэ больш любілі свой горад. А яшчэ хачу пажадаць здароўя, бо гэта самае асноўнае багацце.
— Дзякуй за цікавую размову і поспехаў вашай камандзе!
— І вам дзякуй!
Гутарыла
Анастасія Максімук.
На здымку: дырэктар клуба “СКА-Мінск” Павел Галкін.
Фота Алега Крэмянеўскага.

Добавить комментарий


www.yarema.ua

https://www.farm-pump-ua.com

читать далее
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!