Пад музыку рука «малюе» свой узор

…На фоне блакітнага неба, раскінуўшы ў імклівым палёце над марскімі хвалямі свае белыя крылы, ляціць чайка, адчыніўшы дзверы, застылі ў чаканні святочнага цуду дзеці, зялёнаю галінкаю запрашае да сябе цяністы сад – усё гэта сюжэты карцін, якія “намалявала” на тканіне, з дапамогай іголкі і рознакаляровых нітак маларытчанка Вольга Жуліна. Настолькі акуратна зроблены яе работы, што калі пільна не прыглядацца, можна нават не заўважыць маленькія крыжыкі, з якіх сабраны малюнак.
— Вышываць мяне навучыла сяброўка Вікторыя Цяліпка. Майстрыха яна проста дзіўная. Неяк наведаўшыся да яе ў госці, пабачыла вышытую сурвэтку на стале. Пацікавілася: дзе яна такую прыгажосць купіла? Калі даведалася, што вышыла яе Вікторыя сваімі рукамі, вельмі здзівілася, — расказвала Вольга.
Да прапановы сяброўкі навучыць і яе вышываць спачатку маладая жанчына аднеслася насцярожана. Неяк не верылася ёй, што такім майстэрствам можна авалодаць усяго за некалькі ўрокаў. Але цікаўнасць усё ж перамагла першапачатковую нерашучасць. Першыя шыўкі, вядома ж, былі няўмелымі, неакуратнымі. Потым усё лепш і лепш… Вользе проста не цярпелася ўзяцца за вышыўку карціны. Узор для першай сваёй работы знайшла яна ў часопісе. Карціна называлася “Мора”. Цікаваму занятку аддавалася кожная вольная хвілінка. Было нават не да сну, так хацелася дадаць да малюнка яшчэ хоць некалькі крыжыкаў, каб на марскіх хвалях “намаляваць” карабель, “размаляваць” яго ў яркія фарбы. За месяц першая карціна Вольгі была гатова і набыла свой завершаны выгляд у акуратнай рамачцы. А потым, як гаворыцца, пайшло-паехала… І вось ужо з карцін майстрыхі разумнымі, нібы жывымі вачамі, паглядаў тыгр, радавала вока сямейка катоў, зачароўвала маляўнічая прырода. Паспявала яна вышываць і паштоўкі, якія, як маленькія сувеніры, дарыла сябрам, і сурвэткі. А цяпер працуе над складанай партрэтнай карцінай “Дзяўчына з кветкамі”.
— Каб вышываць такія карціны, напэўна, трэба быць крыху мастаком? – цікаўлюся ў Вольгі.
— Нешта падобнае ў вышыўцы і мастацтве ёсць, — з усмешкай заўважае мая субяседніца. — Мастак малюе фарбамі, а той, хто вышывае, ніткамі. Толькі вось у мастака гэта свабоднае адлюстраванне на палатне свайго ўяўлення, а ў майстра вышыўкі – уважлівае прытрымліванне схемы, бо любая памылка можа сапсаваць карціну, якую ўжо некалі намаляваў мастак. Адзінае, у чым вольны майстар вышыўкі – мяняць на свой густ колеры нітак. Асабіста мне падабаюцца яркія колеры.
З вялікай колькасці захапленняў кожны чалавек знаходзіць сваё, менавіта тое, да чаго прыцягвае яго нябачны магніт цікаўнасці. Вольга памятае, як некалі ў далёкім дзяцінстве назірала, калі вышывала гладдзю яе матуля. Маленькая яна была, рана было сур’ёзна вучыцца вышыўцы. А потым матулі не стала… Не было ўжо каму вучыць дзяўчынку. І ўсё ж захапленне знайшло яе. Толькі прыцягнуў да сябе менавіта крыжык, вышываць якім Вользе асабліва цікава.
— Мне вельмі падабаецца вышываць пад гукі музыкі. Неяк прыводзяцца ў парадак думкі, душа адпачывае, настрой паляпшаецца.
Тое, што нават вышываючы, Вольга не можа абыходзіцца без музыкі, зусім невыпадкова. Усё жыццё яе звязана з музычным мастацтвам.
Маленькую дзяўчынку Вольгу, якая пасля смерці маці разам з бацькам вярнулася з Мурманска, дзе раней жыла сям’я, у Маларыту, клапатлівая бабуля адвяла ў музычную школу. Спачатку займалася дзяўчынка на скрыпцы, але вельмі хутка зразумела, што гэты інструмент ёй не падыходзіць, і па прапанове настаўнікаў паспрабавала іграць на балалайцы. Ёй вельмі спадабалася. Вучылася Вольга старанна і за тры гады закончыла навучанне ў музычнай школе. Потым было 5 гадоў вучобы ў каледжы. Цяпер Вольга сама — настаўніца музыкі, вучыць дзяцей, якія наведваюць яе ўрокі, авалодваць уменнем ігры на яе любімым народным інструменце – балалайцы.
Творчая і пазітыўная, Вольга Жуліна іграе на фартэпіяна, гітары, акампаніруе ў дзіця­чым аркестры на ўдарніках, а яшчэ з задавальненнем спявае ў вакальным ансамблі “Con brio” дзіцячай школы мастацтваў. Усё, чым захапляецца яна, дае Вользе новую энергію, якая падсілкоўвае жыццё.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


renesans-centr.kiev.ua

Формы для выпечки купить

Этот важный сайт про направление Велосипеды Tern https://velotime.com.ua